Дамарацкая Вольга Іванаўна

Кіраўскі раён / Быхаўскі раён

БИОГРАФИЯ

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Вользе Іванаўне Дамарацкай давялося прайсці франтавымі дарогамі ўсе чатыры доўгія гады вайны. Калі пачалася вайна Вользе Іванаўне споўнілася 22 гады. Яна – ураджэнка Быхаўскага раёна, ужо год пасля заканчэння Магілёўскай акушэрска-фельчарскай школы па размеркаванні працавала медсястрой у інфекцыйным аддзяленні Бабруйскай бальніцы.

Але ў ваенны час медыкі становяцца байцамі. Першае баявое хрышчэнне В. І. Дамарацкая прыняла ў Шумячах на Браншчыне. З баямі дайшла да Масквы, удзельнічала ў Арлоўска–Курскай аперацыі.

– Самае страшнае, – успамінае Вольга Іванаўна, – было на Арлоўска-Курскай дузе. Гарэла неба і зямля. Вораг яшчэ агрызаўся, але адступаў. Мы разумелі, што вайна – зусім не жаночая справа, але ад нас залежала жыццё параненых. І мы працавалі дзень і ноч.

Была Дамарацкая В. І. сведкай «сустрэчы на Эльбе», прайшла Польшчу, Усходнюю Прусію, дайшла да Берліна. Тут, у г. Бурге, 8 мая, пасля абеду, даведалася аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Дэмабілізавалася 29 кастрычніка 1945 года. Яе баявы шлях адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За ўзяцце Кёнігсберга».

Пасля вайны Вольга Іванаўна яшчэ доўга працавала на ніве аховы здароўя. 10 гадоў – аперацыйнай сястрой у 290-м шпітале г. Бабруйска. Потым да самага выхаду на заслужаны адпачынак была медсястрой у хірургічным аддзяленні Кіраўскай райбальніцы. І на пенсіі жанчыне сумна было сядзець дома. Яна працавала на розных работах, ужо не звязаных з медыцынай.

ФОТО