Дарасевіч Іван Сцяпанавіч

Шклоўскі раён

ФОТО

І.С. Дарасевіч з дачкой Ірынай. 2010 г.

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Герой чатырох войнаў

Пакручасты лёс выпаў нашаму земляку Івану Сцяпанавічу Дарасевічу. Не ў кожным рамане на такі сюжэт патрапіш. Нарадзіўся ён 15 студзеня 1915 года ў вёсцы Латва Шклоўскага раёна ў сям’і знакамітага на ўсю акругу бондара Сцяпана Васільевіча і яго жонкі Дар’і Кузьмінічны Дарасевічаў. Гэтая сям’я, як і многія іншыя ў Латве, была дружная, працавітая, з глыбокімі каранямі патрыятызму. Нездарма з васьмі дзяцей сямёра (Сяргей памёр малым хлапчуком) гераічна абаранялі сваю Айчыну, па тым часе не маленькі кавалак зямлі, а з шырокімі прасторамі ад Ленінграда і Буга да Камчаткі і Уладзівастока. Сёстры Ульяна і Антаніна былі сувязнымі партызанскага атрада. У партызанах быў брат Івана Віктар. Яго расстралялі фашысцкія карнікі. Ваявалі на франтах Айчыннай браты Пётр (загінуў пад Днепрапятроўскам), Аляксей (загінуў у баях пад Псковам) і Аляксандр (ён вярнуўся з Перамогай, але памёр ад ран). Цяпер ужо няма аніводнага.

З Івана Дарасевіча бралі прыклад усе яго маладзейшыя браты і вучні-аднагодкі Каменналаўскай сямігодкі. Потым ён скончыў Аршанскую школу чыгуначнікаў і перад самым прызывам у армію – два курсы горнага інстытута ў Чыце. У шэрагі Чырвонай Арміі Івана Дарасевіча паклікалі ў 1933 годзе. I тут ён паказваў прыклад. Гэта заўважылі камандзіры і накіравалі яго на вучобу ў Ленінградскае вышэйшае пяхотнае вучылішча імя С.М. Кірава. У 1936 годзе курсанту-беларусу на Усесаюзнай спартакіядзе сам Сямён Будзёны ўручыў прыз, Іван Дарасевіч стаў першым лыжнікам сярод армейцаў і другім – у Савецкім Саюзе! Па заканчэнні вучылішча атрымаў воінскае званне лейтэнанта. Абараняў Іспанскую Рэспубліку, удзельнічаў у баях з самураямі ля р. Халхін-Гол, зведаў фінскую вайну, а потым прайшоў франтамі Вялікай Айчыннай вайны. Быў тройчы паранены і атрымаў першую групу інваліднасці. У 1953 годзе ў Хабараўскім краі са сваім 44-м асобным ваенна-будаўнічым батальёнам у Савецкай Гавані ўзводзіў порт Ваніна. Быў адным з сакратароў гаркама партыі Савецкай Гавані.

Як звольніўся з арміі ў запас, працаваў у Палтаве ў вучылішчы, а потым у гаркаме партыі. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь. Нейкі час працаваў дырэктарам Магілёўскага вучэбна-вытворчага прадпрыемства глухіх. Пасля перанесенага інсульту страціў зрок. Паехаў у Ленінград. Знакамітая ўрач Бірыч часткова аднавіла зрок. Але працаваць больш не давялося.

Безумоўна, чытача цікавяць асобныя дэталі лёсу. Іван Сцяпанавіч – інвалід 1 групы ды і ўзрост мае 95 гадоў, не ўсё чуе, дрэнна бачыць, ногі яго не слухаюцца. Увогуле, ён не шматслоўны, бо апошнім годам яшчэ і памяць пагоршылася. Некаторыя эпізоды ягонага жыцця змагла дапоўніць дачка Ірына, з якой маці і бацька раней не раз вялі размовы. Іншыя эпізоды пацвердзілі дакументы сямейнага архіва Дарасевічаў.

