Касцян УЛАДЗІМІР

Клічаўскі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Кожны раз, калі надыходзіць свята вялікай Перамогі, мне прыгадваюцца цяжкія франтавыя дарогі. У 1941 годзе гэта было адступленне нашых войск на ўсход. Я сам у саставе 143-й стралковай дывізіі дайшоў да Дону. Але ў снежні мы перайшлі ў наступленне. Праўда, кожны крок на захад даваўся з баямі.

Успамінаецца Курская «дуга». Гэта незабыўная бітва – суцэльны дым і гул танкаў, выбухі снарадаў. Затым было фарсіраванне Дняпра, зацяжныя баі на плацдарме на правым беразе ракі, якія вяліся на працягу трох тыдняў. Аднак мы ішлі ўперад. Наша дывізія выбівала ворага з гарадоў Канатоп, Корасцень, Ковель, збаўляла Радзіму ад фашысцкай нечысці. Выганялі акупантаў і трацілі дарагіх таварышаў на полі бою.

I вось мы фарсіравалі Буг, уступілі на тэрыторыю Польшчы. Зіму 1944 года сустрэлі на рацэ Вісла. Вызваліўшы Варшаву, рушылі ў напрамку да Берліна.

На ўсё жыццё запомнілася вясна 1945 года. Выйшла дывізія да р. Одэр. Перадавыя часці фарсіравалі яе і занялі плацдарм на другім беразе. Немцы вельмі супраціўляліся, няспынна вялі моцны агонь з усіх відаў зброі па нашых пазіцыях. Наша пантонная пераправа была разбіта, тэлефонная сувязь перарвалася. Я ў гэты час служыў у 165-м батальёне сувязі, ва ўзводзе рухомых сродкаў, які забяспечваў вайсковыя падраздзяленні сувяззю праз пасыльных. 1 вось камандзір батальёна выклікаў мяне і яшчэ аднаго сувязіста – Фёдара Няшумава, які быў родам з Маскоўскай вобласці, і загадаў даставіць на той бераг тэрміновы пакет камандзіру аднаго з падраздзяленняў, якія дзейнічалі на занятым плацдарме. Нам далі верхавых коней, і мы на іх уплыў пераправіліся праз раку і выканалі заданне.

Раніцай, калі яшчэ толькі бралася на золак, з нашага боку была праведзена моцная арт-падрыхтоўка. Потым на варожыя пазіцыі абрушыла ўдары авіяцыя, уперад пайшлі танкі, пяхота. Магутныя пражэктары асляпілі гітлераўцаў. Яны не вытрымалі націску і пачалі адступаць. Савецкія войскі прарвалі абарону і быў адкрыт шлях на Берлін. Далей мы ішлі на захад безупынна, а 8 мая выйшлі да Эльбы, дзе сустрэліся з амерыканскімі салдатамі. У паніцы немцы пакідалі на беразе зброю, тэхніку, кідаліся ў раку, а на тым баку амерыканскія байцы выцягвалі іх быццам крыс з вады.

Затым наша дывізія адыйшла назад, раскватаравалася ў нямецкай вёсцы. Раніцай 9 мая было аб’яўлена аб нашай Перамозе.

Радзіма высока ацаніла мужнасць нашых салдат, узнагародзіўшы іх ордэнамі і медалямі. Асабіста я маю 12 баявых узнагарод. Сярод іх ордэн Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш.

Касцян, У. Не забыць дарогі франтавыя : [успаміны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны] / Уладзімір Касцян // Сцяг Саветаў. – 1989. – 9 мая. – С. 2.