Каспяровіч Віктар Казіміравіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

У народзе кажуць, што чалавек недарма пражыў жыццё тады, калі вырасціў, выхаваў сына, пабудаваў дом і пасадзіў дрэва. Віктар Казіміравіч Каспяровіч сына не мае, затое з жонкай выгадаваў дзвюх дачок. Што ж тычыцца хаты і дрэў, то тут усё ў парадку: ладны па ўсіх мерках драўляны дом уласнымі сіламі быў пабудаваны ў Асіповічах у 1934 годзе, а побліз з’явілася не адно пладовае дрэва...

Сустрэў мяне гаспадар каля веснічак. Моцна паціснуў руку, запрасіў у хату. У пакоях чысціня, усе рэчы на сваіх месцах, нічога лішняга. Нягледзячы на сталы ўзрост, гэты чалавек без занятку практычна не бывае. Хаця гаспадарку ўжо не трымае: цяжка, пачынае здаваць здароўе, падводзіць зрок, ногі баляць ...

Нарадзіўся Віктар у Асіповічах у 1906 годзе. Сям’ю малой не назавеш – сямёра дзяцей. Бацькі сваёй хаты не мелі, жытло здымалі і жылі сціпла, калі не казаць, што ўвогуле бедна. Але – дружна, дзеці стараліся дапамагаць і бацькам, і адзін аднаму, чужых коней, кароў пасвілі, падзараблялі на падвор’ях, каб хаця што ў хату прыносіць таксама.

Дваццаты год прынёс бяду: раптоўна адзін за адным памерлі бацькі, так што ўвесь клопат аб малых лёг на плечы старэйшых дзяцей. Уставалі рана, клаліся спаць позна, аднак не галадалі. Віктар скончыў 6 класаў, быў хпопцам граматным, кемлівым. Прыйшоў час – адслужыў два гады ў радах Чырвонай Арміі. Служыў у чыгуначным палку побліз Гомеля, тут скончыў палкавую школу, стаў памочнікам камандзіра ўзвода. А калі пасля вяртання з арміі пару тыдняў адпачыў, то па парадзе знаёмага пайшоў у Асіповіцкае лакаматыўнае дэпо – трэба ж было ўздымаць на ногі братоў ды сясцёр. Рамантаваў вагоны, паравозы, праз пару месяцаў пачаў вучыцца на слесара і хутка рабіў ужо самастойна. Яго па-ранейшаму цягнула да паравозаў і кіраўніцтва пайшло насустрач – стаў качагарам. I ўжо літаральна на другі дзень накіраваўся ў першую паездку – у Мінск. Цяжка было, не адну тону вугалю за паездку перакідваць прыходзілася, але – трымаўся, рабіў так, як і належыць.

Начальства ўбачыла стараннасць маладога хлопца і накіравала яго вучыцца на памочніка машыніста паравоза. У 1931 годзе Віктар Каспяровіч ужо ў новай пасадзе едзе на «шчупаку» – паравоз серыі «Щ» – у Жлобін. Праца яму падабалася, прыносіла задавальненне. Паступова набіраўся вопыту, ведаў, з’явіліся заахвочванні ў працоўнай кніжцы, і гэта толькі натхняла хлопца. Мінула яшчэ два гады, і яго зноў накіроўваюць на вучобу ў Гомельскую дартэхшколу, на машыніста паравоза. I праз паўгода ён ужо сам водзіць грузавыя цягнікі на Магілёў, Мінск, Слуцк і г. д., да яго з павагай ставяцца і калегі – машыністы і кіраўніцтва дэпо.

Браты, сёстры паступова падрасталі, так што жыць станавілася лягчэй. Будавалі планы на будучае, але – вайна... 23 чэрвеня нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад і станцыю. Баявое хрышчэнне атрымаў і Каспяровіч. Яго накіравалі ў Магілёў і па дарозе эшалон быў абстраляны з паветра – пашкодзілі паравозны тэндэр. Тады разам з памочнікам яны ўсё самі выправілі, даставілі груз да месца прызначэння і без здарэнняў вярнуліся назад. Адпачыць амаль не давялося: трэба было весці эшалон з эвакуіраванымі людзьмі ў абласны цэнтр. Па дарозе зноў трапілі пад бамбёжку, але ўсё скончылася добра. Потым пайшлі паездкі ў Крычаў, Рослаўль, Унечу, Бахмач – і нямецкія самалёты пастаянна абстрэльвалі цягнік: у першыя дні вайны акупанты адчувалі сябе гаспадарамі ў паветры і рабілі ўсё, што толькі хацелі.

– Да бамбёжак хутка мы ўжо прызвычаліся, калі да такога наогул можна прывыкнуць, – задуменна гаворыць ветэран і маўкліва глядзіць у акно, успамінаючы тыя дні...