Абарона Іспанскай Рэспублікі

Лейтэнант Дарасевіч сваё першае баявое хрышчэнне атрымаў у баях з іспанскімі фашыстамі. У Наркамаце абароны СССР для выканання спецзадання ў далёкай Іспаніі з 29 воінаў-спартсменаў выбралі толькі адну трэць – самых натрэніраваных і надзейных. У іх лік трапіў і наш зямляк. З Адэсы ў Барселону дабіраліся на гандлёвым параходзе «Камсамолец» пад выглядам французскіх маракоў. Іван Дарасевіч быў у атрадзе славутага Кірылы Арлоўскага. Падрывалі ў тылу фашыстаў чыгунку, паязды, масты, партовыя збудаванні, рабілі засады і знішчалі мяцежнікаў-фашыстаў. На чацвёртым месяцы, як спецатрад прыбыў у Іспанію, рэспубліка загінула. Шлях дадому быў доўгім і цяжкім: толькі ў кастрычніку 1938 года Іван Дарасевіч зноў быў у Ленінградзе. Ён стаў камандаваць асобнай разведвальнай ротай.

Камандзіра асобага атрада К.П. Арлоўскага за баявыя дзеянні ў Іспаніі ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Лейтэнанту Дарасевічу не выпала атрымаць урадавую ўзнагароду, але ён набыў каштоўнейшы вопыт франтавіка і вярнуўся героем, які яшчэ не раз пакажа сябе.

У баях на р. Халхін-Гол

У 1939 годзе лейтэнант Дарасевіч прыняў другое баявое хрышчэнне ў баях з японскімі самураямі на р. Халхін-Гол.

– Японцы лезлі як саранча. Ваякі яны смелыя і адважныя. У палон не здаваліся. Але і мы не лыкам шытыя, – успамінае Іван Сцяпанавіч, – перамалолі самураяў і адвагай, і колькасцю. Шмат там палегла і нашых воінаў. Чырвонаармейскім войскам у баях камандаваў Г.К. Жукаў.

I з Халхін-Гола лейтэнант Дарасевіч узнагароды не прывёз. I зноў-такі быў героем, які займеў багацейшы вопыт воіна.

Фінская кампанія

У 1939-1940 гадах лейтэнанту Дарасевічу давялося ўдзельнічаць у савецка-фінскай вайне. Фіны мала чым саступалі японскім самураям. Але і чырвонаармейцы паказалі сябе вынослівымі, мужнымі, адважнымі. У поўную моц паказаў сябе і наш зямляк лейтэнант Дарасевіч. Газета «Красная звезда» 9 студзеня 1940 года змясціла фотаздымак, пад якім значылася: «Камандзір перадавога падраздзялення Н-скай часці Ленінградскай ваеннай акругі лейтэнант І.С. Дарасевіч». Ён на «Лініі Манергейма» атрымаў сваё першае раненне. Пасля шпіталя ўзяў гарантаваныя пры такіх абставінах дзесяць дзён водпуску і адразу ж на Украіну, у Харкаўскую вобласць. Там, непадалёк ад станцыі Лазавая, жыла яго чарнабровая прыгажуня Галіна Сямёнаўна Калашнік. З ёй Іван Дарасевіч пазнаёміўся яшчэ ў 1938 годзе ў Пецяргофе, куды яна ў свае 16 гадоў прыязджала ў госці да сястры. Закаханыя два гады вялі перапіску, чакаючы запаветных 18 гадоў, калі дазвалялася рэгістраваць шлюб. І 24 лютага 1940 года шлюб быў зарэгістраваны. Толькі мядовы месяц аказаўся вельмі ўжо кароткім: праз два дні маладога воіна адправілі на перадавую.

Лейтэнант Дарасевіч узначаліў асобы атрад 120 чырвонаармейцаў-лыжнікаў, узброеных кулямётамі, мінамётамі і ручнымі гранатамі.

