Аўчыннікаў Міхаіл Елізаравіч

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Падчас аднаго святкавання Дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўрочышчы Рассоха міжволі давялося стаць сведкам размовы групы франтавікоў. Прыняўшы на свяце свае франтавыя сто грамаў, як яны гаварылі, былыя салдаты пачалі ажыўлена ўспамінаць розныя эпізоды са свайго франтавога жыцця. I раптам адзін з іх, з унушальным іканастасам узнагарод, прамовіў, паказваючы ў бок купкі моладзі, якая таксама адзначала свята, літаральна наступнае:

– Яны пад войною не ляжалі, і ім такое не прысніцца. I дай Бог.

Гэтая фраза прыгадалася мне праз некаторы час, калі пазнаёміўся з чалавекам, якому таксама давялося «пад вайною ляжаць». Гэта Міхаіл Елізаравіч Аўчыннікаў – жыхар нашага горада. Сам жа ён родам з вёскі Кітрум Пермскай вобласці. Калі мы знаёміліся, яму ўжо было 87 гадоў, але выглядаў даволі маладжава і бадзёра. I толькі поўная сівізна валасоў сведчыла пра многае.

Разгаварыліся. Высветлілася, што нарадзіўся ў сялянскай сям’і, закончыў тры класы пачатковай школы. На гэтым вучоба спынілася – трэба было дапамагаць бацькам. I тут пачалася яго працоўная вучоба, асваенне прамудрасцей сялянскай працы. Умеў і рабіў ён многае.

Вайна застала сям’ю Аўчыннікавых, як і ўвесь савецкі народ, знячэўку, хаця яе ўсе прадчувалі і чакалі. На прызыўныя пункты пацягнуліся натоўпы мужчын. А ў ліпені 1941 прызвалі ў армію і Міхаіла Аўчыннікава. Быў залічаны ён у 444 асобы сапёрны батальён і накіраваны на Калінінскі фронт.

– Спачатку нас размясцілі ў вёсцы Рамяннё, а потым перакінулі пад Ржэў – успамінае ветэран. – Пачаліся маразы, а мы – у бацінках. Праўда, потым выдалі валёнкі. А далей былі Вязьма, Сафонава.

Тут Міхаіл Елізаравіч на некалькі хвілін замоўк і задумаўся, відавочна, прыгадваючы падзеі таго часу і свой далейшы шлях. А падзеі ў гэтых мясцінах разгортваліся не на жарт. Бо і Ржэў, і Вязьма, і Сафонава стаяць на тых шляхах, якія вядуць у Маскву. Менавіта ў верасні 1941 года вораг сканцэнтраваў свае галоўныя намаганні на авалоданні раёнам Масквы. Таму на подступах да гэтых населеных пунктаў ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Адчайна змагаліся нашы байцы, хапала работы і сапёрам. Аднак вораг пераўзыходзіў нашы арміі і колькасна, і тэхнічна. У кастрычніку 1941 года быў акупіраваны Ржэў. Затым настала чарга і Вязьмы – буйнейшага чыгуначнага вузла на Маскву, Смаленск, Ленінград, Калугу, Бранск.

– А што было далей? – пытаюся ў Міхаіла Елізаравіча.

– Каля Сафонава мы трапілі ў акружэнне, з якога стараліся вырвацца невялікімі групамі. Нас было чалавек восем, жылі ў лесе. Хтосьці з мясцовых жыхароў нас выдаў – немцы за гэта тытунём плацілі. Яны нас акружылі, забралі дакументы, прывялі ў Сафонава. Тут быў лагер. Нас прымусілі будаваць дарогу. Кіраваў усім будаўніцтвам нейкі паляк. Кармілі нас два разы ў суткі.

Далейшы шлях Міхаіла Аўчыннікава пралёг праз Дарагабуж, дзе немцы разбілі новы лагер для ваеннапалонных. У гэтым лагеры ён быў пячніком, складваў грубкі. У самім горадзе абмуроўваў катлы.

— Дарагабуж – прыгожы горад. Адных цэркваў было дваццаць пяць, вялікая паліклініка.

Потым быў Чарнігаў, адкуль ваеннапалонных перавезлі пад Гомель на Добрушскую папяровую фабрыку. Адтуль перакінулі ў Бабруйск.

– З Бабруйска прывезлі ў Асіповічы на 7-ю пляцоўку. Яна была разбітая, і яе давялося аднаўляць. Зрабілі склады для прадуктаў. Кіраваў работамі немец пан Арно. Добры немец. Пры ім перакладчыцай была Марыя, прозвішча не ведаю. Яна часта хадзіла ў Пяцілетку па мёд. Мы са сваім сябрам Васілём Грабеннікавым з Масквы пазнаёміліся з ёю. Яна была сувязной і накіравала нас у партызаны. Выйшлі з горада. Нам трэба было ў Пяцілетку, а мы зблыталі дарогу і трапілі ў Осава. Зайшлі ў адну хату на агеньчык, а там трое. Адзін у вайсковай фуражцы. Як высветлілася, гэта быў Сямён Альхавец.

Аднак партызаніў Міхаіл Елізаравіч Аўчыннікаў не ў атрадзе Альхаўца, а ў партызанскай брыгадзе 161-й імя Р.I. Катоўскага, якой камандаваў Андрэй Сямёнавіч Шашура. Яна дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Асіповіцкага, Глускага, Мінскага і Старадарожскага раёнаў. Аўчыннікаў быў разведчыкам, а разведка, як вядома, гэта вочы і вушы любога вайсковага злучэння.

Яна першая вядзе назіранне і збірае звесткі аб праціўніку, ад дакладнасці якіх залежыць зыход любой аперацыі. У партызан брыгады яны былі паспяховымі. Так, у час «рэйкавай вайны» падарвалі больш за 3 тысячы рэек, праводзілі аперацыі на чыгунках Мінск-Бабруйск, Асіповічы-Слуцк. Разграмілі варожыя гарнізоны на торфапрадпрыемстве «Ясень», чыгуначнай станцыі Дзераўцы, у вёсцы Мяжное нашага раёна. Удзельнічалі ў падрыве моста цераз раку Бобрык. 27-28 чэрвеня 1944 года разам з брыгадамі 100-й імя Кірава, 258-й імя Куйбышава, 121-й імя Брагіна захапілі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай Арміі пераправу цераз раку Пціч. 28 чэрвеня 1944 года брыгада (938 партызан, аб’яднаных у 6 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй. На вялікі жаль, не дажыў да гэтага светлага часу камбрыг Андрэй Сямёнавіч Шашура – ён загінуў у баі 12 красавіка 1944 года.

Пасля вайны Міхаіл Елізаравіч Аўчыннікаў асеў у Асіповічах, збудаваў дом, пасадзіў сад, выгадаваў дзяцей. Працаваў у розных арганізацыях чыгуначнага вузла.

... Размова наша падышла да канца, і мы выйшлі на падворак. Стаяў сонечны дзень, навокал бушавала дбайна дагледжаная агародніна. I не хацелася думаць, што менавіта такім сонечным чэрвеньскім днём пачалася вайна. Але з песні слова не выкінеш. Тая жудасная вайна, якая прынесла людзям столькі няшчасця, была. I побач са мною стаяў яе сведка – Міхаіл Елізаравіч Аўчыннікаў, у якога, калі прыме чарачку, ад успамінаў вільгатнеюць вочы. Здароўя вам, Міхаіл Елізаравіч!

Цімінскі, А. Шлях ветэрана / А. Цімінскі // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 1998. – 17 кастрычніка.