Дзівак Анатоль Іванавіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Жыве ў рабочым пасёлку Ялізава Анатоль Іванавіч Дзівак – былы галоўны механік шклозавода «Кастрычнік»», чалавек вядомы і паважаны. У свой час давялося яму прыняць удзел і ў Вялікай Айчыннай, прычым, упершыню ён узяў у рукі зброю, каб змагацца за вызваленне ўласнай малой Радзімы – пасёлка Ялізава. Ветэран так расказвае пра той незабыўны бой:

– 28 чэрвеня 1944 года папаўзлі чуткі, што немцы пакінулі Асіповічы, Жыхары пасёлка пад вечар пацягнуліся ў лес. Усе баяліся, што немцы будуць трымацца за Ялізава зубамі, не дарэмна ж на ўсходняй ускраіне пасёлка яны ўзвялі сапраўдную крэпасць – магутнае драўляна-земляное ўмацаванне.

Ноч, аднак, прайшла спакойна. А раніцай пасялкоўцы ўбачылі савецкіх салдат. Доўга не верылася, што акупацыя скончана, толькі для трывогі была нагода: чырвонаармейцы ўвесь дзень ліхаманкава рыхтавалі артылерыйскія пазіцыі, накіроўвалі зенітныя гарматы ў бок бабруйскай шашы...

На досвітку 30 чэрвеня неяк знянацку пачалася жудасная страляніна: немцы рваліся з »бабруйскага катла. 6 байцоў, якія начавалі ў нашай хаце, схапілі зброю і пабеглі да артылерыйскіх пазіцый. Я рушыў за імі. Добра памятаю тагачасны настрой: было адчуванне абурэння і злосці. Немцы трымалі насельніцтва ў пастаянным страху і, відаць, за яго найперш і хацелася адпомсціць.

Маё жаданне разлічыцца з акупантамі было ўспрынята з разуменнем. Паранены салдат на пазіцыі аддаў свой аўтамат, нейкі афіцэр спачатку хацеў прагнаць, але, пачуўшы маё ўпартае: «Я прыйшоў ваяваць!», загадаў даць патронаў, гранат, а крыху пазней накіраваў на батарэю.

Хутка з боку станцыі падышлі немцы і пачаўся бой. Спачатку ворагі не маглі наблізіцца – скарастрэльныя і магутныя зенітныя гарматы касілі акупантаў, нібы салому. Аднак атакі ішлі адна за адной, нарэшце, у артылерыстаў скончыліся снарады. Прыйшлося адысці да крэпасці. Але хутка мы рушылі ў контратаку: павінны былі прывезці снарады, таму гарматы трэба было адстаяць любой цаной. Пазіцыя разы тры, ці болей, пераходзіла з рук у рукі. Потым немцы ўсё ж здолелі канчаткова адціснуць нас у крэпасць. Сама цытадэль ворага асабліва не цікавіла, яму трэба было захапіць пераправу праз Бярэзіну. Вось і давялося савецкім байцам пад моцным флангавым агнём бегчы амаль кіламетр, каб паспець заняць абарону ля моста, на процілеглым ад пасёлка беразе Бярэзіны.

Ялізаўскі мост, як вядома, быў створаны ў 1927 годзе і адразу будаваўся як стратэгічны аб’ект. Падыходы да яго былі ператвораны ў рубеж абароны, узмоцнены дотамі. Для абаронцаў пераправы ён стаў сапраўдным выратаваннем: палогі ўздым, на які хвалямі выкатваліся нямецкія салдаты, адсюль быў бачны выдатна, ды і мост, праз які акупанты маглі трапіць на наш бераг, прастрэльваўся ўздоўж і поперак. Аднак і мы, і немцы добра разумелі, што гэта – апошні заслон: калі ён будзе змяты, вораг вырвецца з «бабруйскага катла». Бой за мост быў доўгі, а ў памяці найбольш яскрава засталіся тры эпізоды.

Яшчэ калі адступалі ад цытадэлі, каля мяне ў тыл пранеслі параненага зампаліта, маёра Рамашку. У той час я яшчэ не ведаў, хто гэта, але зразумеў, што будучы Герой Савецкага Саюза быў любімым камандзірам: салдаты вакол мяне, нават у гарачцы бою імкнуліся выказаць яму шчырыя спачуванні, а такое ўбачыш не часта. Нажаль, гэты выдатны палкаводзец ад ран памёр, ён пахаваны ў нашым пасёлку...

