Герасімчык Міхаіл Андрэевіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Салдат Перамогі

Зіма 1943 года. Немцы акружылі вёску Вяззе і пачалі зганяць моладзь, каб потым адправіць у Германію. Семнаццацігадоваму Міхаілу Герасімчыку ўдалося схавацца і не трапіць у лік хлопцаў і дзяўчат, якім наканавана было прымусова працаваць на чужынцаў.

– Але, калі першы раз пашанцавала, – падумаў бацька Мішы, – у другі раз бяды не мінаваць. Трэба шукаць сувязі з партызанамі і тэрмінова з’язджаць адсюль, бо ўжо моцы не стае глядзець на пакуты людзей.

Два дні блукалі ён і яшчэ трое аднасяльчан па навакольных лясах, шукалі сустрэчы з людзьмі, якія сталі ляснымі жыхарамі, народнымі мсціўцамі. I яна адбылася.

Не адразу іх прынялі ў партызанскую сям’ю. Устроілі праверку: мала што...

Вось такім чынам Міхаіл Герасімчык стаў радавым трэцяй роты, якую ўзначальваў Шрэйн. Тут ён пазнаёміўся з Маркам Кунько і неаднойчы хадзіў з ім на заданні. Толькі гэта было пазней. А спачатку давялося навучыцца абыходжанню са зброяй, з усім тым, чым неабходна карыстацца на вайне.

– На асабліва адказныя заданні мяне не пасылалі, бо сярод партызан былі мужчыны больш вопытныя, – успамінае Міхаіл Андрэевіч. – Мне асабіста давялося ўдзельнічаць у аперацыі па затрыманні паблізу Ліпеня здраднікаў, у нападзенні на гарнізоны, быў у засадзе, якую рабілі паміж Вяззем і Орчай. А болей усяго ўдзельнічаў у падрыве чыгуначнага палатна, ці, як кажуць, у рэйкавай вайне.

1944 год. Вызваленне нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Герасімчык таксама сустрэў у партызанах. I калі дзеючая армія рушыла на Захад, уступіў у рады чырвонаармейцаў. На тэрыторыі Польшчы ў адным з баёў яго цяжка параніла. Доўга цягнуліся дні ў ваенным шпіталі. Настаў час выпіскі. Ваенурач выдаў даведку, у якой вызначыў цяжкасць ранення. Зберагчы б гэтую паперу да мірных дзён, ды па маладосці не думалася, што спатрэбіцца яна потым. Вось і скурылі з махрою каштоўную паперу сябры шпітальныя на зваротным шляху ў часць.

Толькі калі раненне дало аб сабе знаць, пагоршылася здароўе, спатрэбілася тая даведка, пацвярджэнне, што раненне атрымана на фронце Вялікай Айчыннай. Архівы – маўклівыя сведкі многіх падзей, але, калі патрэбна, яны гавораць.

I Міхаілу Андрэевічу прыйшло пацвярджэнне, што сапраўды ён быў выключаны са спісаў часці ў выніку ранення. Медыцынскія абследаванні, заключэнні і – другая група інваіліднасці.

З 1926 года нараджэння Міхаіл Андрэевіч Герасімчык. Гады тры, як ён не працуе. А так амаль увесь час рабіў на нялёгкай рабоце: машыністам кацельні то на млынкамбінаце, то на заводзе жалезабетонных канструкцый. I ўсюды яго ўспамінаюць добрым словам, бо гэта надзвычай сціплы, прынцыповы і мудры чалавек.

Міхаіл Андрэевіч жыве ў нашым горадзе непадалёк ад чыгуначнага вакзала. У кватэры асаблівая ўтульнасць. А яна ад таго, што муж і жонка Герасімчыкі – людзі прыстойныя, працавітыя і з добрай, шчырай душой.

Баскакава, Л. Салдат Перамогі / Л. Баскакава // Запаветы Леніна. – 1993. – 10 лютага. – С. 2.