Быў загад: прабіць брэш на «Лініі Манергейма», праз якую магло б прарвацца наша войска ў тыл да фінаў. Загад быў выкананы, але вялікай цаной. Большая палавіна воінаў асобага атрада загінула смерцю храбрых. Іх і ўсіх, хто застаўся ў жывых, прадставілі да ўрадавых узнагарод. Аляксандру Вараб’ёву і Івану Дарасевічу (і яшчэ некаму) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем «Залатой Зоркі». Шклаўчанін Васіль Пятровіч Маскалёў атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Узнагароджаны і ўсе астатнія воіны атрада: і жывыя, і ўсе як адзін, што загінулі – пасмяротна. За два дні да падпісання міру з Фінляндыяй Іван Дарасевіч зноў атрымаў раненне. Доўга давялося лячыцца ў армейскім шпіталі. I толькі ў лістападзе ён вернецца ў сваю разведроту, якая стаяла ўжо за Выбаргам. Горад стаў нашым. Сюды лейтэнант Дарасевіч і перавёз сваю сям’ю.

Вялікая Айчынная

За Выбаргам і заспела маладую сям’ю Вялікая Айчынная вайна. У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года 28-ы разведбатальён Дарасевіча прыняў бой за Ціанхары, гэта ў шасці кіламетрах ад ваеннага гарадка, у якім жыла яго сям’я. Літаральна за некалькі дзён да гэтага ён адправіў жонку з сынам у Ленінград і далей на Украіну. Галя паехала, не ўзяўшы нічога з рэчаў. Ніхто тады не мог падумаць, што сустрэцца давядзецца толькі ў 1944-м ды і то мімаходзь – у Ерэване, куды Галя эвакуіравалася.

Вялікую Айчынную вайну Іван Дараісевіч зведаў на некалькіх франтах, найбольш на Ленінградскім. Заканчваў вайну ў Войску Польскім. Афіцэрам быў вопытным, смелым, кемлівым, мужным і адважным. Атрымаў два ордэны Чырвонай Зоркі і два ордэны Айчыннай вайны I і II ступені. Сярод шматлікіх медалёў ёсць «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда», «За ўзяцце Варшавы», «За ўзяцце Берліна».

Маёр Дарасевіч у Войску Польскім, будучы вопытным назіральнікам, лятаў на разведвальным самалёце і наносіў на карту агнявыя кропкі і абаронныя ўмацаванні праціўніка. Нярэдка даводзілася гэтую працу, каб было дакладней, рабіць на нізкай вышыні. 30 красавіка 1944 года немцы разведвальны самалёт падбілі, і той упаў. У Івана Дарасевіча быў пераламаны тазабедраны сустаў. Лячылі спачатку ў эвакуацыйным шпіталі 3644 Войска Польскага, а потым перавезлі на Украіну – дзевяць месяцаў спатрэбілася, каб зросся пералом. I пасля шпіталя доўга яшчэ далечваўся дома на ст. Лазавой.

Самае дрэннае ў жыцці

– Цяжка на любой вайне. Але самае дрэннае ў маім жыцці сталася пасля вайны ўжо, – гаворыць Іван Сцяпанавіч.

А прыйшло гэтае самае дрэннае ў лютым 1953 года, калі яго ваенна-будаўнічы батальён узводзіў порт Ваніна ў Савецкай Гавані Хабараўскага края. Рабочымі былі ў асноўным лагерныя «зэкі». Сярод іх хапала і былых ваеннапалонных. Ішло пасяджэнне партактыва будоўлі порта. І.С. Дарасевіч выступаў з трыбуны, а яму зампаліт Ермачэнка перадаў запіску аб надзвычайным здарэнні на чыгунцы. Ішоў эшалон з партрэтам Сталіна на паравозе. «Зэкі», якія працавалі на рамонце пуці, сталі кідаць у партрэт Сталіна камяні. Адзін з іх нават выхапіў у канваіра аўтамат і абстраляў партрэт з крыкамі: «Убяры гэтага гада!». Дарасевіч палічыў неабходным паведаміць партактыву аб надзвычайным здарэнні і даслоўна зачытаў запіску.

