Браўсаў Рыгор Дзянісавіч

Клічаўскі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

...Ранняя вясна 45-га. Румынія. Пачатак красавіка. 19-гадовы Яўген Бугаенка ў чарговым баі. Чырвонаармейскія войскі папоўнены ў 1944 годзе навабранцамі. Яны нявопытныя, але перажылі гады ліхалецця, акупацыі, пабачылі зверствы фашызму, многія з іх страцілі дарагіх людзей, нагаладаліся і намерзліся. Маладыя вайскоўцы жадалі адпомсціць ворагу за ахвяры і боль, страты ні ў чым не вінаватых людзей.

Патрапіўшы ў войска Трэцяга ўкраінскага фронту, Яўген авалодаў кулямётнай справай. Пасля ранення ў адным з баёў лячыўся ў паходным шпіталі, а затым быў накіраваны кулямётчыкам у Першы беларускі фронт, якім камандаваў легендарны маршал Жукаў. Вось тую вясну 45-га і запомніў на ўсё жыццё адэсіт Бугаенка, калі на світанку ў іх бліндажы з’явілася «фігура» ў форме танкіста і голасам, недапушчальным ніякага пярэчання (следам было шэсце армейскага начальства), пыталася ў байцоў, як кормяць, надзяваюць і кіруюць імі начальнікі. «А калі апомніліся мы ад гэтага моцнагалосага нашэсця, – успамінае Яўген Лук’янавіч, – сталі пытацца адзін у аднаго, хто гэта?» Байцы са стажам праяснілі моладзі, што гэта сам Жукаў. Было гэта якраз перад цяжкім боем, калі давялося фарсіраваць Эльбу.

– Незабыўны для мяне і бой за ўзяцце Варшавы. Нямала нашых танкаў апынулася пад лёдам на рэчцы Вісла. Ён не вытрымліваў іх цяжару. Траплялі ў ваду і байцы, але іх ратавалі. Толькі нішто не магло спыніць імпэт вызваліцеляў. Заклік «Наперад! За Радзіму!» хаця і на чужой зямлі, быў для нас нястрыманай сілай.

Для Яўгена Лук’янавіча хвалюючы момант той веснавой Перамогі – сустрэча на Эльбе з салдатамі Другога фронта. Гэта былі амерыканцы.

– Ведаеце, паўз бераг Эльбы былі накрыты сталы. Гэта было 7 мая, – працягвае свае ўспаміны ветэран. – Смех, гумар, новая вайсковая, нязвыклая для нас форма. Дашчатыя сталы, зробленыя спецыяльна для гэтай падзеі, нагрувашчаны прадуктамі нашымі і амерыканскімі. Мы з чужаземнымі салдатамі абменьваліся сувенірамі: у каго што было – ад гузікаў, іншых дробязяў, да больш сур’ёзных рэчаў – шапак, нажоў і г. д. Няведаючы мовы –

разумелі адзін аднаго. Потым была Перамога.

А затым... Праз месяц-два ў адну з начэй пагрузілі вайскоўцаў, якіх як курсантаў афіцэрскай школы, яшчэ трымалі ў Германіі, і павезлі. Састаў падоўгу стаяў на шматлікіх стаянках у Германіі і Польшчы. «Толькі ў беларускім Брэсце даведаліся мы, – гаворыць Яўген Лук’янавіч, – што скончылася на Далёкім Усходзе, куды і накіроўваўся састаў з вайскоўцамі, Другая Сусветная вайна.

Праз некалькі дзён, у сярэдзіне верасня 1945 года, апынуўся курсант Бугаенка ў горадзе Бабруйску. I ў адзін з залатых восеньскіх дзён сустрэў віркаўчанку Анастасію. Беларуска так заваявала адэскую Яўгенаву душу, што як толькі з’явілася магчымасць, ён апынуўся ў вёсцы Віркаў, дзе і жыве сёння. Дзеляць з жонкай радасці і беды, разам суперажываюць мінулыя падзеі і сённяшнія. I няхай гэта сямейная пара яшчэ жыве доўга-доўга. У добры вам шлях.

Мароз, С. З Адэсы – у Віркаў / С. Мароз // Сцяг Саветаў. – 2005. – 6 мая. – С. 5.