Шагойка Васіль Іванавіч

Клічаўскі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

З цэнтральнага друку даведалася: да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне вырашана падрыхтаваць і выдаць у краіне кнігі «Памяць» з прозвішчамі савецкіх людзей, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам або сталі яго ахвярамі. Такая кніга будзе і пра наш раён. Цяпер на старонках газеты «Сцяг Саветаў» пад рубрыкай «Ніхто не забыты, нішто не забыта» друкуюцца спісы воінаў, партызан, мірных жыхароў Клічаўшчыны, хто цаной свайго жыцця адстаяў незалежнасць Радзімы, быў закатаваны акупантамі. На мой погляд, мы павінны вырашаць задачу значна шырэйшую, чым толькі сабраць для памяці прозвішчы загінуўшых.

Перш за ўсё трэба як след увекавечыць памяць мясцовых жыхароў. Я маю на ўвазе і збор іх успамінаў, і ўважлівае азнаямленне з дакументамі, пісьмамі і іншымі каштоўнымі рэліквіямі. Яны дазволяць узнавіць героіку нашага партызанскага краю.

Адзін з такіх матэрыялаў, які датычыць лёсу Васіля Іванавіча Шагойкі, магу даць і я. Ён, былы жыхар в. Усакіна, значыцца загінуўшым у Германіі, але ў газетным спісе загінуўшых не ўказвалася, дзе ён пахаваны.

I вось аднойчы на імя маці В. I. Шагойкі – Лукер’і Васільеўны прыйшло пісьмо з Калінінградскай вобласці. Чырвоныя следапыты з пасёлка Кубанаўка Гусеўскага раёна паведамлялі, што яе сын Васіль Іванавіч пахаваны ў брацкай магіле ў іх паселішчы, запрашалі прыехаць. Гэта нечаканая вестка вельмі ўсхвалявала пажылую жанчыну. Падпарадкоўваючыся загаду сэрца, яна неўзабаве перад Днём Перамогі выбралася ў дарогу, каб пабываць на магіле свайго адзінага сыночка. Разам з ёй паехала і малодшая яе дачка Ганна Іванаўна са сваім мужам Іванам Фёдаравічам Заяц.

Можна толькі ўявіць, што зведала Лукер’я Васільеўна, будучы на брацкай магіле, дзе ляжыць прах і яе сына. Нездарма яна звярнула на сябе ўвагу ўкраінскага паэта Багдана Мельнічука, які таксама прыехаў у Кубанаўку на магілу, дзе пахаваны і яго бацька. Пазней ён прысвяціў ёй, беларускай жанчыне, свой верш «Лукер’я Васільеўна», што быў надрукаваны ў газеце «Радянська Буковіна» з надпісам «Л. В. Шагойка, колішняй беларускай партызанцы, чый сын пахаваны ў адной магіле з маім бацькам». У гэтым творы аўтар выказвае боль і пакуты простай вясковай жанчыны. Яна стала сівой не па гадах. I было ад чаго. Эсэсаўцы расстралялі яе мужа, у фашысцкай камендатуры ламалі ёй, партызанскай разведчыцы, рукі, а пазней, калі прайшла на захад Чырвоная Армія, пісьманосец прынёс пахаванку на сына...

Праз два гады Лукер’я Васільеўна зноў пабыла там, у пасёлку Кубанаўка. Яе сустракалі настаўнікі і вучні мясцовай васьмігадовай школы. Перад помнікам, што стаяў на брацкай магіле, яна шаптала праз слёзы: «Колькі буду жыць, заўсёды буду прыязджаць да цябе, сынку».

Уходзячы ад магілы, яна, як і іншыя людзі, хто прыязджаў здалёку сюды, узяла з сабой прыгаршчы калінінградскай зямлі, палітай крывёю яе сына. А калі прыехала дамоў, высыпала яе на магільны пагорак, пад якім спачываў вечным сном яго бацька, загінуўшы за тую ж святую справу, што і ён, Васіль.

Партызанскі рух у в. Усакіна пачынаўся менавіта з гэтай сям’і. Дзевяць чырвонаармейцаў-акружэнцаў знайшлі ў ёй сабе прытулак, а потым сталі народнымі мсціўцамі. Гэта ён, Іван Захаравіч Шагойка, рызыкуючы ўласным жыццём, трымаў з імі сувязь. I вось 22 лютага 1942 года фашысты расстралялі яго за гэта. Расстрэльвалі прама пад вокнамі роднае хаты, а побач з ім, плачучы, стаяла самая малодшая яго дачка Ганначка.

Не, не скарыліся Шагойкі перад ворагам. Пасля гібелі Івана Захаравіча ўся яго сям’я стала партызанскай. Яна помсціла акупантам за смерць, слёзы і пакуты савецкіх людзей.