Немцы правільна ацанілі суадносіны сіл і пусцілі спачатку на мост «Фердынанда» – самаходную супрацьтанкавую гармату. Браніраванага монстра паспрабавалі адагнаць дзве лёгкія самаходкі СУ-76, якія рушылі па чыгуначнаму насыпу з боку Несяты. Танкавая дуэль была кароткай: першым жа стрэлам немец патрапіў у пярэднюю СУ. Экіпаж не паспеў пакінуць успыхнуўшую машыну, і хутка ў ёй здэтанаваў боезапас. Другая СУ некуды знікла, а па нямецкай самаходцы быў адкрыты агонь з супрацьтанкавых ружжаў. Пэтээршчыкі, відаць, змаглі яе пашкодзіць, бо «Фердынанд» спыніўся і больш не страляў. Да яго пачалі бегчы немцы – і мы адкрылі агонь. Кулі часта траплялі ў металічныя канструкцыі моста, драпін і прабоін ад тых пападанняў засталіся сотні.

Раптам заняты немцамі бераг ператварыўся ў сапраўдны вулкан. Па пазіцыі адразу прайшоў уздых палёгкі: «Кацюшы»! Залп рэактыўных мінамётаў паставіў у шматгадзінным змаганні кропку: пасля яго хутка падышлі свежыя савецкія часці з боку Свіслачы, і немцы часткова здаліся, а часткова пахаваліся ў лесе.

Адразу пасля бою на пазіцыю прыехалі палявыя кухні, так што перамогу адзначылі добрым абедам, пасля чаго адвезлі на адпачынак. Назаўтра я рушыў дадому – хацелася хутчэй расказаць бацькам пра ўласнае баявое хрышчэнне. Аднак у роднай хаце стаяў плач. Бацьку, які выскачыў з хаты паглядзець, куды гэта я пабег уранку, закалоў штыком немец. Проста бег міма, ткнуў штыком і – няма бацькі...

У той жа дзень я вярнуўся ў часць, з якой змагаўся за мост. Калі там даведаліся, што здарылася, без лішніх слоў залічылі ў асабовы склад: салдаты і камандзіры добра ведалі, што адчуваеш, калі вораг агульны становіцца ворагам асабіста тваім. Вось так у няпоўныя семнаццаць гадоў і трапіў на фронт. Спачатку быў тэлефаністам, потым угаварыў камандзіра перавесці ў разлік зенітнай гарматы, з байцамі якога пасябраваў яшчэ ў Ялізаве. Праўда, у канцы вайны зенітчыкі стралялі ў асноўным па наземных цэлях: самалётаў у Люфтваффэ амаль не засталося.

На Радзіму вярнуўся ў 1951 годзе. За гэты час пасёлак вельмі змяніўся. Знікла крэпасць, іншай стала планіроўка жылых кварталаў. Хіба адзін мост ды старыя ўмацаванні вакол яго засталіся такімі ж як былі”...

За баявыя заслугі Анатоль Іванавіч атрымаў ордэны«Чырвонай Зоркі» і «Айчыннай вайны» II ступені, медалі за вызваленне Варшавы і Кёнігсберга, «За адвагу». Апошнюю ўзнагароду ветэран лічыць самай каштоўнай, бо атрымаў яе за першы бой, за абарону свайго роднага краю. Прынамсі, ва ўзнаўленні пасёлка і развіцці яго галоўнага прадпрыемства ёсць таксама вялікая заслуга ветэрана. I мера ёй – ордэн «Працоўнага Чырвонага Сцяга».

* * *

...Калі ехаць у бок Магілёва на цягніку, злева ад чыгункі адкрываецца від на тую пазіцыю, дзе ішоў самы жорсткі бой на Асіповіцкай зямлі. За мінулыя дзесяцігоддзі тут сапраўды мала што змянілася. З’явіўся толькі каля насыпу сімвалічны манумент – бюст салдата. Гэта помнік у першую чаргу тым танкістам, што згарэлі ў сваёй машыне падчас бою з «Фердынандам». Сапраўдныя мужчыны былі гэтыя самаходчыкі: ведалі, што ў той дуэлі шанцаў на перамогу ў іх практычна няма, а ўсё роўна не збочылі. Відаць, было ў іх душы штосьці куды больш каштоўнае, чым уласнае жыццё. Ды і не толькі ў іх. Інакш ці выйгралі б нашы бацькі і дзяды тую страшную вайну...

Саўрыцкі, Д. Апошні рубеж / Дзмітрый Саўрыцкі // Асіповіцкі край. – 2002. – № 51. – 2 ліпеня. – С. 2.