Браўсаў Рыгор Дзянісавіч

Бялыніцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Рыгору Браўсаву толькі-толькі споўнілася 14 гадоў. Зразумела, нават на яго апантанае жаданне стаць байцом Чырвонай Арміі, у войска яго ўзяць не маглі. Малады зусім.

Так ён разам з маці, братамі і сёстрамі апынуўся на акупіраванай ворагам тэрыторыі ў вёсцы Негін Касцюковіцкага раёна. I ўсё ж, у баку ад усенароднай барацьбы з фашыстамі юнак не застаўся. Употай ён пачаў збіраць на месцы няроўных жорсткіх баёў зброю і боепрыпасы. Яны надзвычай дапамаглі яму, калі на тэрыторыі раёна сталі арганізоўвацца партызанскія атрады.

Перададзеныя народным мсціўцам вінтоўкі і патроны, а таксама добрае веданне мясцовасці (да вайны яго бацька працаваў у гэтых краях лесніком), пераканалі партызан, што, нягледзячы на ўзрост, юнак і сапраўды можа спатрэбіцца для іх святой справы змагання з ворагам.

Спачатку яму даручалі нескладаныя заданні, а неўзабаве Рыгор стаў паўнапраўным удзельнікам партызанскага руху.

Калі Касцюкоўшчыну восенню 1943 года вызвалілі нашы войскі, былыя заслугі юнака былі ўзяты пад увагу і камандаваннем Савецкай Арміі.

А паколькі гадкоў яму ўсё ж не хапала да прызыўнога ўзросту, напачатку Р. Браўсава залічылі радавым артылерыйска-рамонтных майстэрняў II Беларускага фронту. А неўзабаве ён стаў сувязістам-разведчыкам.

Разам з баявымі сябрамі з 475-га асобнага мінамётнага палка ўдзельнічаў у канчатковым вызваленні ад захопнікаў роднай Беларусі, а таксама Польшчы, Усходняй Прусіі і Германіі.

− Ніколі не забуду жорсткіх баёў за ўзяцце Кёнігсберга, − успамінае ветэран. − Часта даводзілася хадзіць у разведку, каб высветліць размяшчэнне варожых агнявых кропак, вызначыць іх каардынаты. Аднойчы нам удалося ўстанавіць, дзе знаходзяцца важныя нямецкія ўмацаванні. Звесткі былі перададзены камандаванню, і літаральна праз паўгадзіны іх пачалі «гладзіць» нашы артылерыя і авіяцыя.

Свой медаль «За ўзяцце Кёнігсберга» Рыгор Дзянісавіч лічыць адной з самых дарагіх для сябе ўзнагарод.

Пасля вызвалення Усходняй Прусіі дарога на Берлін была адкрытай. 20 красавіка полк, дзе служыў Рыгор Браўсаў, уступіў у прыгарад нямецкай сталіцы − Караў.

Асабліва жорсткія баі разгарнуліся 22-29 красавіка. Фашысты змагаліся за кожную вуліцу і кожны дом. Толькі для таго, каб пераадолець невялікі 50-мятровы канал, змагаліся два дні.

Давялося пабачыць і штурм рэйхстагу, але паўдзельнічаць у ім воіну асабіста не давялося − яго полк быў тэрмінова перакінуты на фарсіраванне Эльбы, дзе, як вядома, адбылася гістарычная сустрэча савецкіх і амерыканскіх войск.

Пасля Вялікай Перамогі Р. Д. Браўсаў стаў працаваць у міліцыі, у тым ліку і ў нашым раёне. За гэты час да баявых узнагарод ветэрана − медалёў «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй» − далучыліся медалі «За бездакорную службу» ўсіх трох ступеняў і іншыя.

Радоўскі, М. Ад Бесядзі да Эльбы / М. Радоўскі, В. Сухараў // Зара над Друццю. − 2010. – 8 мая. – С. 3.