Сяргееў Мікалай Якаўлевіч

г. Магілёў

ВОСПОМИНАНИЯ

Чэкіст, партызан і выкладчык Мікалай Якаўлевіч Сяргееў

Мой стрыечны брат Мікалай Якаўлевіч Сяргееў нарадзіўся 7 лютага 1914 года ў Ордаці на Шклоўшчыне ў сялянскай сям’і, быў адзіным сынам у бацькоў. Да сямі гадоў маці Агап’я Мітрафанаўна гадавала яго адна. Бацьку прызвалі ў армію і ён трапіў у палон да кайзераўскіх салдат. Маленькі Коля бацькі не ведаў і сустрэў як чужога чалавека. Доўгі час называў яго «дзядзя».

Мікалай Сяргееў, скончыўшы педагагічны інстытут у Магілёве, працаваў у Мінску ў органах дзяржаўнай бяспекі. Перад вайной яго накіравалі ў Магілёў, і ён працуе у школе НКУС-НКДБ.

У 1941 годзе падчас гераічнай абароны Магілёва Мікалай Сяргееў у складзе батальёна міліцыі капітана К.Г. Уладзімірава прымае ўдзел у крывапралітных баях на ўчастку Гаі-Палыкавічы. Батальён стаяў насмерць і з 250 байцоў у жывых, як вядома з публікацый у СМІ, засталося толькі 19 раненых і кантужаных. Адным з іх, толькі ўжо па ліку дваццатым, бо ў спісах не пазначаны, быў М.Я. Сяргееў.

Пазней ён гаварыў не адзін раз, што за ўсе гады вайны яму страшней, чым у баях за Гаі, ніколі не было.

Пасля апошняга бою вечарам, як толькі сцямнела, Мікалай Сяргееў, якому каля Дняпра былі знаёмы ўсе сцежкі, амаль без прыгод прабраўся да поймы ракі і пераправіўся на другі бераг, які вораг яшчэ не паспеў заняць. Да Ордаці дайшоў з цяжкасцю, але без перашкод. У хату бацькоў зайшоў познім вечарам скрытна, каб не ўбачылі суседзі.

Пакуль было цёпла, адлежваўся ў пуні на сенавале. Потым з бацькам зрабілі патайны схрон у кутку за печчу. Ды так, што ніхто з суседзяў не мог здагадацца. Я колькі разоў прыносіў з Радзішына цётцы Агап’і малако (у іх карова той год была ялаўкай) і не падумаў, што ў запеччы хтосьці ёсць. Аднаго дня ў Ордаць на пастой спыніліся немцы. У хату Сяргеевых яны ўварваліся нечакана і выгналі гаспадароў на вуліцу. Мікалай са свайго сховішча не паспеў уцячы: жывуць немцы ў хаце, а ён за печчу. Добра, што быў нейкі запас вады і хлеба. Каля тыдня, а можа чуць больш, праседзеў Мікалай у пастцы. Апошніх пару дзён без ежы і вады. А немцы так і не здагадаліся пра схрон за печчу. Маці і бацька ўсе тыя дні не знаходзілі сабе месца. Цётка Агап’я ад нервовага напружання захварэла. З тае пары і да самай смерці ў яе трэсліся рукі і пасівелая ад стрэсу галава. Добра, што немцы неўзабаве з’ехалі таксама раптоўна. І Мікалай вылез са схрону, які ўратаваў яго ад лютай смерці. У яго пасівела галава. Ён вельмі пастарэў за гэтыя дні. Мікалай папрасіў маю маці, каб яна схадзіла да некага ў адну вёску. Там была ў яго наладжана сувязь з партызанамі. Яны толькі што арганізавалі атрад, які атабарыўся ў лясах пад Горкамі. М.Я. Сяргееў у атрадзе ўзначаліў групу контразведкі.

З Горацкіх лясоў партызаны, хаця і не часта, прыходзілі ў Радзішына і суседнія вёскі. Мая маці Маўра Мітрафанаўна была іх сувязной. Аднаго вечару партызаны зайшлі ў нашу хату. Я ад радасці палез на печ і зняў з шаста некалькі сцяблін сушанага табаку (я сам яго расціў, але не курыў), перадаў іх камандзіру і пачаў яго прасіць, каб ён узяў мяне ў свой атрад. Камандзір стаў са мной гутарыць, а потым сказаў: «У нас людзей хапае, а табе даю партызанскае заданне: у вашай сям’і малыя дзеці, а таму дапамагай маці па гаспадарцы і збірай нам звесткі пра ворагаў». Калі партызаны пакінулі нашу хату, маці ў мяне спытала: «Віктар, а ці ведаеш, з кім ты гаварыў? Гэта ж Мікалай, сын цёткі Агап’і». З таго вечара маці ад мяне нічога не ўтойвала, давярала ўсе вясковыя сакрэты. І я дзяліўся з ёй усімі навінамі. У вайну дзеці хутка станавіліся дарослымі.

