Жалезнякоў Іван Сямёнавіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Іван Сямёнавіч Жалезнякоў з в. Закупленне ў ліку тых, каму нядаўна ўручылі юбілейны медаль у гонар вялікага свята. Ваяваў на фронце, быў артылерыстам. У адным з баёў атрымаў раненне. Тры месяцы лячыўся ў шпіталі, а потым – у пяхоту кулямётчыкам. Толькі тры дні там і праслужыў. Аднак тыя студзеньскія дні 1945 года для яго аказаліся самымі гарачымі.

– Нас узнялі з траншэй у атаку, – успамінае Іван Сямёнавіч. – Я стаў на калені, памаліўся Богу, не забілі, і з крыкам «Ура!» пабег на ворага.

...Ад крыві вакол таяў снег, мне трэба было перавязаць раздробленыя рукі. А камандзір крычаў: «Уся не выцячэ! Ляжы, а то заб’юць!»

3 усяго ўзвода жывымі ў тым баі засталося іх трое. Стары салдат упэўнены, што выжыў дзякуючы таму, што веруе.

Зноў лячыўся, і зноў з чувашскага шпіталю пайшоў на фронт. Быў ужо ў Самары, калі аб’явілі Перамогу. Адтуль вярнуўся дадому на папялішча.

3 будучай жонкай Надзеяй Паўлаўнай пазнаёмілі сябры. Ён загадваў Доўгаўскім сепаратарным пунктам, яна – настаўніца Закупленскай пачатковай школы. Траіх дзяцей выхавалі ў любові і цяпле. Вечны боль сям’і – страта дачкі. Шчасце бацькоў – сыны. Абодва скончылі фізмат Магілёўскага педінстытута. Старэйшы – дырэктар Доўгаўскай сярэдняй школы, малодшы – старшыня Бацэвіцкага сельсавета.

– Добра жывём! – у адзін голас гавораць Жалезняковы. – Дзеці, унукі дапамагаюць. Раней па дзве каровы трымалі, – усміхаецца Іван Сямёнавіч, – а цяпер здароўя хапае толькі на двух катоў. Курэй тхор паеў. Аднак пенсіі добрыя, ды яшчэ сацработнік дапамагае. Вось медаль уручылі! Памятаюць пра нас. Паміраць не хачу! Упіраюся-упіраюся. Яшчэ трэба жыць, унукаў падгадаваць хочацца.

Пішчалава, Н. Памаліўся Богу і пайшоў у атаку / Н. Пішчалава // Сцяг Саветаў. – 2009. – 23 чэрвеня. – № 49.