Ахрэменка Сяргей Лукіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Было гэта ў час Курскай бітвы. Танкавая рота, у якой ваяваў сяржант Ахрэменка, спынілася. Байцы папаўнялі баявы запас і падбіралі трафеі. Танкісты сабраліся каля нямецкай зеніткі. Сярод іх быў і радыст-стралок Сяргей Лукіч Ахрэменка. Усе разглядвалі гармату, спрабавалі ёю кіраваць. Нечакана на брыючым палёце з’явіўся нямецкі знішчальнік і адкрыў агонь па салдатах. Усе кінуліся ўрассыпную. Але адзін з байцоў рвануўся да зеніткі.

Самалёт ляцеў так нізка, што яскрава быў бачны нямецкі лётчык за шкляным каўпаком кабіны. Варожы знішчальнік меціў якраз на зенітку. І ў тыя імгненныя секунды бою, пакуль баец ліхаманкава наводзіў зенітку на самалёт, запомнілася яму злавесная ўсмешка фашыста і трэск кулямёта.

Сяржант страляў прамой наводкай. Нямецкі знішчальнік ахапіла агнём, ён павярнуўся на бок і пачаў падаць. I так блізка праляцеў над байцом, што, здавалася, закране яго крылом, а потым з грукатам урэзаўся ў зямлю.

За гэты подзвіг Ахрэменка атрымаў сваю трэцюю вялікую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі.

Курская дуга... У многіх людзей яна пакінула горкую памяць. Памятнай засталася і для Сяргея Лукіча. У жорсткім баі каля вёскі Аўдзееўка іх танк загарэўся. Камандзір – забіты. На цяжкапараненым мёханіку-вадзіцелю тлела вопратка. Пад варожым агнём Сяргей вынес сваіх сяброў з палымянага танка. I за гэты бой атрымаў ордэн Славы III ступені.

Свой баявы шлях ён пачаў у бітве пад Масквой у складзе 12-й брыгады 5-га танкавага корпуса. Вызваляў Вязьму, Смаленск, удзельнічаў у Сталінградскай бітве. У раёне Кацельнікава пры ўзяцці ўмацаванага пункта Зімоўкі іх корпус атрымаў назву «зімоўнікаўцы». За мужнасць і гераізм у тых баях Ахрэменка быў узнагароджаны першым ордэнам Чырвонай Зоркі.

Адгрымела вайна, і вярнуўся работнік да хаты. Голад, разруха, падмуркі згарэўшых хат. Горка і балюча было глядзець на жанчын і дзяцей, якія выконвалі работы не па сваёй сіле. Ды і рукі засумавалі па мірнай працы. I пайшоў працаваць туды, дзе 14-гадовым падлеткам пачынаў сваё працоўнае жыццё – у леспрамгас. Пастаянна выконваў па дзве нормы. За ўдарную працу ў леспрамгасе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Прызідыума Вярхоўнага Савета БССР і медалём «За доблесную працу».

Потым лёс звязаў франтавіка з сельскай гаспадаркай. Спачатку працаваў у калгасе «Авангард» брыгадзірам паляводчай брыгады, потым – загадчыкам жьівёлагадоўчай фермы. Яго праца была адзначана прысваеннем звання «Ударнік камуністычнай працы». Праз некаторы час грудзі былога франтавіка ўпрыгожыў і медаль «Ветэран працы». Ён – персанальны пенсіянер, які заўсёды заставаўся на пярэднім краі. Яго фотаздымак пастаянна вісеў на Дошцы пашаны калгаса. Ён сам ахвотна дзяліўся з маладымі і сваім вопытам, і сваімі ведамі.

Лукашэвіч, С. Ён жыў на пярэднім краі / Станіслаў Лукашэвіч // Запаветы Леніна (Асіповічы). – 2001. – № 35. – 8 мая. – С. 2.