30 кастрычніка 1943 года было пахмурна, вельмі ціха і не па-асенняму цёпла. Гэтая дата запомнілася таму, што назаўтра ўпершыню ў маім жыцці тоўсты пласт снегу лёг на незамёрзлую зямлю і да вясны не растаў, зімой капаць зямлю было лёгка. Маці, я і сястра Марыя капалі апошнюю дзялянку бульбы. Мы спазніліся, бо ў нас не было каня і мы чакалі сваёй чаргі. На полі нікагусенькі – толькі мы адны. Пад вечар выбраную з барознаў бульбу засыпалі ў загадзя выкапаную яму, у кожную зверху паклалі тоўсты пласт сухой саломы, а потым засыпалі яго зямлёй. Яму зверху раўнялі з зямлёй і маскіравалі, каб іх не знайшоў вораг ці нехта са сваіх злодзеяў. Калі ўжо закрывалі апошнюю схованку, з лесу Вардашчына, які ад нас на ўсход у некалькіх сотняў метраў, паказаўся чалавек. Калі ён падышоў бліжэй, маці першая пазнала яго: «А гэта Мікалай цёткі Агап’і!». Ён павітаўся з намі, пагаварыў пра тое-сёе, а потым з маці адышоў на колькі крокаў для размовы не для нашых вушэй… Зусім сцямнела. Мы з Марыяй давялі ўжо да ладу апошні схрон. Паклалі мету, каб вясной быдо лёгка знайсці. Мікалай Сяргееў развітаўся з намі і пайшоў сваім шляхам, а мы з рыдлёўкамі на плячах пакрочылі дамоў.

Прыходзіў да нас Мікалай Сяргееў і зімой з групай партызан-разведчыкаў. Стараста вёскі Радзівон Феакцістаў зусім азвярэў. У жонак чырвонаармейцаў разам з паліцэйскім воласці ён забіраў для нямецкіх салдат цёплыя рэчы і збожжа. Мікалай сказаў маёй маці: «Мы яго расстраляем!». Маці стала прасіць, каб не забівалі: «У яго ж трое сыноў ваююць з немцамі, камуніст і камсамольцы». Партызаны патузалі старасту, далі яму тумакоў, забралі частку збожжа і папярэдзілі, што другім разам яму літасці не будзе. Радзівон паляжаў некалькі дзён і аднёс бургамістру заяву на звальненне па стане здароўя.

Новы стараста, наш сусед Аўдзееў, вядомы ўсім у наваколлі як злодзей, таксама стараўся выслужыцца перад акупантамі. Мая маці зноўку заступілася. Партызаны ў яго забралі нарабаваныя ў сялян буракі, бульбу, збожжа і сурова папярэдзілі. Пацішэў. Каб не партызаны, то халуі акупантаў пралілі б і кроў, і яшчэ больш бы здзекваліся з сялян. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай нечысці М.Я. Сяргееў працаваў прарэктарам па гаспадарчай частцы Магілёўскага педагагічнага інстытута і выкладчыкам беларускай мовы. Вучэбны корпус па Першамайскай быў без вакон і дзвярэй, а таму заняткі са студэнтамі праводзіліся ў будынку па вуліцы Мігая (сёння там знаходзіцца сярэдняя школа № 16). Яшчэ ў вайну Мікалай Сяргееў паабяцаў маёй маці, што дапаможа, калі застанеццца жывым, паставіць дзяцей на ногі. Яго сям’я жыла ў трох пакоях першага паверху паўночна-заходняга вугла будынка інстытута. Два гады падчас вучобы тут жыла мая старэйшая сястра Марыя і па тры гады маладзейшая сястра Роза і я. Да Сяргеевых заходзілі студэнты, з былых ужо партызан, Уладзімір Дайнека, Аляксей Ножнікаў, Аляксандр Асмалоўскі, Аляксей Калістратаў і яшчэ нехта, многія выкладчыкі. Адной раніцы зайшоў Андрэй Макаёнак, тады яшчэ не драматург. Я грэўся на чаранах печы і чуў яго гамонку. Пра тое ў маіх успамінах «Магілёў пасляваенны» на старонках 9-11 зборніка «Мы помнім усё» – Магілёў, 2018. Мікалая Якаўлевіча добра ведалі, сябравалі з ім пісьменнікі Якуб Усікаў, Фёдар Янкоўскі, Пётр Лярскі і іншыя. Міхась Ларчанка нават жыў месяц у яго кватэры, калі ўзначальваў камісію па прыёме дзяржаўных экзаменаў у студэнтаў.

