Карнееў Васіль Калістратавіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Пад шум начы

Яблыкі ў кошыку былі такія прывабныя, нібы толькі што знятыя з яблыні, хаця на двары панавала пераднавагодняя пара. Спакуслівымі выглядалі чырвона-паласатыя штрыфелі, жоўтыя антонаўкі і невялікія, круглыя зялёна-васковыя яблычкі невядомага мне гатунку, падобныя на камянічкі. Непаўторны, духмяны водар іх імгненна расплыўся па хаце, а самі яны ў цёплым пакоі запацелі, быццам выпала на іх вячэрняя раса.

– Частуйцеся, частуйцеся, – настойліва, але шчыра запрашаў гаспадар Васіль Калістратавіч Карнееў.

– Вось гэта пакаштуйце, – ён працягнуў мне зялёна-васковае яблыка – крамянае, якое шкода было нават пачынаць. – Сам прышчапляў, кожны год родзяць, а ляжаць амаль да новых. I табе ні чарвяточынкі. У мяне і другія яблыні неблагія. Ігрушы таксама ёсць, слівы.

Васіль Калістратавіч – жыхар вёскі Знаменка, хаця сам родам з Вязаўніцы. Памяняць месца жыхарства прымусілі яго нялёгкія пасляваенныя абставіны. I хату сам збудаваў, паставіў яе вокнамі на ўсход на невысокім пагорку, у падножжы якога бяжыць плыценькі ручэй. I сад насадзіў, а ўздоўж плоту размясціў слівы. Паціху, памалу разгаварыліся.

Васіль Калістратавіч з таго пакалення людзей, якім поўнай мерай адмерала вайна. Дваццацігадовым пайшоў партызаніць, змагаўся з нязваным ворагам у радах народных мсціўцаў партызанскага атрада № 213 «За Савецкую Беларусь», якім камандаваў Ф.К. Шычко (Падлесны).

Удзельнічаў у многіх баявых аперацыях атрада. Помняцца яму студзеньскія баі з фашыстамі, у 1944 годзе, калі вораг намерыўся пранікнуць у зону дыслакацыі партызан. Не выкрасліць з памяці і суровыя баі ў чэрвені гэтага ж года, калі партызаны сумесна з разведчыкамі 601-га палка 82-й стралковай дывізіі трымалі абарону каля вёскі Каменічы.

– Наш атрад стаяў паміж Градзянкай і Трохгранным дубам, – успамінае Васіль Калістратавіч. – А з Чырвонай Арміяй злучыліся тут, у Асіповічах, каля сёмай пляцоўкі. Адсюль адразу на фронт. Пайшлі нават са сваёй зброяй.

Той, хто хоць аднойчы пісаў пра франтавікоў, добра ведае, як нялёгка разварушыць іх памяць, вяртаць у ваенныя гады, выпытваць падрабязнасці, прасіць расказаць пра сваіх сяброў. Часам гутарыш з такім чалавекам, а сам міжволі думаеш: вось быў салдат на вайне, а не на пагулянцы, не раз пазіраў смерці ў вочы, страх адольваў, а ў яго ставала сіл сціснуць свае нервы ў кулак і падымацца ў атаку насустрач свінцоваму агню і невядомаму будучаму. Цяпер жа, калі ўсё страшэннае ззаду, нервы пачалі здаваць, і не хапае сіл, каб стрымаць сваё хваляванне за перажытае, што нават часам на вочы набягае не скупая салдацкая сляза.

Так здарылася і з Васілём Калістратавічам Карнеевым. Чым далей мы паглыбляліся ў яго ўспаміны пра вайну, тым, прыкметней станавілася яго хваляванне. Яно і зразумела: трое сутак іх 145-ты запасны полк, у які ён быў залічаны кулямётчыкам, адбіваў атакі адступаўшага праціўніка на руска-польскай граніцы. Вораг аказваў адчайнае супраціўленне, і кулямётчыкам у гэтых бесперапынных баях хапала работы. На зыходзе трэціх сутак Васіль Калістратавіч быў цяжка паранены ў правую руку. Здарылася гэта ў жніўні сорак чацвёртага.

Параненага спачатку даставілі ў медсанбат, а потым пераправілі ў Брэст у эвакашпіталь № 3827, дзе ён і прабыў да сярэдзіны лістапада. А як толькі падлячылі – зноў на фронт.

