Татаркіна Лідзія Данілаўна

Асіповіцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Штодня рэдакцыйная пошта прыносіць канверты з успамінамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Запісаныя школьнікамі, настаўнікамі, ды і самімі паважанымі ўдзельнікамі той кровапралітнай бітвы, яны даюць нам магчымасць яшчэ ярчэй уявіць праўдзівыя моманты таго часу. Вось і нядаўна прыйшоў ліст з вёскі Градзянка ад настаўніцы Леакадзіі Андросік, у якім Леакадзія Вікенцьеўна расказала пра ўдзельніцу партызанскага руху Лідзію Данілаўну Татаркіну.

Нарадзілася Лідзія Данілаўна ў 1918 годзе ў вёсцы Дубнякі Любанскага раёна. Незадоўга да вайны выйшла замуж. Была шчаслівая сваім замужжам, маладая сям’я строіла жыццёвыя планы, марыла. Муж Мікалай Маркавіч быў афіцэрам Чырвонай Арміі, служыў у Лапічах, дзе і застала маладую сям’ю вайна. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Маркавіч ідзе ў партызаны. З Лапіч сям’ю Татаркіных перасялілі ў вёску Макаўе, і што знаходзілася непадалёку ад урочышча «Рассоха», месца дыслакацыі Асіповіцкага і падпольнага райкама КП(б) Б. Там жа размяшчаўся і штаб па арганізацыі і кіраўніцтве падполлем і баявымі дзеяннямі партызан у раёне.

Партызаны не давалі фашыстам спакою: грамілі іх гарнізоны, рабілі засады на дарогах, падрывалі чыгунку – пускалі пад адхон эшалоны з варожай тэхнікай.

Зімой 1943 года пачалася блакада. Ворагі шукалі партызан. Бязлітасна забівалі ўсіх, каго сустракалі на дарозе.

Раніцай 8 студзеня фашысты акружылі вёску. Уварваўшыся ў Макаўе, засталі там партызан. Завязаўся кароткачасовы бой. Партызаны адступілі ў лес. А ворагі, у помству партызанам, сагналі ўсіх жыхароў вёскі ў нежылы дом і запалілі.

У агні згарэла двое сыночкаў Лідзіі Данілаўны, маці, сястра і чацвёра пляменнікаў. Яны пахаваны на месцы пажару ў брацкай магіле разам з іншымі жыхарамі вёскі. Зараз на тым месцы стаіць просценькі абеліск ды ляжаць чатыры валуны, на якіх колісь стаяў фундамент дома, якому выпала стаць брацкай дамавінай для ўсіх жыхароў вёскі Макаўе.

Пасля гэтай жудаснай трагедыі Лідзія Данілаўна ідзе ў партызанскі атрад № 210, дзе знаходзіўся і яе муж. Камандзірам партызанскага атрада быў Мікалай Піліпавіч Каралёў. Лік партызан з кожным днём павялічваўся, у хуткім часе з’явіўся новы партызанскі атрад №215, якім камандаваў Рыгор Васільевіч Пыжоў. Маладая жанчына становіцца байцом гэтага партызанскага атрада. Часта даводзілася хадзіць на баявыя заданні, асабліва на падрыў чыгункі.

«Самым памятным днём з’яўляецца Дзень вызвалення нашага раёна. Яго сустрэлі ў лесе ў партызанскіх зямлянках. Мы выйшлі з лесу, дзе сустрэліся з салдатамі нашай арміі. Абдымкам, пацалункам і радасным воклічам не было канца» – успамінае былая партызанка.

Пасля вызвалення Лідзія Данілаўна працавала на хлебазаводзе ў горадзе Асіповічы, пасля – у Градзянскай участковай бальніцы. Зараз жыве ў вёсцы Градзянка з сям’ёй сына, часта сустракаецца з мясцовымі школьнікамі, расказвае ім пра суровыя будні вайны.

Андросік, Л. У памяці назаўсёды / Леакадзія Андросік // Асіповіцкі край. – 2004. – № 52. – 2 ліпеня. – С. 2.