У складзе чацвёртай калоны паравозаў сфарміраванага асобнага рэзерва калон ён быў накіраваны пад Маскву, дзе тады вырашаўся лёс Радзімы. 3 Чырвонай Арміяй ваенны чыгуначнік прайшоў разам доўгі і надзвычай цяжкі шлях па вайсковых дарогах, на яго долю выпала нямала суровых выпрабаванняў. I цяжкасці, якія прыйшлося перажыць у прыфрантавых умовах Віктару Каспяровічу, не прайшлі дарма: ён стаў больш моцны як фізічна так і маральна.

– Ці было страшна? – перапытвае ветэран. – Дык любому ж чалавеку хочацца жыць, а не паміраць. Але загады трэба было выконваць абавязкова, так што страх заганялі што надалей і, сціснуўшы зубы, у любых умовах вадзілі цягнікі. Хаця былі выпадкі, што і ў 30-градусны мароз здрадніцкія ручайкі поту беглі між лапаткамі ды засцілалі вочы. Уявіце: вядзёце эшалон з баявой тэхнікай, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі, а тут наляцяць фашысцкія самалёты і пачынаюць бамбіць, ганяцца за саставам. Любая паездка да лініі фронта і назад магла стаць апошняй, мы гэта добра разумелі, але рабілі ўсё належнае, каб загад быў выкананы.

Памятае ён і выпадак, калі на адной са станцый стаяла некалькі эшалонаў і пачалася бамбёжка. Адзін з саставаў загарэўся, пачалі рвацца боепрыпасы, паўсюдна свісталі асколкі, чуліся крыкі і стогны раненых – было сапраўднае пекла. Яму ўдалося тады вывесці свой эшалон з палаючай станцыі, ён выратаваў баявую тэхніку і жыцці многіх людзей – і на грудзях з’явілася першая ўзнагарода, медаль «За баявыя заслугі».

– Я лічыў што ўзнагарода была дадзена мне ўсё ж авансам, – гаворыць Віктар Казіміравіч. – Абавязвала яна да многага, так што працаваць стараўся яшчэ лепей, усё рабіў, каб толькі хутчэй расправіцца з лютым ворагам.

Атрымаў ён медаль і «За абарону Масквы», але немцы рваліся да Сталінграда, і калона была адпраўлена туды, дзе ветэран разам з таварышамі зноў днём і ноччу рабіў сваю справу. Перамога пад Сталінградам, новая ўрадавая ўзнагарода і – перакідванне на Арлоўска-Курскую дугу, з агня, як гаворыцца, ды ў полымя ...

Паравозная калона, натуральна, ішла наперад разам з нашымі войскамі і ўрэшце вораг капітуліраваў. Перамога! Аднак з радаснай весткай і чарговым медалём для Віктара Казіміравіча вайна яшчэ не скончылася: чыгуначнікаў перакінулі на ўсход і яшчэ 11 месяцаў ветэран працаваў у Кітаі, вывозіўшы і палонных японцаў, і абсталяванне паравозабудаўнічага завода, і многія іншыя грузы. За што атрымаў медаль «За перамогу над Японіяй».

Нарэшце калона была расфарміравана, і Каспяровіч вярнуўся ў роднае лакаматыўнае дэпо Асіповічы. Працаваў машыністам паравоза, вадзіў грузавыя саставы, стаў машыністам другога класа. За штомесячнае перавыкананне заданняў на яго грудзях з’явілася і мірная ўзнагарода – медаль «За працоўную адзнаку». Рабіў і надалей з поўнай аддачай, быў іменна прыкладам для многіх. Практычна штогод ён павялічваў колькасць вагонаў і перавозіў дадаткова тысячы тон грузаў звыш плана. У выніку – напачатку ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а праз пэўны час неаднаразовы пераможца сацспаборніцтва атрымоўвае і вышэйшую ўзнагароду Радзімы – ордэн Леніна.

За 32 гады, аддадзеныя чыгунцы, ветэран наездзіў сотні тысяч кіламетраў і перавёз шмат тысяч тон самых розных грузаў даўшы многім маладым машыністам сапраўдныя пуцёўкі ў жыццё – не адзін з іх і сёння па праву лічыць іменна яго сваім галоўным настаўнікам. Дарэчы, пасля вучобы і здачы іспытаў ён вадзіў ужо і пасажырскія цягнікі, і людзі не раз дзякавалі машыністу за бездакорную працу, за дакладнасць у руху. Сёння ў дэпо працуе багата новых людзей, але чалавека гэтага тут ведаюць добра, ён даволі часта з’яўляецца ў родным калектыве і не адчувае сябе нейкім чужым, нязваным госцем. Ды і моладзь па-ранейшаму з увагай прыслухоўваецца да кожнага слова Каспяровіча.

Алейнікаў, Г. У запас майстэрства не сыходзіць / Георгій Алейнікаў // Запаветы Леніна. – 2001. – № 35. – 8 мая.