Плеўскі Іван Канстанцінавіч

Круглянскі раён

БИОГРАФИЯ

Нарадзіўся ў 1913 г. Да вайны быў кадравым афіцэрам Савецкай Арміі.

У бой уступіў з першых дзён вайны. Быў камандзірам роты. Удзельнічаў у баях за населеныя пункты Бачкі, Белавежа, Кужаны, Паразова, гарады Баранавічы, Мінск, Слуцк, Ваўкавыск, Слонім. Быў кантужаны. Дэмабілізаваўся з арміі ў 1946 г.

Узнагароджаны сям’ю медалямі. Жыў у г. Мінску.

ВОСПОМИНАНИЯ

«У пачатку Вялікай Айчыннай вайны я выконваў абавязкі памочніка начальніка 4-га аддзялення штаба 31-й танкавай дывізіі 13-га механічнага корпуса 10-й арміі.

У суботу 21 чэрвеня 1941 г. з планам перамяшчэння і загадам па дывізіі я выехаў у штаб І-й арміі у г. Беласток. Здаў усе дакументы дзяжурнаму па штабу арміі. Я папрасіў яго дакласці начальніку штаба палкоўніку Лапіцу, каб паскорыць разгляд гэтай справы. Я выйшаў са штаба з надзеяй, што ўсе пытанні будуць вырашаны.

Нападзенню фашыстаў у 4 часы раніцы 22 чэрвеня 1941 г. падвергся г. Беласток, і штаб арміі ў той дзень з цяжкасцю вярнуўся ў штаб дывізіі, які ляжаў у руінах пасля бамбардзіроўкі варожымі самалётамі. 12 камандзіраў было забіта, многа паранена, баі ішлі на мяжы, сувязь з часцямі парушылася. Штаб не ведаў, што робіцца ў нашых часцях. Начальнік штаба дывізіі падпалкоўнік Лебедзеў дае мне даручэнне даставіць загад камандзіру мотастралковага палка Дунаеву. Загад начальніка – утрымліваць пазіцыі да змяркання, а ноччу адыйсці і заняць абарону заходніх могілак м. Боцкі.

Вялікія страты сярэдняга каманднага састава вымусілі палкоўніка Дунаева звярнуцца да начальніка штаба дывізіі, каб я застаўся ў мотастралковым палку і прыняў роту байцоў для баёў з немцамі, і я назначаны камандзірам роты. Ноччу на 23 чэрвеня рота была адведзена на новую абаронную пазіцыю. У першым баі з ворагам байцы зарыліся ў зямлю, гэта адзінае ўратаванне ад артылерыйскага і мінаметнага агню.

Першы дзень змагання рота выстаяла, не пусціла ворага на Боцкі. Вораг, пабачыўшы, што па гэтым напрамку яму не ўдасца прарвацца, спыняе бой і ўдарамі флангаў імкнецца акружыць нашу дывізію. Камандванне, убачыўшы пагрозу акружэння, адводзіць часці 25 чэрвеня на новыя абаронныя пазіцыі на поўдзень ад населенага пункта Орля. Ворагі кінулі супраць нашай дывізіі вялікія сілы.

Ворагу ўдалося да 26 чэрвеня заняць акружаны г. Бельск. Становішча нашых часцей усё пагаршалася. Тры нашых арміі – 3, 4, 10 – былі акружаны на Беларускім выступе. У акружаную групоўку войск прылятаюць начальнік генштаба маршал Савецкага Саюза Шапашнікаў і маршал Куліп для распрацоўкі плана вываду войск з акружэння на поўдзень, цераз Слонім у напрамку Палескага балота. Неабходна было лясамі выйсці на раку Сож каля Гомеля і злучыцца з 23 арміяй, якая павінна была заняць абарону па р. Сож. Выконваючы гэты загад, усё было кінута, каб вырвацца з акружэння. Дзень і ноч ішлі баі за кожны населены пункт. Нас бамбіла авіяцыя ворага, адзінае выратаванне былі ноч і лес. Адступаючы, мы вызвалілі ст. Белавежа, м. Парэзава і падыйшлі да г. Ваўкавыска, але ўзяць яго не хапіла сіл. Кожны бой палажыў дзясяткі, сотні чалавечых жыццяў.

