Васільчанкаў Васіль Мартынавіч

г. Магілёў

ФОТО

В.М. Васільчанкаў у Кітаі (трэці злева направа)

Васільчанкаў Васіль Мартынавіч

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Абарона Радзімы – сэнс усяго майго жыцця

Нарадзіўся Васіль Мартынавіч у сяле Шабліеўка Сальскага раёна Растоўскай вобласці ў сям’і сялян Мартына Пракопавіча і Марыі Пятроўны Васільчанкавых. Сям’я вялікая – шасцёра дзяцей. Дапамагаць бацькам прыйшлося з малых гадоў. А праца была і на сваёй сядзібе, і на калгаснай ніве.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Васіль скончыў сем класаў школы. Пры калгасным клубе былі ўтвораны некалькі гурткоў, дзе падлеткаў вучылі, як пагасіць запальваючую варожую бомбу, аберагчы сябе ад ядавітых хімічных рэчываў, як аказаць першую дапамогу раненым. Часта бегалі на чыгунку, калі прыходзілі цягнікі з раненымі салдатамі, бежанцамі, насілі ім кавуны, дыні.

Зімой 1941-1942 гг. Чырвоная Армія пад Масквой прарвала нямецкую абарону і перайшла ў контрнаступленне. У патрыятычным парыве тысячы маладых юнакоў і дзяўчат імкнуліся пайсці на фронт. Добраахвотнікам запісалася яго старэйшая сястра Марыя. Яна асвоіла спецыяльнасць шафёра і ваявала да канца вайны. А Васілю прыйшлося працаваць у калгасе, дзе ён быў прызначаны ўчотчыкам паляводчай брыгады.

Летам 1942 года армада варожых войск рухалася ў кірунку Сталінграда, а другая – данскімі стэпамі якраз на Сальск і Шабліеўку з выхадам на Каўказ. Бацька Васіля быў брыгадзірам трактарнай брыгады, і ён павёў яе сваім ходам у эвакуацыю далей на ўсход, але немцы перахапілі іх і давялося вярнуцца назад. Тут немцы ўжо разрабавалі іх калгас імя Будзёнага. Жывёлу на фермах парэзалі для сваіх патрэб, калгасную маёмасць вывезлі. Абрабавалі акупанты і падвор’і калгаснікаў. Ацалела толькі тое, што расло на агародах. Людзі мучыліся, галадалі. Жыццё было жахлівае. Але акупацыя Шабліеўкі была кароткай – усяго паўгода.

У маі 1943 года Васіля, якому ўжо споўнілася 17 гадоў, прызвалі ў Чырвоную Армію. Навабранцы пешым ходам прайшлі амаль 300 кіламетраў, затым іх везлі чыгункай у вагонах-цяплушках. У прыгарадзе Сталінграда быў сфарміраваны запасны вучэбна-стралковы полк. Вучоба вялася паскораным метадам, фронт чакаў папаўнення.

Салдат Васільчанкаў быў залічаны ў асобны зенітна-артылерыйскі батальён, які накіравалі ў Бярдзічаў. Ужо падчас разгрузкі вагонаў мусілі прыняць першы бой – адагналі агнём нямецкія бамбардыроўшчыкі.

– Нам была пастаўлена задача, – успамінае Васіль Мартынавіч, – ахоўваць чыгуначны вузел Бярдзічаў, ад якога поўнасцю залежыла забеспячэнне двух франтоў: 1-га Украінскага і 1-га Беларускага. Ноччу на Бярдзічаў наляталі «Юнкерсы», а днём з раніцы да позняга вечара гітлераўцы вялі абстрэл нашых пазіцый з дальнабойных гармат. Фашысты імкнуліся ў што б ні стала разбамбіць чыгуначную станцыю.

Асабліва памятны быў вечар 22 лютага 1944 года. На нас рухалася магутная армада варожых самалётаў. Безупынна ўхалі нашы 85-мм зеніткі, а па суседству – 37-мм (іх называлі МЗА) расквечвалі неба трасіруючымі снарадамі. Усё часцей і часцей варожыя бамбардыроўшчыкі ў чорным небе пераўтвараліся ў яркія факелы. Стаяў суцэльны гул ад стральбы зенітнай артылерыі і разрываў варожых бомб. Але ніводная бомба ў тую ноч не ўпала на станцыю Бярдзічаў.

