Булойчык Рыгор Ільіч

Клічаўскі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Хата Булойчыка стаіць на ўскрайку адной з вуліц. Яна акружана садам, агародчыкам, чыстым дворыкам, дзе акуратна размясціліся пабудовы. Гаспадар сядзібы, пераадолеўшы хваляванне ад прыходу нечаканых гасцей, запрасіў у дом. Падзякаваўшы за запрашэнне, мы селі на лавачку, якая прытулілася на двары да плоту, пачалі гаворку.

Рыгор Ільіч – сярэдняга росту, з мускулістымі, натруджанымі рукамі і загарэлым, абветраным тварам. Рухавы не па гадах, памяркоўны ў размове, ён тут, у вёсцы, глыбока спазнаў спрадвечны сялянскі клопат. Зямля ўзгадавала і ўскарміла яго. Тут знаёма яму кожная палявая сцяжынка. I ўсё да болю ў душы блізкае і роднае.

У Коўбчу Булойчык пераехаў у пасляваенны час. Дагэтуль жыў з бацькамі ў вёсцы Бор Бярэзінскага раёна. Гэта недалёка ад Коўбчы, куды хлопчыкам ён не раз прыходзіў да роднай цёткі і дзе займеў шмат сяброў. Сярод іх была і Марыйка.

Гуляючы ў розныя гульні, дзеці тады не думалі аб вайне. Яна прыйшла нечакана, перайначыла іх лёсы, пакінула рубцы на сэрцы. Рана сталела ў той грозны час моладзь, рана ўзяла ў рукі зброю, каб разам з дарослымі змагацца з ворагам.

Пятнаццацігадовым юнаком, не спытаўшы дазволу ў бацькі і маці, Рыгор пакінуў родную хату і са старэйшымі вяскоўцамі пайшоў у партызанскі лес, каб стаць народным мсціўцам. Ён быў залічаны байцом у партызанскі атрад № 120, які дыслакаваўся ў Цераболі.

– Першы бой з фашыстамі прыняў ля Пагоста, – прыгадвае Рыгор Ільіч. – Былі мы ў засадзе ля вёскі Кукурава. Як толькі немцы паказаліся на шашы, дружна ўдарылі па іх...

Потым былі яшчэ баі. Шмат іх, цяжкіх, жорсткіх, давялося зведаць маладому партызану. А калі на клічаўскую зямлю прыйшла Чырвоная Армія, уступіў Булойчык у яе рады і пагнаў ворага на Захад, туды, адкуль пачалася вайна.

– Добра помніцца горад Шпандауц, – працягваў ветэран размову. – Немцы, адчуваючы блізкую сваю пагібель, ніяк не хацелі аддаваць нам гэты горад, агрызаліся з апошніх сіл. Дарэчы, тут я атрымаў ордэн Славы трэцяй ступені. Бой быў на самым беразе Одэра.

...Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі пачулася доўгачаканая каманда: «У атаку!». Рыгор Ільіч бег разам з іншымі. Здавалася, яшчэ некалькі мінут – і вораг будзе змяты. Але нечакана з гораду на перадавыя пазіцыі нашых войск выскачыў нямецкі танк. Салдаты, заўважыўшы стальную грамадзіну, спынілі наступленне, заляглі. Танк, адрыгваючыся кулямётным агнём, на поўным ходзе нёсся на чырвонаармейцаў. Наступала крытычная мінута.

У гэты час Булойчык заўважыў каля сябе нямецкі фауст-патрон. Схапіўшы яго, воін папоўз насустрач танку. Калі да цэлі заставалася некалькі метраў, Рыгор Ільіч прыцэліўся і выстраліў. Па чорнаму дыму, што паваліў з варожай машыны, зразумеў – не прамахнуўся. А з аўтамата потым расстраляў выскачыўшых з яе чэрава танкістаў.

Уручаючы ордэн, камандзір дывізіі сказаў: «Па-снайперску ты яго. Малайчына!».

На франтавых дарогах Булойчык атрымаў тры раненні і кантузію. А на грудзях ярка заззялі многія ўзнагароды – знакі яго воінскай доблесці.

«Лічы мяне сваім мужам», – напісаў ён з Берліна пісьмо Марыйцы. Той самай Марыйцы, з якой пазнаёміўся да вайны ў Коўбчы і з якой перапісваўся.

У хуткім часе Рыгор і Марыя, згуляўшы вяселле, купілі ў Коўбчы хату і зажылі ў згодзе ды шчасці. Пайшлі дзеці: Валодзя, Валя, Васіль, Віця, Вера, Ірына. Нараджэнне кожнага з іх было сапраўдным святам у сям’і Булойчыкаў.

Марыя ўладкавалася паштальёнам, а Рыгор стаў трактарыстам. Аднойчы ў Красінскую МТС спатрэбіўся брыгадзір трактарнай брыгады.

Каму даручыць гэты ўчастак? У кіраўнікоў заўсёды добры чалавек на прыкмеце. Вырашылі прасіць згоды ў Булойчыка, бо яго даўно заўважылі ў калектыве, ацанілі старанне.

– Ці спраўлюся? Грамацёйкі не хапае, – пачаў пярэчыць ён.