Дасягнуўшы ракі Шчара ў горадзе Слоніме, часці 31 танкавай дывізіі пачалі пераправу ўброд на поўнач і на поўдзень горада.

Немцы, выявіўшы нашу пераправу, абрушылі на нас шквальны агонь артылерыі і мінамётаў. Гэта быў ад, у якім гінулі нашы байцы і афіцэры. Імкнуліся вырвацца з акружэння, але абставіны складваліся не ў нашу карысць. Жалезнае кальцо сціскаецца ўсё мацней. 47 армейскі корпус імкнуўся любой цаной выйсці з акружэння. 10 ліпеня 1941 г. у час пераправы праз раку Шчара я быў кантужаны, а 12 ліпеня быў у шокавым стане ўзяты ў плен і адпраўлены ў 307 канцлагер Белападляска. У пачатку жніўня з інжынерам 18 механічнай брыгады Капуста Іванам Фёдаравічам здзейснілі пабег з лагера. Але я быў затрыманы на пагранпаласе ракі Буг. Пабіты і зноў адпраўлены ў лагер Белападляска.

С божай дапамогай застаўся жывы, не быў павешаны за паўторны пабег. Праявіў знаходлівасць, змог уцячы з лагера ад канваіраў і растварыцца ў многатысячным натоўпе ваеннапалонных. Цэлы дзень немцы шукалі бегляцоў, каб павесіць, як яны ўжо рабілі раней, каб нас запугаць. Але мы ўжо былі сярод раненых і паміраючых салдат і афіцэраў, куды немцы не заглядвалі, таму што смурод, які стаяў вакол ямы, дзе знаходзіліся раненыя, адпугваў іх.

У канцы жніўня нас адвезлі ў размеркавальны лагер Фюрстэнборг. У кастрычніку 1941 г. адабралі групы палонных украінцаў, куды папаў і я, і адправілі на разгрузку вугля з вагонаў для завода Муні.

Лагер называўся Дорфцына. Вясной 1942 г. перавязлі ў другі лагер на аднаўленне вадаправоднай сеткі ў гарадку Алтэслагер, які выйшаў са строю ад моцных маразоў. А зімой 1942-43 гг. – танкавага ціра. Усе гэтыя земляныя работы былі вельмі цяжкія, людзі паміралі прама на месцы, і толькі пасля пратэсту нашага ўрада аб нечалавечых адносінах з нашымі ваеннапалоннымі, перасталі біць і на месцы растрэльваць.

Другі пабег быў больш паспяховым. Амерыканцы вызвалі ўсіх ваеннапалонных, праверылі хворых. Раздзялілі і накіравалі ў лазарэты, а адносна здаровых сталі добра карміць, і мы хутка сталі папраўляцца. Ужо к канцу мая нас, афіцэраў, пераправілі ў савецкую зону акупацыі г. Магдэбурга. Сустрэлі нас добра, з музыкай, толькі адабралі зброю, хто меў, і накіравалі ў крэпасць лагера Бельцыг для праверкі контрразведкі Смерш.

Мяне дапытваў маёр разведкі, быў ветлівы да мяне, і бачна было па ім, што ён спачуваў нам. Ён казаў мне: «Той, хто ў палоне застаўся савецкім чалавекам, знойдзе месца на Радзіме, а той, хто вінаваты, будзе пакараны».

У 1945 г. пасля праверкі я быў накіраваны для прахаджэння ваеннай службы ў 123 стралковую дывізію Уральскай Ваеннай акругі. Там прайшоў Дзяржправерку і дэмабілізаваўся ў адстаўку у запас па месцы жыхарства. Захавалі мне ваеннае званне – лейтэнант.

Ніякім рэпрэсіям не падвяргаўся. Адноўлены ў партыйных радах, тройчы выбіраўся сакратаром партарганізацыі.

Чатыры разы выбіраўся дэпутатам Ляснянскага і Круглянскага сельскіх Саветаў.

С 1945 г. пражываю ў Круглянскім раёне.

30 год аддаў настаўніцкай працы».

23.04.2002 г.

ФОТО