Ермакоў Іван Рыгоравіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Пісьмы з фронта

Салдацкія пісьмы... У гэтых простых «трохвугольнічках» са штэмпелем палявой пошты ярка раскрываецца духоўнае аблічча простага савецкага чалавека, які ўстаў на барацьбу з ненавісным ворагам за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы.

Салдат Краіны Саветаў быў непахісны ў сваёй нянавісці да ворага і, у той жа час, незвычайна пяшчотны і адзыўлівы да родных, таварышаў, франтавых сяброў. Сапраўды, хіба можна ўсумніцца ў шчырасці і праўдзівасці радкоў, якія напісаны пад кулямі?

Вось у каторы раз прачытала бацькоўскае франтавое пісьмо, якое адрасавана студэнтам Мінскага педагагічнага інстытута (да вайны ён там вучыўся), і падумалася, што ў гэтым пісьме ён звяртаецца не толькі да сваіх равеснікаў, а і да нас, сённяшніх. Думкі, выкладзеныя ў гэтым невялікім пасланні, сучасныя. Тое, пра што думаў і марыў мой бацька, ператвараецца зараз у жыццё.

Мой бацька, Іван Рыгоравіч Ермакоў, нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сям’і селяніна. Да вайны закончыў Магілёўскае педвучылішча і два курсы літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працягваў вучобу ў Гомельскім педагагічным інстытуце.

Іван Рыгоравіч быў высокаадукаваным чалавекам. Яго веды не абмяжоўваліся толькі літаратурай. Ён цудоўна ведаў гісторыю і ўсё пасляваеннае жыццё прысвяціў краязнаўству. Яго педагагічная дзейнасць у якасці дырэктара школы перапляталася з вывучэннем роднага краю. Шмат гадоў наша сям’я жыла на Гомельшчыне ў раённым цэнтры Лоеў. Там і зараз добра ведаюць і памятаюць майго бацьку, заслужанага настаўніка БССР, узнагароджанага ордэнам «Знак Пашаны». Памяццю пра яго застаўся і краязнаўчы музей «Бітвы за Днепр» і мемарыяльны комплекс. Памёр Іван Рыгоравіч у 1986 годзе.

Пісьмо былога студэнта Мінскага педагагічнага інстытута

імя М. Горкага Івана Ермакова

«Франтавое прывітанне і самыя лепшыя пажаданні ўсім студэнтам горада Мінска ад былога студэнта, зараз франтавіка, Івана Ермакова.

Я і мае баявыя сябры даведаліся аб тым, што ў нашай цудоўнай сталіцы Савецкай Беларусі – Мінску зноў пасля цяжкіх, змрочных дзён гітлераўскай тыраніі аднавілі сваю работу навучальныя ўстановы. Мы бязмежна рады гэтаму. Зноў заззяла сонца свабоды над змучанай, акрываўленай, але непакоранай роднай Беларуссю.

Я, як зараз, памятаю наш даваенны Мінск, свой родны педагагічны інстытут, у якім мне давялося вучыцца два гады і які адчыніў для мяне шырокую дарогу ў жыццё. Ён стаў для мяне блізкім і дарагім. За ўсё гэта, за свабоднае і шчаслівае жыццё, вось ужо чацвёрты год разам з вялікім рускім народам змагаюцца сыны Беларусі на палях баёў. Я ганаруся тым, што з’яўляюся ўдзельнікам усенароднай барацьбы.

Многія рабочыя, калгаснікі, настаўнікі, аграномы, студэнты, якія сталі на абарону Радзімы, узнагароджаны ордэнамі і медалямі за баявыя подзвігі. Многія выраслі з радавых байцоў у афіцэраў Чырвонай Арміі. Педінстытут імя Горкага можа ганарыцца тым, што выхаваў дастойных сыноў і дачок вялікай Савецкай Радзімы.

Наша эпоха – эпоха будучых перамог і непераўзыдзенага прагрэсу і культуры нашай Радзімы патрабуе людзей, якія стаяць на высокім узроўні навуковых ведаў. Таму хочацца выказаць пажаданне студэнтам яшчэ вышэй узняць узровень ведаў. Патрэбна стаць паўнацэннымі спецыялістамі нашай Радзімы, каб быць дастойнымі сваіх суайчыннікаў, якія перанеслі неверагодныя цяжкасці і нягоды ў барацьбе за тое, каб браты і сёстры, сыны і дочкі маглі свабодна вучыцца, жыць і тварыць дзеля дабрабыту Радзімы.

Перадайце прывітанне студэнтам і студэнткам – усяму калектыву інстытута імя Горкага ад франтавікоў. Хай пішуць пісьмы пра свае поспехі на ніве вучобы, а мы, франтавікі, пра свае поспехі на фронце барацьбы з ворагам.

3 франтавым прывітаннем. Былы студэнт другога курса літаратурнага факультэта інстытута імя Горкага.

Іван Рыгоравіч Ермакоў.

Палявая пошта 37248-Г».

Пісьмо студэнтаў Мінскага педінстытута імя Горкага Івану Ермакову

«У дні вялікіх перамог, калі сталіца Радзімы Масква ўслаўляе герояў салютамі, прымі наша прывітанне і віншаванні з 27-й гадавінай Чырвонай Арміі. Жадаем табе і тваім баявым таварышам поспеху ў баявых справах і добрага здароўя. А ўсяго мацней жадаем мы, наш дарагі, каб з хуткай перамогай вяртаўся ты дамоў... Ведай, што мы заўсёды ўсімі думкамі – з франтавікамі, з тымі, хто змагаецца за нашу цудоўную Радзіму.

Зараз у нас, студэнтаў, гарачая пара – ідзе зімовая заліковая сесія. Ты, вядома, сам добра разумееш, хваляванне перад экзаменамі. Зараз мы трымаем экзамен перад франтавікамі, якія абараняюць у жорсткіх баях з ворагам наша права на вучобу, на мірнае жыццё, стваральную працу.

Мы ганарымся табой, тваімі таварышамі і пастараемся заслужыць ваша адабрэнне за нашы поспехі ў вучобе. Хай табе дапамагае, ад куль зберагае наша сяброўская любоў і клопат пра вас, родныя абаронцы.

3 прывітаннем.

Па даручэнню студэнтаў падпісалі: Савінава Л.А., Бічукова А.В., Ворахаў С.А.».

Абодва пісьмы былі надрукаваны ў газеце «Советская Белоруссия» 23 лютага 1945 года.

Музычэнка, С. Пісьмы з фронта / С. Музычэнка // Запаветы Леніна. – 1990. – 9 чэрвеня. – С. 3.