У памяці палкоўніка Васільчанкава і яшчэ многія эпізоды. Для кожнай гарматы нарматывам быў устаноўлены абаязковы камплект з 72 снарадаў. Іх звычайна хапала, каб адбіць атаку бамбардыроўшчыкаў. Але аднаго вечара «Юнкерсы» ішлі чарада за чарадой безупынна, адкуль толькі браліся, і ўсе камплекты боепрыпасаў былі зрасходаваны, а самалёты ішлі. Склад знаходзіўся недалёка, але ж снарады трэба было прынесці, ды няма каму. Былі мабілізаваны повары, тэлефаністы, разведчыкі, дзяўчыны-прыбарысты і нават медсястра. Яны паднасілі снарады, а зеніткі, нібы раз’юшаныя звяры, вярцелі стваламі то ў адзін, то ў другі бок, а то і на ўсе 360 градусаў, пасылаючы ў неба смертаносныя языкі полымя. Гармат не было бачна ад пылу і парахавога дыму. Калі «Юнкерсы» схаваліся за гарызонт, вакол дыміліся пажары. Але чыгуначная станцыя і на гэты раз не пацярпела.

– Чаму мы так аддана змагаліся? Ды таму, што ў нас быў вельмі высокі маральны дух, мы цвёрда верылі, што вораг будзе разбіты, што перамога будзе за намі! – гаворыць Васіль Мартынавіч.

У верасні 1944 года зенітны дывізіён, у якім служыў радавы Васільчанкаў, быў перададзены ў распараджэнне 3-га Украінскага фронта і накіраваны ў Малдавію, у г. Бендэры, для аховы аэрадрома і пераправы праз Днестр. I з гэтай задачай дывізіён справіўся. У студзені 1945 года, пераадолеўшы адлегласць 900 кіламетраў, дывізіён праз Румынію, Заходнюю Украіну і Польшчу прыбыў у распараджэнне 4-га Украінскага фронту. Апошняя дыслакацыя дывізіёна была на рацэ Вісла ў г. Бяла. Тут наш герой і сустрэў Перамогу.

Кадравая служба ў арміі

У верасні 1945 года зенітны дывізіён перабазіраваўся ў Заходнюю Украіну ў г. Цярнопаль, адкуль Васільчанкаў з групай салдат быў адпраўлены ў г. Львоў курсантам у палкавую школу. Адначасова ён тут скончыў завочна-вячэрнюю сярэднюю школу і ў 1948 годзе паступіў вучыцца ў Горкаўскае Чырвонасцяжнае ваенна-палітычнае вучылішча імя М.В. Фрунзе. Скончыўшы яго, атрымаў званне лейтэнанта і накіраванне ў Беларускую ваенную акругу ў знішчальна-авіяцыйны дывізіён супрацьпаветранай абароны на пасаду памочніка начальніка палітаддзела па камсамольскай рабоце. Яшчэ ў 1947 годзе ў Львове ён пазнаёміўся з дзяўчынай, якая вучылася ў тэхнікуме лёгкай прамысловасці і цяпер заканчвала яго. Лейтэнант Васільчанкаў паслаў у тэхнікум запрос і Аню накіравалі ў Баранавічы, дзе яны зарэгістраваліся ў ЗАГСе. I стаў Васіль Мартынавіч шчаслівым сямейным чалавекам.

Ваенны саветнік у Кітаі

У пачатку пяцідзясятых гадоў на Карэйскім паўвостраве ішла вайна, якую вялі Паўднёвая і Паўночная Карэя. На баку Паўднёвай Карэі былі Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўночнай Карэі дапамогу аказвала Кітайская Народная Рэспубліка. З Савецкага Саюза ў Кітай тайна пасылаліся ваенныя саветнікі. I не толькі. Ветэран паведаў некаторыя цікавыя факты сваёй біяграфіі, якія шмат гадоў трымаліся ў строгім сакрэце.

– Дывізія, у якой я служыў у Баранавічах, – расказвае Васіль Мартынавіч, – была ўзброена навейшымі па тым часе рэактыўнымі знішчальнікамі МІГ-15. Аднаго дня на самалётах былі зафарбаваны апазнавальныя знакі. Затым самалёты разабралі па частках, тайком пагрузілі на чыгуначныя платформы і закрылі брэзентам. Усе афіцэры, хто быў уключаны ў спіс для адпраўкі, здалі свае дакументы і партбілеты на захаванне ў Маскве. Нас пераапранулі ў цывільную вопратку. Усё трымалася ў вялікім сакрэце. Нават мы не ведалі, куды нас павязуць.

У канцы 1950 года мы прыбылі ў г. Шанхай. Эшалоны разгрузілі на яго ўскраінах на аэрадромах. Там жа зрабілі зборку самалётаў да баявой гатоўнасці. Нашы лётчыкі былі ў кітайскім абмундзіраванні. Мы, саветнікі-інструктары, на працягу года рыхтавалі кітайскіх лётчыкаў. Цікава, што колькасць збітых амерыканскіх самалётаў у дзесяць разоў перавышалі страты кітайскія. Нашы лётчыкі збівалі нават славутыя лятаючыя амерыканскія крэпасці – Б-52. У друку на той час аб нашай дапамозе кітайцам не было ні слова. У Кітаі мы часам атрымлівалі газеты «Правда» і чыталі абвяржэнне ТАСС, што ў Кітаі няма савецкіх афіцэраў. Свае лісты сем’ям мы пасылалі ў Маскву, а адтуль пасля строгай цэнзуры іх перасылалі нашым родным.