Цяпер дочкі, зяці, унукі берагуць тэты дом, як святыню, як памяць аб тых, хто некалі ў ім жыў. Ен стаіць, гэты дом, другім направа перад паваротам дарогі на мемарыяльны комплекс Усакіна. А на магіле Івана Захаравіча стаіць агульны помнік бацьку і сыну. А побач не так даўно пахавана і Лукер’я Васільеўна. Ёй не суджана было ў трэці раз пабываць на калінінградскай зямлі. Бо ўжо тады, у яе апошнюю паездку, ёй ішоў 84 год.

Адданасць сваёй Радзіме я паказала на прыкладзе адной сям’і. А колькі іх было, такіх сем’яў, у вёсцы – цяжка пералічыць. Вось хаця б жыў па-суседству з Іванам Захаравічам яго сват Фёдар Заяц. Па падазрэнню ў сімпатыях да партызан ён быў арыштаваны і пасля допыту ў камендатуры неўзабаве памёр. Яго сыны, Васіль і Аляксей, сталі ляснымі салдатамі.

Народнымі мсціўцамі станавіліся ўсе ў вёсцы, хто мог трымаць зброю. I вёску празвалі партызанскай. Ды нядоўга яна праіснавала ў вайну. Першы раз яе палілі 10 красавіка 1942 года. Але самі жыхары, папярэджаныя, тады ўратаваліся ад смерці.

Але вось пачалася варожая блакада. Ніхто з усакінцаў не чакаў, што такая магутная сіла фашыстаў накінецца на партызанскую зону. Савецкія людзі гінулі сем’ямі, у асноўным жанчыны з малалетнімі дзецьмі. Каля ста чалавек былі вылаўлены карнікамі ў лесе. Іх расстрэльвалі каля вясковых могілак.

Пасля блакады тыя з іх родзічаў, хто застаўся ў жывых, пахавалі забітых на самім могільніку. Пахаваўшы жонку і пяцёра дачок (большай было 12 годзікаў, меншай – усяго некалькі месяцаў), зусім адзін застаўся Пётр Сямёнавіч Заяц. Жонка перад расстрэлам так прыціснула да грудзей малое дзіцяці, што нельга было адарваць яго і ў мёртвай. Сам Пётр Сямёнавіч быў у партызанах, а потым, калі прыйшла Чырвоная Армія, ваяваў на фронце. Загінуў ён у 1944 годзе.

Дарафей Іванавіч Заяц, пахаваўшы жонку і траіх дзяцей, мыкаўся з двума малалеткамі. Але трагічны выпадак адабраў у яго і яшчэ адно дзіця – сына. Ён, партызанскі каваль, пакляўся на магіле загінуўшых адпомсціць ворагу. I хаця яго з прыходам Чырвонай Арміі пакідалі ў раёне для аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі, ён не згадзіўся на гэта і пайшоў на фронт. А ў жніўні 1944 года загінуў смерцю храбрых.

Ва Усакіна былі і такія сем’і, у якіх пасля блакады не засталося ў жывых ніводнай душы. А таму забітых фашыстамі не было каму перазахаваць. Яшчэ і цяпер ляжаць у той яме, дзе было навалена шмат мёртвых целаў, сем’і Андрэя Васільевіча Зайца (8 чалавек) і Тамашова (9 чалавек). Яго сын афіцэр-франтавік лёг недзе пад куляй на полі бою.

Вось чаму, калі мы вядзём размову аб тым, што ніхто не забыты і нішто не забыта, то павінны не выкідаць са сваёй памяці і гэтую яму, дзе ляжаць ахвяры фашызму. А між тым пасляваенная драўляная агароджа, што наўкол яе, развалілася, а што тут магіла, нагадвае толькі пагорачак. Даўно трэба было ўпарадкаваць яе. I аб гэтым павінен быў патурбавацца выканном Патоцкага сельсавета. Жывым нельга дараваць за такія адносіны да тых, хто быў гвалтоўна пазбаўлены жыцця. Яны таксама любілі зямныя радасці, хацелі жыць.

На маю думку ды і многіх іншых, хто зараз жыве ва Усакіна, патрэбна занесці ў Кнігу «Памяць» і Кірыла Фёдаравіча Зайца. Ён гэтага заслужыў. Во яго, хоць ён і быў жывы, тройчы хавалі ў час вайны – тры пахаванкі атрымалі аб яго смерці бацька і маці. Нават у Валгаградзе, у Зале Славы, у шостым радку вялікага спісу ёсць яго прозвішча. напісанае залатымі літарамі. Аб гэтым паведамлялі наша раённая газета, а таксама некаторыя цэнтральныя выданні. Праўда, цяпер К. Ф. Зайца няма сярод нас, але памяць аб ім павінна захавацца.

Зайцава, В. Вёску звалі партызанскай / В. Зайцава // Сцяг Саветаў. – 1988. – 22 кастрычніка. – С. 2.