Не ведаю чаму, але ў педінстытуце былі забыты яго франтавыя заслугі. Яго не ўнеслі ў спіс ветэранаў вайны. Я некалькі гадоў таму ўзнімаў гэтае пытанне ў савеце ветэранаў універсітэта імя А.А. Куляшова. Спаслаліся, што не ведалі. Мусіць, іншая прычына. Ды ў файе ўніверсітэта на стэндзе «Яны абаранялі радзіму» і сёння няма фотаздымка з прозвішчам М.Я. Сяргеева.

Я стараўся чытаць усю мемуарную літаратуру пра абарону Магілёва, але прозвішча Сяргеева не напаткаў. Праўда, у адной публікацыі згадвалася, што сярод выжыўшых абаронцаў каля вёскі Гаі быў маёр С. Магчыма, што гэта пра яго, у органах дзяржбяспекі яго званне было маёр. Ды я дасканала ведаю ад яго і ад родных жонкі Анастасіі Аляксееўны, што ён удзельнік абароны Магілёва. Таму фотаздымак і кароткія звесткі ўключыў у свой нарыс «Героический Могилев. Лето 1941-го». Словы «Ніхто не забыты, нішто не забыта» – гэта святыя словы.

Да пенсіі М.Я. Сяргееў не дажыў. Сэрца не вытрымала перагрузак жыцця. Памёр вечарам 21 красавіка 1970 года. Памёр у палёце. Калектыў педагагічнага інстытута ладзіў вечарыну: пілі чарку, закусвалі, гаманілі, скакалі, весяліліся. Мікалай Якаўлевіч выпіў чарговую чарку каньяку, падышоў да прыгожай маладой жанчыны і запрасіў яе на вальс. Яны грацыёзна пакружыліся пад чароўную музыку Штраўса. Музыка сціхла, і кавалер правёў даму да крэсла, пастаяў, пакуль яна села, і, не прамовіўшы ні слова, упаў каля яе… Хаця смерць мае толькі чорны колер і не асацыіруецца з прыгажосцю, тут якраз той адзіны выпадак, калі можна сказаць: «Памёр прыгожа, у палёце». У газеце «Магілёўская праўда» ад 24 красавіка 1970 года за подпісам «Група таварышаў» быў змешчаны некралог «М.Я. Сяргееў». Вось яго поўны тэкст:

«21 красавіка 1970 года раптоўна памёр дэкан філалагічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута Мікалай Якаўлевіч Сяргееў.

Усё свядомае жыццё Мікалая Якаўлевіча было звязана з педагагічным інстытутам, які ён скончыў у 1939 годзе і дзе працаваў да апошняга дня свайго жыцця.

У гады Вялікай Айчыннай вайны М.Я. Сяргееў прымаў удзел у абароне роднага горада, а затым у партызанскім руху.

Мікалай Якаўлевіч быў не толькі кваліфікаваным выкладчыкам беларускай мовы, ён займаў важныя адміністрацыйныя і грамадскія пасады: намесніка рэктара па завочнаму навучанню, дэкана філалагічнага факультэта, старшыні мясцкома інстытута і іншыя.

Асабліва многа сіл аддаў Мікалай Якаўлевіч, працуючы дэканам філалагічнага факультэта, справе падрыхтоўкі і выхавання маладых спецыялістаў. Ён заўсёды чула ставіўся да штодзённых клопатаў і патрэб студэнтаў, жыў іх інтарэсамі. Мікалай Якаўлевіч карыстаўся вялікай заслужанай павагай таварышаў па рабоце.

Светлая памяць аб Мікалаю Якаўлевічу Сяргееве надоўга застанецца ў нашых сэрцах».

М.Я. Сяргееў чалавек быў жыццярадасны, інтэлегентны, сумленны, спагадлівы, справядлівы, прыгожы. Памагаў многім землякам. Яму маглі кінуць толькі адзін папрок: яго любілі жанчыны, дый ён часам адказваў ім узаемнасцю. Твар ягоны свяціўся ўсмешкай. Калі ён заходзіў у гурт людзей або ў аўдыторыю да студэнтаў, там станавілася святлей і, здаецца, цяплей. Вестка пра яго смерць сцебанула вельмі балюча. Мой малыш сын Сяргей, калі ўвайшоў у дзіцячы садок, сказаў выхавацельніцы: «А ў нас такое вялікае гора!».

На пахаванне, здалося, прыйшоў увесь Магілёў: труну з нябожчыкам ужо неслі на руках па Грузаўскаму кладзішчу, а хвост калоны студэнтаў і гаражан быў яшчэ далёка, ажно за вёскай Грузаўка.

Героям вайны – вечная слава і памяць!

2018 г.

ФОТО

М.Я. Сяргееў з сям’ёй. Канец 40-х гадоў