Аляксейчык Віктар Сямёнавіч

Асіповіцкі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Усім смярцям назло

Победы. Просчеты. Провалы.

Салюты торжественных дат.

Живут на земле генералы

И в бой посылают солдат.

Легенды о подвигах бают.

И память, как жвачку, жуют.

Солдаты в боях погибают –

В веках полководцы живут.

М. Дудин

– Папраўдзе я бачыў смерць чатыры разы, – так пачаў размову мой субяседнік, салдат Вялікай Айчыннай вайны Віктар Сямёнавіч Аляксейчык. – Першы раз пад Масквою на нейкім чыгуначным раз’ездзе ў сорак першым. Стаялі мы ўтрох на ўскрайку лесу: капітан, ветурач, украінец па паходжанні, я і яшчэ адзін лейтэнант. Не помню ўжо, што мы там абмяркоўвалі. А тут снарад стапяцідзесяціміліметровы. Яны паспелі сігануць у побач выкапаныя раўкі, а я толькі рукамі вочы прыкрыў. Кончыўся разрыў, я саступіў ад варонкі і стаў за сасну. Чую, вылазяць хлопцы і гавораць: «Усё, капцы малодшаму лейтэнанту». «Дзіва, у самы цэнтр снарад трапіў». Не вытрымаў, выходжу з-за сасны і гавару: «А я тут».

Капітан-ветурач адступіўся, вачам сваім не паверыў, спытаў: «Цэ ты?». «Я». «Няўжо цэ ты?» «Ну я, а хто ж яшчэ». Зноў не паверыў, давай рукамі шчупаць. Кажу: «Што ты мяне ўсё мацаеш? Бачыш, цэлы». А яму ўсё роўна не верыцца. Усё круціць мяне і аглядвае. «Досыць, кажу, ужо шчупаць. Справамі займацца трэба».

– Другі раз з пагібеллю спаткаўся, калі немца ад Масквы назад пагналі. Зімою сорак другога. Мароз лютаваў страшэнны. Батарэя якраз акопвалася. Бяру і я лом – грэцца патрэбна было. А гарматы тады на конях цягалі. Калі мяне падмянілі, я стаў паміж коней. Яны дыхаюць, сапуць на мяне. Усё цяплей. Адзін конь усё тупае, нагамі перабірае. Усё роўна як прадчуваў. А тут фугас ахнуў. Мяне адкінула метраў на пятнаццаць. У вачах агеньчыкі забегалі. I я аглух. Коней як не было. Назаўтра салдаты толькі хвост аднаго заўважылі на дрэве. Метраў за сто пяцьдзясят.

– Трэці раз «пашанцавала» па дарозе на Вялікія Лукі ў полі. Бег. Чую, снарад вішчыць. Падаю. I ён тут жа разарваўся. Падхапіўся і зноў пабег. Папала толькі па пальцу на левай руцэ. Звярнуўся да камандзіра палка, каб бінту даў. Той усё сваімі вачамі бачыў. I аж мацюкнуўся: як такое магло быць, што я жывым застаўся.

– Ну, а ў чацвёрты раз ішоў з перадавой. Трапіў пад артабстрэл. Спяшаўся, каб хутчэй у зямлянку папасці. Упаў на самым краёчку праходу. Снарад як разарваўся, і я пакаціўся па ступеньках у зямлянку. Часавы ўсяго гэтага не бачыў і як закрычыць: «Камбата забіла!». Выскачыў камандзір узвода. А я сяджу ў зямлянцы цэлы і здаровы. За ўсю вайну ні разу не быў паранены, а кантужаны тройчы.

Віктар Сямёнавіч Аляксейчык родам з Лочына. У 1936 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі. Пачынаў служыць у Рослаўлі ў 191-м стралковым палку. На другім годзе службы вучыўся ў палкавой школе, дзе падаў заяву аб пераводзе ў авіяцыю – тады з пяхоты бралі людзей у лётчыкі. На Халхін-Голе якраз разгортваліся вядомыя падзеі. Уся школа паехала туды, засталося толькі пяць чалавек, у тым ліку і Аляксейчык. Ён усё чакаў адказу на сваю заяву. Згодна загаду тагачаснага міністра абароны Цімашэнкі, усе заявы павінны былі разглядацца ў месячны тэрмін. Аднак пачаўся ўжо другі месяц, а адказу не было. Тады курсант рашыўся на адчайны крок.

