Ермакова Вікторыя міхайлаўна ермакоў іван мікалаевіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Вайна і маладосць. Вайна і каханне. Вайна і надзея... Усё сплёў няўрымслівай рукой, спалучыў у сабе лёс Вікторыі Міхайлаўны і Івана Мікалаевіча Ермаковых. Многія жыццёвыя падзеі яднаюць гэтых франтавікоў. Амаль усю вайну прайшлі яны побач у складзе 375-га асобнага радыёдывізіёна. Акрамя Масквы, Смаленска разам вызвалялі і нашу родную Беларусь. Орша, Барысаў, Мінск – гэтыя і іншыя гарады былі на іх слаўным баявым шляху. Тады, ідучы па тэрыторыі Беларусі, юнак і дзяўчына нават не думалі, што ім, расіянам, наканавана пражыць сваё жыццё менавіта на гэтай зямлі.

Для Вікторыі Міхайлаўны вайна пачалася з другога курса педінстытута. У красавіку 1942 года прызвалі ў ваеннае вучылішча сувязі г. Мурама на курсы радыстаў. У кастрычніку – на фронт.

Іван Мікалаевіч пайшоў на вайну добраахвотнікам. У пачатку жніўня 1941 года сямнаццацігадовы юнак стаў вайскоўцам.

– Бывае, крыўдна, становіцца, што нашы лепшыя гады, гады юнацтва належаць вайне, – гаворыць Вікторыя Міхайлаўна. – Памятаю, дамаўляліся некалі: як скончыцца вайна, казаць, што на столькі гадоў менш, колькі адабрала ліхалецце. Але ж хіба гэтым можна было нешта выкрасліць з сэрца... А маладосць, яна ўсё роўна сваё брала. Нам, дзяўчатам, хацелася быць прывабнымі, хацелася спяваць і танцаваць. Бегалі на спатканні і бераглі сваё каханне, чыстае і прыгожае.

– Жанчынам многа цяжэй было на вайне, чым нам, – працягвае Іван Мікалаевіч. Але яны былі моцнымі і вынослівымі. Калі радыстка магла дзве ночы запар сядзець за радыёапаратурай, дык нам, мужчынам, гэта ўжо было амаль не пад сілу.

Вельмі шмат агульных успамінаў, звязаных з вайной, у Ермаковых. Здаецца, гэтыя старшына і старшы сяржант Вялікай Айчыннай могуць расказваць пра падзеі тых часоў бясконца, дапаўняючы адзін аднаго, успамінаючы хвалюючыя падрабязнасці. I ўзнагароды ў іх ёсць аднолькавыя: ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медаль «За баявыя заслугі» ды многія іншыя. Існуюць і такія ўспаміны, самыя яркія, якімі хацелася б падзяліцца. Тут ужо ў кожнага сваё.

«Памятаю, – расказвае Іван Мікалаевіч, – стаяла наша часць у лесе, недзе ў Смаленскай вобласці. Аднойчы заўважыў, што праляцеў самалёт «рама». Ну, думаю, мабыць, збіраюцца нас бамбіць. Адразу далажыў камандзіру. Не марудзячы, пачалі выводзіць машыны, розную баявую і радыётэхніку, I сапраўды, я не памыліўся – хутка паляцелі бомбы. Але нам удалося выратаваць усё абсталяванне і самім застацца жывымі: каб крыху спазніліся, нават і не ведаю, што было б.

«А мне запомнілася не толькі, як нас «закідалі» у тыл, як мы, кожную хвіліну рызыкуючы сваім жыццём, выконвалі розныя складаныя заданні, але і нашы сустрэчы ўжо пасля вайны. Часта ездзілі і ў Маскву, і ў Мінск. У Маскве дык былі апошні раз на 50-годдзе Перамогі, удзельнічалі ў парадзе, сустракаліся на Паклоннай гары. Што гэта за падзеі? Боль і радасць, шчасце і горыч, слёзы і ўспаміны, успаміны. I кожны раз – гэта зноў перажытая маладосць...».

З арміяй і засталося звязаным жыццё Ермаковых. Пасля вайны з Германіі прыехалі ў Калінкавічы. Там і ўступілі ў шлюб. У хуткім часе іх часць перавялі ў Асіповічы. Тут і прайшла добрая частка працоўнага жыцця Ермаковых. У 1973 годзе Іван Мікалаевіч дэмабілізаваўся ў званні падпалкоўніка, потым 14 гадоў працаваў дырэктарам кансервавага завода, яшчэ 6 гадоў быў начальнікам піянерскага лагера ад кардона – руберойдавага завода. I якую б работу ні выконваў, усё яму было па душы, таму што падыходзіў да працы сумленна, з «агеньчыкам». Нездарма ж у 1964 годзе атрымаў званне заслужанага рацыяналізатара БССР, аб чым можа гаварыць толькі з гонарам.

Вікторыя Міхайлаўна пасля таго, як выйшла на пенсію, яшчэ на працягу 10 гадоў працавала выхавальніцай у інтэрнаце кардона-руберойдавага завода.

– Зараз, – разважае яна, – найбольш хочацца, каб маладыя навучыліся любіць жыццё, ставіцца да яго адказна, умелі берагчы тое, што маюць. Каб ніколі ні ў аднаго з нас, ветэранаў, не ўзнікала крыўда на іх. А многа нам не трэба – крыху ўвагі да старых. I яшчэ хочацца сказаць – якое шчасце, што мы жывём у мірнай Беларусі. Гэта – самая вялікая ўзнагарода ўсім тым, хто некалі, няхай сабе і паўсотні гадоў назад, здабываў перамогу.

Корбаль, В. Галоўная ўзнагарода – мірнае жыццё / Валянціна Корбаль // Запаветы Леніна. – 2000. – 1 ліпеня. – С. 2.