– Нічога, Рыгор Ільіч. Падвучышся. Накіруем цябе на курсы ў Магілёў. Там ёсць такія, дзе на брыгадзіраў вучаць. – адказалі яму. – Пры сельскім прафтэхвучылішчы.

Так і зрабілі. Два гады і восем месяцаў прайшло, як ён, набыўшы веды на курсах, зноў вярнуўся ў родны калектыў. Было гэта ў 1954 годзе.

– А праз год у партыю ўступіў. – гаворыць Рыгор Ільіч. – Даўно пра гэта марыў. Вось мая мара і збылася.

Атрымаўшы новую пасаду, Булойчык поўнасцю акунуўся ў справы брыгады. Няхітрая, на першы погляд, работа спачатку давалася яму з цяжкасцю. Адчуваўся недахоп вопыту. Але паступова ў маладога брыгадзіра пачалі выпрацоўвацца свой стыль, тактыка ўзаемадзеяння з хлебаробамі.

– Пасля ліквідацыі МТС, – сказаў пра Булойчыка сакратар парткома калгаса «Савецкая Беларусь» С. В. Кудзін, – па-ранейшаму займае пасаду брыгадзіра трактарнай брыгады ў нашай гаспадарцы. Часта бывае там, дзе працуюць механізатары. Правярае, як яны выконваюць тую ці іншую работу, дае ім парады, іншы раз сам падхоплівае гаечны ключ і дапамагае трактарыстам у рамонце. Не церпіць нядбайнасці на зямлі. Брыгадзір ён – якіх пашукаць. З майстроў майстар.

Гады брыгадзірства зрабілі сталым характар Булойчыка, загартавалі волю, узбагацілі жыццёвай мудрасцю. Цяпер ён як настаўнік свой багаты вопыт, уменне перадае маладым калгаснікам. У гутарках з імі не спрашчае сялянскую працу, адкрыта гаворыць аб цяжкасцях, аб той безгаспадарчасці, якая, на жаль, пакуль ёсць у гаспадарцы, аб неабходнасці беражліва адносіцца да тэхнікі, роднай зямлі. Шмат дапамагае моладзі ў асваенні набытай спецыяльнасці, у пазнанні тэхнікі. Так, напрыклад, у апошні час дапамог адрамантаваць і адрэгуляваць трактар маладому механізатару Мікалаю Санько. З яго ўдзелам зрабіў неабходную рэгуліроўку пярэдніх бартавых колаў у сваім трактары МТ3-82 Аляксандр Маслоўскі.

Сяброўская падтрымка і дапамога на першым часе значаць нямала. Маладыя людзі пакрысе прывыкаюць да хлебаробскай справы, назаўсёды асядаюць у калгасе.

Бывае, што да Булойчыка за парадай або з просьбай звяртаюцца і старэйшыя механізатары. Ён ім таксама не адмаўляе. Вось хаця б адзін з прыкладаў.

Неяк у трактара, на якім працаваў А. Ю. Татур, выйшаў са строю рухавік. Гарачы тады быў час – ішла сяўба. Р. I. Булойчык адразу ж выехаў у поле да трактара. Разам з Антонам Юльянавічам высветліў: перабіла штангу механізма газаразмеркавання. Брыгадзір дастаў на складзе новую. Хутка трактар Татура зноў рушыў па полю.

Аднойчы у час пагрузкі торфу зламалася станіна ў пагрузчыку А. А. Гаўрыленкі. І тут не абышлося без Булойчыка, які дапамог своечасова ліквідаваць няспраўнасць.

У калгас з кожным годам прыходзіць усё больш дасканалая тэхніка. Іншым стаў і механізатар. Многія маюць добрую падрыхтоўку. За плячыма ў іх вучоба ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах. Рыгор Ільіч таксама не жыве старым багажом, пастаянна цікавіцца тэхнічнымі навінкамі, шмат чытае сельскагаспадарчых выданняў, грунтоўна вывучае кожную новую машыну. Усё гэта і дапамагае яму быць пастаянна эрудзіраваным, добра ведаць тэхніку.

ІІраўда, як і ў кожнага чалавека, ёсць у Р. I. Булойчыка свае слабасці, здараюцца памылкі ў рабоце. Кіраўнікі, вядома, па галоўцы не гладзяць. Але Рыгор Ільіч з тых, хто цвяроза ацэньвае свае ўчынкі і робіць правільныя для сябе вывады.

– Чаго б вам хацелася ў жыцці? – пытаю.

Ён маўчыць, ківаючы галавой. Маўляў, аб чым гаварыць, а потым усё-такі адказвае:

– Усё ёсць для таго, каб жыць прыгожа і культурна. Вось толькі, каб вайны не было. Мы тады, у сорак першым, яе не жадалі. Не хочам і зараз. Правіцелям ЗША не па душы мір. Не простаму тамашняму люду хочацца вайны, а таўстасумам. Але мы не дадзім узарваць свет...

Рыгор Ільіч падымаецца з лаўкі. Мы разумеем: яму трэба на працу. Развітваемся, І ён нетаропка крочыць на машынны двор.

Балтушка, І. Доблесць франтавіка / І. Балтушка // Сцяг Саветаў. – 1984. – 28 чэрвеня. – С. 2–3.