Дудко Фёдар Паўлавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Калі на свет з’явіўся Федзька і ўпершыню падаў свой голас, у Петраградзе якраз бушавала лютаўская рэвалюцыя – буржуазна-дэмакратычная, як яе доўгі час называлі і лічаць зараз. Хто яго ведае, пасля яе, мабыць, і не патрэбна было б Кастрычніцкай. Жылі б, як людзі, без усякіх рэвалюцыйных узрухаў і пераваротаў, не стралялі б цароў і не ваявалі б сын з бацькам, а брат з братам – проста паступальна, звалюцыйна развівалі б сваё грамадства і разам з тым дзяржаву. Але гісторыю не перапішаш – яна ўжо стала нашай спадчынай.

Кіслай, салодкай ці горкай – гэта каму як на смак...

У сям’і Паўла Дудко ён рос малодшым; трох яго старэйшых братоў ужо добра ведалі ў Троіцкай Слабадзе, а малец толькі вучыўся хадзіць. Але кажуць, не той доўга ходзіць, хто гэтаму хутчэй і раней навучыўся, а той – у каго ногі вынослівыя для жыццёвых дарог і хто мае ўпарты, няўрымслівы характар. Здольны для розных выпрабаванняў і няўзгод, якімі толькі можа надзяліць чалавека наканаваны лёс.

– Да прызыву на службу ў армію я паспеў закончыць толькі першы курс землеўладкавальнага тэхнікума ў Горках, якія тады ўваходзілі ў склад Віцебскай вобласці, – успамінае старонкі сваёй біяграфіі Фёдар Паўлавіч. – У маі 38-га апрануў вайсковую форму. Служыў пад Ленінградам, у пяхоце.

Для звычайнага сялянскага хлопца Фёдар Дудко аказаўся надзвычай здольным да армейскай навукі – і неўзабаве, ужо ў якасці малодшага камандзіра 65-га стралковага палка 43-яй стралковай дывізіі, стаў курсантам армейскай школы. Можна сказаць, прама з яе сцен трапіў ён у фінскую баталію. Вайна з фінамі цягнулася ўсяго некалькі месяцаў, але яна дала юнаку панюхаць пораху і зразумець, якая ўсё-такі страшная чалавечая сеча. Ваююць урады, а гінуць людзі...

Але сапраўдныя ваенныя выпрабаванні, агонь і смерць, холад і голад у заснежаных акопах, франтавая разруха і іншыя цяжкасці чакалі маладога байца наперадзе. Равеснік Кастрычніка, 1917-га года нараджэння, напэўна, ніколі і не думаў, што яму прыйдзецца выстаяць блакаду, абараняць калыску Кастрычніцкай рэвалюцыі, славуты горад на Няве.

– Вайна, якую распачала Германія, застала мяне на фінскай граніцы, за 32 кіламетры ад Ленінграда, – расказвае ветэран. – Там мы неслі вайсковую вахту ва ўмацавальным раёне № 22. Нашы часці адступалі з-пад Выбарга, неслі людскія страты. Для папаўнення і ўкамплектавання сваіх падраздзяленняў па ходу даводзілася падбіраць служывых з разбітых часцей, з акружэння што выйшлі... Але аказваецца, сярод такіх байцоў трапляліся і пераапранутыя ў нашу форму фіны, якія выдатна размаўлялі па-руску. Дык вось, у гэтай сувязі ўспамінаецца адзін эпізод. Баявы разлік аднаго дота накіраваўся ў лазню. На пасту пакінулі дзяжурнага. А калі салдаты памыліся і вярталіся назад, дот іх сустрэў кулямётным агнём. Аказваецца, у ім засеў фін, адзін з такіх жа пераапранутых, які трапіў у гэты разлік. Выкурылі яго ноччу газам... Вось вам і пар, і агонь. На вайне ўсякае бывала, але лепш яе не бачыць і не ведаць.

У час блакады, у сакавіку 42-га, палітрук роты 154-га асобнага кулямётнага батальёна Фёдар Дудко стаў камуністам. Свой партбілет і ўліковую картачку ветэран і зараз беражліва захоўвае разам са сваімі баявымі ўзнагародамі. Гэта яго вогненная франтавая памяць.

Калі адкрылася так званая дарога жыцця цераз Ладагу, малодшага камандзіра Дудко разам з яшчэ некалькімі байцамі вывезлі з Ленінграда. Камандаванне вырашыла накіраваць яго на вучобу – так у 43-ім ён стаў курсантам Казанскага танкавага вучылішча. Вайну канчаў ужо ў якасці камандзіра танкавага ўзвода. Ваяваў у складзе І і ІІ Беларускага франтоў. Разам са сваімі баявымі таварышамі браў асінае гняздо немцаў – непрыступную крэпасць Кёнігсберг, якая рухнула пад агнём нашых войскаў.

Багаты яго паслужны вайсковы спіс. Просты сялянскі хлопец ад радавога даслужыўся да маёра. Цяпер жа – падпалкоўнік у адстаўцы. Аб пройдзеным франтавым шляху ветэрана гавораць яго шматлікія баявыя ўзнагароды. Іх разам з дакументамі і памятнымі фатаграфіямі беражліва дастала з шафы яго жонка Тамара Сяргееўна, з якой Фёдар Паўлавіч жыве ў міры і згодзе ўжо не адно дзесяцігодцзе. Былы вайсковец-франтавік – кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені. Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941- 1945 гадоў». Ну, а розных юбілейных узнагарод, сярод якіх асабліва дарагі ветэрану медаль Жукава, і не злічыць.

Пасля выхаду на пенсію ў 1959 годзе былы ваенны, маёр Дудко не застаўся без справы. Яго працоўная біяграфія не менш багатая, чым вайсковая і франтавая. Яшчэ да вайны два гады адпрацаваў тэхнікам-землеўладкавальнікам райземаддзела. А пасля звальнення са службы ён – загадчык сталовай у Лапічах. Затым узначальваў саўгас рабкаапа, быў дырэктарам камбіната грамадскага харчавання райспажыўсаюза, працаваў нарыхтоўшчыкам, таваразнаўцам, загадчыкам гаспадаркі Лапіцкага дзіцячага санаторыя.

Босак, М. Равеснік Кастрычніка з Троіцкай Слабады / Міхаіл Босак // Асіповіцкі край. – 2004. – № 5. – 23 студзеня. – С. 2.