За тое, што ён паўтарыў словы, якія ганьбяць гонар правадыра, партыйная камісія выключыла І.С. Дарасевіча з партыі, завяла справу, пазбавіла воінскага звання і ўзнагарод, у тым ліку і Зоркі Героя. Але начальнік будоўлі генерал-лейтэнант Ягораў, які добра ведаў Дарасевіча, звярнуўся ў Маскву з просьбай разабрацца ў тым, што здарылася. Івана Сцяпанавіча выклікалі ў сталіцу. Ён прыехаў у Маскву 16 сакавіка 1953 года, праз некалькі дзён пасля смерці Сталіна. Дарасевіча паклікалі да Суслава. Той параіў напісаць апеляцыю і сам ёю заняўся. Івану Сцяпанавічу найбольш запомнілася, што ў кабінеце Суслава каля стала ляжалі два вялізныя сабакі.

– Каб Сталін быў жывы, то мне наўрад бы пайшлі насустрач, – запэўніў мяне Іван Сцяпанавіч.

У партыі Дарасевіча потым аднавілі, і воінскае званне вярнулі, а Зоркі Героя ён так і не дачакаўся. Ды і служыць перавялі на Поўнач, у Магадан. Захоўваецца ў сямейным архіве толькі даведка, у якой пазначана: «Выдана сапраўдная даведка маёру Герою Савецкага Саюза Дарасевічу Івану Сцяпанавічу, што ён знаходзіўся на лячэнні ў эвакашпіталі №3644 з 7 сакавіка 1945 з дыягназам «закрыты пералом тазабедранай косці». (Подпіс начальніка шпіталя падпалкоўніка Гінзбурга).

Жыццё доўжыцца

Дарасевіч Іван Сцяпанавіч – інвалід першай групы Вялікай Айчыннай вайны. Дрэнна ходзяць ногі, слабы слых, дрэнна бачаць вочы. З сясцёр і братоў у жывых аніводнага. Жыве ў Магілёве з дачкой Ірынай і зяцем Аляксандрам. Дагледжаны і акружаны клопатам і ўвагай. Гэта ў выхадныя дні і па вечарах. А ў буднія дні дома адзін. Перабірае старыя фотаздымкі, дакументы памятных гадоў, успамінае даўніх сяброў і эпізоды з франтоў чатырох былых войнаў. Год-два назад яшчэ хадзіў у калоне ветэранаў-франтавікоў па вуліцы Першамайскай ад пл. імя Леніна да Савецкай плошчы. Радасна Івану Сцяпанавічу, як пачуе тэлефонны званок ад сяброў-ветэранаў, якіх, на жаль, з кожным месяцам усё меней і меней. Усхвалявана-радасна сустрэў прыход прадстаўнікоў Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў. Яны горача павіншавалі ветэрана чатырох войнаў з 95-годдзем з дня нараджэння і ўручылі сціплы падарунак. У сваёй сям’і І. С. Дарасевіча, акрамя дачкі Ірыны, яшчэ два сыны: Уладзімір жыве ў Магілёве, а Анатолій памёр у Магадане. Унукаў шасцёра: тры ў Магілёве і тры – у Магадане. Мае трох праўнукаў і дачакаўся маленькай прапраўнучкі, якою асабліва ганарыцца.

Што ж, не кожнаму пад сілу вытрымаць такі лёс і не зламацца. Ды і небагата людзей, асабліва мужчын, якія дасягнулі такой вяршыні ўзросту.

Дарагі Іван Сцяпанавіч! Дзякуй Богу, што Вы ёсць! Бодрасці і аптымізму Вам, светлага настрою на многія леты!

2010 г.

Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.