Дзьячэнка Мікалай Аляксеевіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Добра марылася васемнаццацігадоваму Мікалаю, гледзячы, як праганяе лагодны ветрык хвалі па жытнёвым полі. Эх, здорава ўсё-такі працаваць на камбайне: тут табе і воля, і прастор, і водар выспелых каласоў, і песня жаўрука, што, здаецца, льецца з самых нябёсаў. Не ведаў яшчэ тады юнак, што чакаюць яго не каласы і росныя палявыя сцежкі, а ваенныя дарогі і грукат танкаў.

На вайну пайшоў добраахвотнікам. Два разы мясцовы ваенкам адпраўляў хлопца «ганяць галубоў». 20 жніўня 1941 года згода ўсё ж была дадзена. I пайшло нялёгкае вайсковае жыццё. Успомніць ёсць шмат чаго: і неспакойны дрыготкі сон на голым снезе, і засаду ў стозе саломы для назірання за варожай калонай, якая рухалася ў некалькіх дзясятках метраў, і нялюдскі погляд вачэй фашыста, што раптоўна кінуўся з нажом... Былі баі, былі цяжкія пераходы, узлёты і падзенні.

– Ці страшна на вайне? – задумваецца Мікалай Аляксеевіч Дзьячэнка. – Страшна, пакуль не перажывеш першы бой. Потым узнікае нейкае пачуццё, якое страхам не назавеш. Можа, апантанасць ідэяй перамогі. Галоўнае – наперад, за таварышамі. Перад боем хвілін колькі пасядзіш, успомніш родны дом, дзяцінства і – біць ворагаў.

Два гады вайны прайшлі ў Закаўказскай ваеннай акрузе, на тэрыторыі тагачаснай Чачэна-Інгушскай рэспублікі. Мікалай Дзьячэнка быў старшым тэлефаністам 52-й асобнай танкавай брыгады. Найбольш дарагі ветэрану медаль «За адвагу». А справа адбывалася пры пераходзе каманднага пункта з раёна сяла Шняціна ў раён сяла Заручэўе. Загад камандзіра наладзіць сувязь быў з гонарам выкананы. Нават атрымаўшы раненне, перасільваючы нясцерпны боль і слабасць, што падступала хвалямі, не пакінуў Мікалай Аляксеевіч поле бою – давёў заданне да канца.

Як расказвае ветэран, зараз, гледзячы па тэлебачанні рэпартажы з Чачні, пазнае тыя месцы, дзе быў у гады Вялікай Айчыннай. I неяк яшчэ больш балюча становіцца ад гэтага, зноў і зноў машынальна пацірае рука месца, дзе пякучы боль нагадвае пра раненне.

– Ці можна было тады, у ліхалецце, меркаваць, што праз паўсотні гадоў брат пойдзе на брата, чачэнцы будуць ваяваць з рускімі? – разважае Мікалай Аляксеевіч. – Так, народ той своеасаблівы. Гледзячы на іх і на адносіны да нас, было зразумела, што ёсць нейкая ідэалагічная мяжа. Ужо тады мы не хадзілі па аднаму. Чачэнцы – народ непрадказальны. Памятаю, калі іх дзяўчына толькі паразмаўляла з рускім, нават за гэта магла расквітацца з жыццём. Але ўсё ж трэба вырашаць пытанні не зброяй. Балюча назіраць, як гінуць людзі з аднаго боку і з другога...

Потым, пасля Закаўказскай ваеннай акругі трапіў сяржант Мікалай Дзьячэнка на І-ы Прыбалтыйскі фронт. Перамогу сустрэў у Латвіі ў горадзе Кандава. З гэтага памятнага шчаслівымі падзеямі месца прыехаў пасля вайны ў Асіповічы.

Усяго ж аддадзена арміі 36 гадоў. Словам, армія – амаль усё працоўнае жыццё Мікалая Аляксеевіча. А найлепшай школай і загартоўкай была вайна.

Нягледзячы на шматлікія ўзнагароды, сярод якіх два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», ветэран героем сябе не лічыць. Усе, хто быў на вайне – героі. I тут не ва ўзнагародах справа. У кожнага ўдзельніка застаўся след у памяці на ўсё жыццё.

Корбаль, В. Першы бой – самы цяжкі / Валянціна Корбаль // Запаветы Леніна. – 2000. – 15 красавіка. – С. 2.