Аб знаходжанні ў Кітаі ў мяне засталіся самыя цёплыя пачуцці. Гэта цудоўная краіна, а які там працавіты народ! Адносіны да савецкіх ваенных былі выключна паважлівыя. З харчаваннем, бытам – аніякіх праблем. Да вячэры нават вінаграднае віно падавалі. А якія светлыя провады былі! Кітайскі міністр абароны наладзіў для нас банкет і ўручыў кожнаму саветніку ад імя Мао Цзэдуна медаль кітайска-савецкай дружбы.

Пасля вяртання ў Саюз Васільчанкаў служыў у ваенных гарнізонах Гомеля, Калугі, Рыгі, Оршы, Бранска, Саратава... Ваенную кар’еру закончыў у 1976 годзе на пасадзе намесніка начальніка Ваеннай школы авіяцыйных спецыялістаў радыстаў-метэаролагаў у званні падпалкоўніка.

На мірнай працы

Пасля службы ў арміі Васільчанкаў працаваў яшчэ 12 гадоў дырэктарам Магілёўскай дзіцячай экскурсійна-турыстычнай базы. Але і цяпер не цураецца працы ў патрыятычным выхаванні моладзі. У апошні час падводзяць ногі, але ветэран вядзе перапіску. У школу №86 роднага сяла Шабліеўка перадаў шмат дакументаў для школьнага музея. Адтуль атрымлівае лісты з удзячнасцю, да юбілею яму прыслалі Ганаровую грамату. А нядаўна разам са старшынёй Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў Ф.М. Мацьковым Васіль Мартынавіч звярнуўся да кіраўніка фракцыі КПРФ у Дзярждуме Федэральнага сходу ў Расіі Г.А. Зюганава з просьбай аказаць дапамогу па ўстанаўленні на Буйніцкім полі ў Магілёве помніка «Куцепаў-Сіманаў-Раманаў». Генадзь Андрэевіч станоўча аднёсся да просьбы ветэрана, прыслаў яму ліст, а яшчэ ўзнагародзіў яго памятнымі медалямі ЦК КПРФ.

На пытанне пра самыя шчаслівыя гады свайго жыцця юбіляр адказаў: – Служба ў Саратаве на аэрадроме «Энгельс». Там былі і рыбалка, і паляванне, і памятныя водпускі з сям’ёй па жывапісных мясцінах поўдня Расіі. Там мне пашчасціла сустрэцца з першым касманаўтам Юрыем Аляксеевічам Гагарыным 12 красавіка 1961 года праз тры гадзіны пасля яго прызямлення. Светлая сустрэча з ім засталася ў памяці на ўсё жыццё.

Васіль Мартынавіч – вопытны аўтааматар. На ўласных «Жыгулях» ад’ездзіў 35 гадоў без аніякай паломкі і аварыі. Цяпер яго хобі – кулінарыя: згатуе сам так, што ўсе госці ўплятаюць за абедзьве шчакі напераганкі. У заключэнне Васіль Мартынавіч сказаў такія словы: «З нашай сям’і чацвёра ваявалі на фронце. Загінулі дваюрадны брат Дзмітрый і родны брат Іван. Старэйшая сястра Марыя і я вярнуліся з вайны жывымі. Удзел у Вялікай Айчыннай вайне лічу самай галоўнай сваёй заслугай перад Радзімай і лічу сябе шчаслівым. Смуткую толькі, што няма сёння са мной маёй залатой жонкі Ганны Паўлаўны, з якой мы за гады жыцця змянілі 17 месц жыхарства і ніколі яна не скардзілася на лёс. Але радуюць унукі, іх у мяне чатыры, усе з вышэйшай адукацыяй, ёсць і шэсць праўнукаў. А ці ж гэта не шчасце?».

У дзень юбілею Васіля Мартынавіча наведалі афіцыйныя госці: старшыня Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў Ф.М. Мацькоў, старшыня Ленінскага раённога савета ветэранаў горада М.З. Серавін, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі гарвыканкама Магілёва Ж.І. Квяткоўская. Яны цёпла павіншавалі юбіляра, уручылі яму лісты ўдзячнасці, падарункі, а затым гаспадар разам з дачкой Тамарай запрасілі іх за святочны стол, дзе і адбылася цікавая размова с ветэранам.

Здароўя, аптымізму і многае леты Вам, Васіль Мартынавіч!

2011 г.

Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.