– Былі вучэнні, і я штык у зямлю. А вінтоўка баявая была. Адным словам, чэпэ. Сталі разбірацца, чаму я так зрабіў. Растлумачыў. Карацей, з пяхотнага вучылішча перавялі ў артылерыйскае. Матэматыку я добра ведаў. І страляць умеў. Больш трох снарадаў на выкананне задачы і не расходаваў. Потым мяне накіравалі ў Маскву на курсы «Выстрал». Закончыў іх на «выдатна» і атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Мяне бралі на курсы выкладчыкам, але я не згадзіўся: там усё палкоўнікі ды падпалкоўнікі былі, а я малодшы лейтэнант. I там, на курсах, за маім прозвішчам выйшла кніга аб арганізацыі артылерыйскай абароны. У мяне яшчэ дазволу папыталіся на размнажэнне гэтай кнігі, каб раздаць яе ўсім курсантам. I ў дыпломе напісалі, што я маю права праводзіць вучобу мінамётчыкаў. Тады ўжо мінамёты прымяняліся на фінскай кампаніі.

Пачатак вайны застаў Аляксейчыка ў вучэбным лагеры пад Белгарадам. Ён якраз прыехаў у горад на зацвярджэнне раскладу летніх заняткаў. Удзень выступіў Молатаў, паведаміў пра пачатак ваенных дзеянняў. Успамінаючы пра тыя першыя цяжкія часы, Віктар Сямёнавіч гаворыць:

– Фашысты рваліся на Смаленскім напрамку. I наш полк паставілі адрэзаць галоўныя сілы праціўніка. Падумаць толькі – адным палком. У нас камандзір палка падпалкоўнік Емяльянаў быў. Выдатны тактык. Спакойны, культурны, ураўнаважаны, граматны. А яго зрабілі ворагам народа за тое, што немцы абышлі наш полк і далей рушылі. Мы іх і ў вочы не бачылі.

Ужо 29 чэрвеня полк, дзе служыў Аляксейчык, выехаў на пагрузку. Аднак эшалон падалі толькі трыццатага. Мінавалі Бранск і разгрузіліся на невялікай станцыі ў лесе пад Рослаўлем. Атрымалі загад заняць абарону па Варшаўскай шашы, а праціўнік звярнуў на Смаленскую шашу. Тады ж іх полк трапіў у акружэнне. Пад Якімавічамі Аляксейчык вывеў сваю батарэю з акружэння ў сваю ж дывізію. Давялося толькі з гарматамі расстацца. А вось людзей захаваў. За гэта нават сам камісар дывізіі пахваліў.

Віктар Сямёнавіч прымаў удзел у абароне Масквы і разгроме фашысцкіх армій пад сталіцай, ваяваў пад Гжацкам, Мажайскам, Вялікімі Лукамі, браў Новасакольнікі, ад чаго полк стаў называцца Новасакольніцкім. Адсюль трапіў пад Невель.

– Было яшчэ адно акружэнне. Гітлераўцы нават лістоўкі з такім тэкстам скідвалі: «Вы в кольце, и мы в кольце. Посмотрим, что получится в конце», – успамінае салдат.

Потым яшчэ былі Віцебск, Рыга, вайну закончыў у шасці кіламетрах ад Лібавы (цяпер Ліепая).

– У нас быў прыёмнік. Сказалі, што будзе важнае паведамленне. I перадалі, што Германія капітуліравала. Перамога. Ну тут і пачалося! Цяжка нават словамі перадаць. Мы ў самым пачатку вайны з хлопцамі падлічвалі, што фашысты не перамогуць нас. Хай у іх танкаў было многа, самалётаў, калі нават за адным чалавекам ганяліся. Але мы былі перакананы, што Гітлер не пераможа. Так яно і сталася.

За гады вайны Віктар Сямёнавіч Аляксейчык сустракаўся з многімі славутымі ваеначальнікамі: Жукавым, Яроменкам, Курачкіным. Вайну заканчваў у складзе 10-й гвардзейскай арміі пад камандаваннем генерала Казакова. Але да мірнага жыцця Віктар Сямёнавіч вярнуўся толькі ў 1946 годзе ў званні маёра. За ратныя подзвігі ветэран узнагароджаны ордэнамі Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Масквы» і інш.

– «Весела» было ваяваць, – жартуе ветэран, кожны дзень здаралася што-небудзь новае. I цяпер пра вайну я магу вам расказваць усе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Галоўнае, каб яна больш ніколі не паўтарылася.

Цімінскі, А. Усім смярцям назло / А. Цімінскі // Запаветы Леніна. – 1990. – 22 лютага. – С. 2.