Гарбачоў Аляксандр Антонавіч

Шклоўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

За два месяцы да канца вайны

Вайна прынесла шмат горычы і трывог нашаму беларускаму народу. Цяжкі лёс дакрануўся амаль да кожнага чалавека, сям’і. Адчуў яго на сабе і Аляксандр Антонавіч Гарбачоў, жыхар вёскі Чарнаручча. Вялікая Айчынная вайна зрабіла яго інвалідам І групы, забрала зрок і агарнула цемрай на ўсё жыццё. Аляксандр Антонавіч бачыць сонца, прыгажосць навакольнага свету толькі ў снах, а людзей і сваю загубленную маладосць – ва ўспамінах аб вайне.

Нарадзіўся Гарбачоў у 1926 годзе ў сям’і земляроба. Акрамя яго, бацькі выхоўвалі яшчэ сямёра дзяцей. Стараліся, працавалі, не шкадуючы сіл, таму хапала і бульбы, і хлеба. Дзеці падраслі, пачалі дапамагаць бацькам. Разам з імі ў 30-я гады пайшлі працаваць у мясцовую гаспадарку. Аляксандру даверылі пасвіць кароў.

Першыя звесткі аб вайне прынеслі трывогу і непакой. Стала яшчэ горш, калі немцы дабраліся і да іх вёскі. Некаторыя юнакі падаліся ў паліцыю. А той, хто падыходзіў па ўзросту – у партызаны. У 1942 годзе пачалася аблава на моладзь, каб адправіць на нявольніцкую працу ў Германію. Гарбачову пашанцавала, бо паспеў схавацца.

Прайшоў год. Вайна працягвалася. Людзі, каб пракарміцца, займаліся палявымі работамі: сеялі, палолі, убіралі ўраджай. У час жніва Гарбачовы былі на полі. Жанчыны жалі жыта, мужчыны адносілі да гурта снапы.

Немцаў заўважылі адразу, як толькі тыя паявіліся на полі. Аляксандр кінуўся ўцякаць. Добра, што яго бегства не заўважылі. Адчуваючы нешта нядобрае, ён мінуў лес і спыніўся толькі тады, калі ўбачыў вёску Тросна.

Бацька ж у гэты час расказваў фашыстам, што сына не бачыў ужо больш за месяц і сувязі з ім у яго няма. Потым прасіў начальніка паліцыі, каб не адпраўлялі хлопца ў Германію, бо вайна і так забрала трох яго сыноў. Аднак той застаўся няўмольным і папярэдзіў Гарбачовых, што раніцай забярэ з двара карову. Так рагуля пакінула свой хлеў.

Пад пастаянным страхам юнак усю восень і зіму хаваўся дома ад паліцаяў. Аб гэтым, акрамя хатніх, ніхто і не ведаў. Пры першай жа магчымасці Гарбачоў падаўся ў партызаны. Аднак доўга партызаніць не давялося.

25 атрад брыгады «Чэкіст» пасля вызвалення раёна сабралі ў Шклове і маладых людзей адправілі ў г. Сялец на ваенную вучобу. У жніўні 1944 года Аляксандр Антонавіч прыняў прысягу, пасля чаго салдат цягніком даставілі ў Мінск. Тут іх чакалі грузавыя аўтамашыны. Кожная была разлічана на 16 чалавек. Напрамкам жа стаў Другі Беларускі фронт.

Разам з групай ваенных Гарбачоў папаў у другі батальён 44 палка 42 дывізіі ў якасці аўтаматчыка. Шмат франтавых шляхоў давялося яму прайсці па Беларусі, Польшчы. Цяжкі бой працягласцю ў тры дні прайшоў непадалёк ад ракі Нарвы. Ад бомбаў і снарадаў дрыжала зямля. Смерць, крыкі, цемра ішлі побач, пакідаючы за сабой крывавы след. Тады Гарбачову пашанцавала і ён змог дайсці да Усходняй Прусіі.

У сакавіку 1945 года Аляксандра Антонавіча ў адным з баёў цяжка параніла. У выніку ён страціў зрок. Вярнуць маладому байцу не змог ні адзін урач. А да канца вайны засталося толькі два месяцы…

Падлячыўшыся ў шпіталях г. Беластока, Тамбова, Гарбачоў вярнуўся дадому. Тут і сустрэў Перамогу. Ён быў рад, што закончыліся пакуты дюдзей і для ўсіх пачыналася шчаслівае жыццё пад мірным небам. Для Аляксандра Антонавіча, які атрымаў І группу інваліднасці, яно было асаблівае.

Тая цемра, што стала яго пастаянным спадарожнікам, патрабавала навучыцца жыць па-новаму. Ён змірыўся са сваім лёсам. А. А. Гарбачоў працаваў старшынёй пярвічнай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Аляксандр Антонавіч – незвычайны чалавек. Сваёй працай, вялікай сілай волі ён заслужыў павагу людзей, мужнасцю на вайне – узнагароды: ордэн Айчыннай вайны, медаль «За адвагу» і іншыя. Аднак ён сам лічыць сваёй галоўнай узнагародай – памяць і ўдзячнасць людзей.

Рандзіцкая, М. За два месяца да канца вайны / Марына Рандзіцкая // Ударны фронт. – 2004 г. – 24 сакавіка. – С. 3.