Гладкіх Іван Дзмітрыевіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Быў другі дзень мая. Адчувалася, што вясна ўжо ўвабралася ў сілу. У ярка-зялёную раскошную лістоту ўбраліся бярозы, ужо пасыпалася долу чаромхавая квецень, запунсавелі цюльпаны, у беласнежны вэлюм апрануліся грушы, заружавепі яблыні. У прыродзе запанаваў нейкі святочна-узнёслы настрой, які перадаўся і людзям.

Мае суседзі якраз закончылі веснавую сяўбу і з гэтай нагоды паклікалі да сябе ў госці. Запрошанымі былі таксама і іх добрыя знаёмыя, якія па справах наведаліся ў нашу вёску. За бяседным сталом разгаварыліся. А паколькі ўсе былі людзьмі, якія перанеслі ваеннае ліхалецце, то і размова напачатку закранула бамбёжкі ў Югаславіі. Па тэлевізары рэгулярна паказваюць падзеі, якія штодня адбываюцца ў гэтай краіне. I таму, што ўсе перажылі вайну, то былі абураны дзеяннямі натаўцаў, якія цягнуць за сабою пагібель людзей. Такое ўжо было на нашай памяці больш за паўвека таму назад.

Сярод нас быў і ветэран вайны, маёр запасу Іван Дзмітрыевіч Гладкіх. Падчас аднаго з перакураў я і пацікавіўся ў яго, дзе яму давялося ваяваць. I хоць чалавек ён немнагаслоўны, аднак штокольвечы давялося даведацца.

Нарадзіўся ён у верасні 1922 года ў сяле Старая Альшанка Варонежскай вобласці. Калі пачалася вайна, яму не было яшчэ і дзевятнаццаці (у армію прызывалі тады ў 20), аднак юнак абіваў парогі ваенкамата, каб трапіць на фронт. I дамогся свайго. Аднак трапіў не на фронт, а ў Варонежскае вучылішча сувязі, якое, калі вораг падступаў да горада, было эвакуіравана ў Самарканд.

Праз некалькі месяцаў 31 снежня 1941 года адбыўся выпуск. I малодшага лейтэнанта Івана Гладкіх накіроўваюць у 845 стралковы полк 303 стралковай дывізіі, што базіравалася ў горадзе Кемерава. Там ён прыняў узвод сувязістаў з 27 чалавек.

– З Кемерава, – прыгадвае Іван Дзмітрыевіч, – нас перакінулі на абарону Варонежа. Давялося асесці там, дзе яшчэ курсантам вучылішча капаў акопы. Яны амаль цэлымі засталіся.

Пад Варонежам малодшы лейтэнант Гладкіх прыняў баявое хрышчэнне, а 23 ліпеня 1942 года быў паранены ў руку і адпраўлены ў шпіталь горада Барысаглебска. Але там ён прабыў нядоўга. I зноў фронт. Цяпер ужо Сталінградскі.

– Мы стаялі на правым беразе Волгі, і мне давялося прыняць стралковы ўзвод. Абаранялі Бекетаўку і Лапшын Сад. А потым мяне прызначылі начальнікам сувязі стралковага батальёна. Помніцца, намеснік камандзіра батальёна Акцюрын загадаў: «Мы пойдзем па зброю, а вы цягніце за намі сувязь». Загад ёсць загад. Катушкі за плечы і наперад. 3 гэтай вылазкі байцы прынеслі 4 ручных кулямёты і 18 вінтовак. Неўзабаве пад Сталінградам пачаліся жорсткія баі. 23 верасня 1943 года я быў зноў паранены ў левую нагу. Сувязістаў не было, і сувязь давялося наладжваць самому. Сувязь працягнуў, але трапіў пад абстрэл. Скочыў у роў, але куля мяне ўсё ж дастала. Адправілі ў шпіталь горада Саратава.

У шпіталі Іван Гладкіх прабыў каля двух месяцаў. Калі рана загаілася, выпісалі і накіравалі ў Маскоўскі вучэбны артылерыйскі цэнтр, што месціўся каля былой выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі.

– Спачатку прапанавалі вучыць сабак падрываць танкі. I такое было. Але навошта мне тыя сабакі? Лепш ужо сувязь і артылерыя. З Масквы нас адправілі на Цэнтральны фронт – на Курскую дугу. Мяне прызначылі начальнікам сувязі артдывізіёна, узброенага 76-міліметровымі гарматамі. Стаялі мы каля горада Мцэнска на рацэ Зуша. Вось там я і атрымаў свой першы ордэн Чырвонай Зоркі.

Потым былі Бранскі фронт, Калінінскі. На Бранскім фронце Іван Гладкіх знаходзіўся ў 23 артылерыйскай дывізіі РГК, якой камандаваў Багданаў.

– Разумнік быў наш камандзір. Талковы чапавек. Смелы. Я там быў начальнікам сувязі. Са сваіх хлопцаў добра помню Сашку Яфімава, тэлефаніста. Нічога не баяўся. Смелымі і спрытнымі былі сяржант Карпухін, радавы Зелепукін.

На Калінінскім фронце Іван Гладкіх быў паранены ў трэці раз пад горадам Андрыапалем 21 снежня 1943 года і адпраўлены ў Вышні Валачок, шпіталь № 1949. Пасля выздараўлення былі 2 і 3 Беларускія франты, у складзе якіх вызваляў Мінск, Барысаў, Лепель. Потым Прыбалтыйскія франты. Удзельнічаў у вызваленні Вільнюса, Рыгі, браў Кёнігсберг. Вайну закончыў пад Шчэцінам. Апрача ордэна Чырвонай Зоркі, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга».

Пасля вайны Іван Дзмітрыевіч Гладкіх працягваў служыць у арміі. Спачатку ў Беларусі, а потым у складзе Групы савецкіх войск у Германіі. Зволіўшыся ў запас, працаваў у розных арганізацыях за межамі Беларусі, а таксама і ў Асіповічах.

Цімінскі, А. Дарогі франтавыя / А. Цімінскі // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 1999. – 8 мая.