– Нашу часць кінулі на Варшаву, – гаворыць Васіль Калістратавіч. – Пасля яе вызвалення ў адным з раёнаў горада – Прадмесці – фарміравалі 23-ю гвардзейскую прарыўную дывізію, з якой я не дайшоў да Берліна васемнаццаць кіламетраў і зноў быў паранены. А ордэн «Чырвонай Зоркі» мне ўручылі за фарсіраванне Одэра. Я ўжо быў сувязістам. Спачатку сталі перапраўляць танкі і пяхоту на плытах. Ад артналёту плыты тыя ўшчэнт. Ад стральбы з абодвух бакоў грукат стаяў такі, што мы не чулі адзін аднаго. Усё навокал грымела. Два кіламетры прайшлі і застралі – ніяк не маглі прарваць абарону. Тыдзень там прабылі. І зноў наступленне. Немцы нешта не разлічылі, і іх танкі так і засталіся стаяць каля дамбаў. І тут танкі па танках.

Успамінаць страшна. Параніла ж мяне пад самым Берлінам. Па-мойму, перад атакай. Камандзір падняўся, палітрук з ім, а я толькі ступіў на бераг ячэйкі, як мне па ягадзіцах і ўрэзалі з кулямёта. А са мною ж катушка з апаратам. З-пад Берліна прывезлі ў Познань, а там распраўляюць па шпіталях. Я і папрасіўся ў стары, у Брэст, дзе раней быў. Як цяпер помню, начальнікам яго была маёр Азіранская, першы раз мяне лячыла. Праўда, хоць нумар шпіталя і памяняўся, я ўсё роўна яго знайшоў. З красавіка па жнівень адляжаў. Так што дзень Перамогі сустракаў у шпіталі.

А потым зноў служба. Спачатку часць Васіля Калістратавіча раскватаравалі ў Лодзі, а потым перакінулі ў Гросборн, дзе ён і прабыў да снежня 1945 года. Затым вайскоўцаў перакінулі ў Саюз. Іх эшалон прыбыў у Мінск, адкуль яго накіравалі на станцыю Прышчып Міхайлаўскага раёна Запарожскай вобласці, дзе Васіль Калістратавіч нёс тэрміновую службу яшчэ два гады – да сакавіка 1947 года. Прыехаў у родную Вязаўніцу.

– Апрача калгаса, не было куды пайсці працаваць. «Чырвоны барэц» калгас называўся, а кіраваў ім Ганчаронак Аляксандр Маркавіч. Замест пад’ёмных тады трыццаць кілаграмаў зерневых выдавалі, але мне і гэтага не дасталося. А вакол голад, галеча, разгарнення аніякага. Тады і падаўся ў калгас імя Валадарскага, дзе і дабыў да самай пенсіі.

– А як вам цяпер жывецца, Васіль Калістратавіч? – не выцярпеў і спытаўся я.

– Як жывецца? Думаю, пакуль жыць можна. Пенсію мне далі як інваліду другой групы Вялікай Айчыннай вайны. На хлеб і астатняе хапае (размова наша праходзіла ў снежні мінулага года, яшчэ да павышэння сённяшніх цэн). Адно засмучае, што людзі зачарсцвелі, на франтавікоў косяцца, нібы не мы ваявалі. Ільгот нам па закону вунь колькі дадзена, а карысці. Стаў я, напрыклад, тры гады назад у чаргу на пакупку аўтамабіля. Дык хай я яго і выкуплю па чарзе. Аднак не, мяняецца гэта чарга туды-сюды. Навошта?

Што я мог адказаць на гэта ветэрану? Але ён сам заўважыў маю замінку і сказаў:

– Калі вы таксама любіце сад і ўмееце прышчапляць, то завітайце да мяне вясною – атожылкаў я вам дам. Якіх пажадаеце.

На тым і развіталіся.

...Пад пошум начы добра спіцца рабацягам. Толькі не ветэранам вайны, асабліва перад непагаддзю, калі заснуць не даюць старыя раны, працінаюць цела пякучым болем. Аднак гэты боль часам так і застаецца не пачутым тымі, хто па абавязку свайму, апрача звычайнай чалавечай спагады, павінен адчуць яго.

Цімінскі, А. Пад шум начы / А. Цімінскі // Запаветы Леніна. – 1992. – 22 лютага. – С. 3.