Маскаленка Аляксандр Васільевіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Нядаўна давялося чуць: Ганчанскае – месца што трэба. Паветра крыштальнай чысціні. І ягады, і грыбы... Выйшаў за агароды і збірай сабе суніцы, чарніцы, баравікі, падасінавікі.

Жывуць у пасёлку людзі рабочыя, гасцінныя, – здабытчыкі балотнага «чорнага золата». Шмат тут і сваіх, мясцовых, і прыезджых. Як пачало працаваць прадпрыемства, дык і торф здабывалі, і жыллё будавалі. Дрэўцамі вуліцы абсаджвалі. Парадак наводзілі.

Пацягнула сюды і Аляксандра Васільевіча Маскаленку. Прыехаў з Шацілак (па-цяперашняму Светлагорск), дзе жылі бацькі. Ведаў ён гэтыя мясціны па ваеннай пары. Праз шмат год наведаўся ў госці да баявых сяброў. Яны прапанавалі: «Заставайся, Аляксандр Васільевіч, з намі. Вунь колькі жывой справы!»

Так стаў Маскаленка ганчанцам. Энергіі хапала на ўсё. Куды ні пасылалі – не адмаўляўся.

– Без рук маіх не абышлася ніводная будоўля. – гаворыць Аляксандр Васільевіч. – Кантору, сталовую, жылыя дамы ўзводзіў. Лёгкі быў на ногі. Не верылася, што старасць прыйдзе. Бывала, пасля працоўнага дня ў Клічаў збегаю за пакупкамі і дамоў вярнуся. Магазіна ў пасёлку тады не мелася.

Цяпер ветэран на пенсіі, размяняў ужо восьмы дзясятак. Хата яго поўніцца дзіцячымі галасамі: на лета прыехалі гарадскія ўнукі, і дзед больш з імі. Дзеці павесяляць і надакучаць, але Аляксандр Васільевіч не крыўдуе. Дзецям хай будзе дзяцінства.

За гэта, за мірнае жыццё змагаўся Маскаленка з ворагам у Вялікую Айчынную вайну.

...Іх пяхотны полк у першыя дні нашэсця гітлераўцаў адступаў праз Слонім, Баранавічы да Мінска. На станцыі Негарэлае амаль суткі ішоў бой. Сілы былі няроўнымі. Пяцёра знясіленых байцоў, уцалелых з падраздзялення, трое з якіх былі параненымі, дабраліся да рэчкі Бярэзіны, пераправіліся праз яе і аказаліся ў вёсцы Люціна.

– Жыхары яе, – успамінае Аляксандр Васільевіч, – дапамаглі нам набрацца сіл, падлячыцца, каб потым рушыць у дарогу. Пазней прыйшлі ў Дзмітраўку. Тут сустрэлі акружэнцаў, звязаліся з групай партызан 3. I. Ізоха і сталі народнымі мсціўцамі. Зброя заўсёды была пры мне. Пачаў камандаваць узводам, які ўваходзіў у роту Аркадзя Анцюха, ураджэнца з вёскі Бацэвічы.

Разам з іншымі байцамі атрада Аляксандр Васільевіч удзельнічаў у «рэйкавай» вайне, у засадах і баях па знішчэнню нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. Цяга да «рэйкавай» вайны ў лясных салдат была вялікай. Іншы раз падрыўнікі закладуць пад рэйку міну, чакаюць варожага цягніка, а яго перахопяць і пусцяць пад адхон падрыўнікі іншых атрадаў. На гэта ніхто асабліва не крыўдзіўся, бо ўсё рабілася для нашай агульнай перамогі, для вызвалення ад акупантаў роднай зямлі.

Аднойчы партызаны выйшлі да шашы Бабруйск – Магілёў паблізу вёскі Баркі Кіраўскага раёна. Трэба было сустрэць агнём фашысцкіх лётчыкаў, якія накіроўваліся за самалётамі з Магілёва ў Бабруйск. Два дні цярпліва сядзелі ў засадзе. А калі паказаліся варожыя аўтамашыны, падпусцілі чужынцаў на блізкую адлегласць і дружна ўдарылі па іх з усёй сваёй зброі. Хутка ўсё было скончана.

На вайне як на вайне. Нярэдка народных мсціўцаў падводзіла нявопытнасць. Па даносах здраднікаў партызанскія лагеры часам падвяргаліся варожай бамбёжцы. Таму на адным месцы доўга не затрымліваліся. Дыслакаваліся ў Клічаўскім, Бялыніцкім, Крупскім, Асіповіцкім і іншых раёнах.

Важнае значэнне для ворага меў чыгуначны мост праз раку Нача, што ў Крупскім раёне. Праз яго без супынку ішлі на фронт эшалоны з тэхнікай і жывой сілай праціўніка. Мост моцна ахоўваўся. I ўсё ж партызаны ўзарвалі яго. У гэтым баі загінуў камандзір роты Аркадзь Анцюх, які заўсёды вызначаўся адвагай, мужнасцю. Свайго баявога камандзіра народныя мсціўцы пахавалі ў лесе з усімі ўшанаваннямі.

Партызанская барацьба была нялёгкай. Аляксандру Васільевічу давялося перанесці шэсць варожых блакад. Але выстаялі, перамаглі.

Набліжаўся час вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У канцы чэрвеня партызаны атрада № 277 злучыліся з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі ля вёскі Паплавы.

Аляксандр Васільевіч разам з іншымі сваімі баявымі таварышамі ўдзельнічаў у баях па разгрому немцаў у мінскім «катле». А потым франтавыя дарогі павялі яго далей, на захад...

Беражліва захоўвае ветэран свае баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны першай ступені, медалі.

Ветэрана запрашаюць у Ганчанскую сярэднюю школу, шлюць віншаванні да свят адміністрацыя, партарганізацыя торфапрадпрыемства «Ганчанскае». Бываючы сярод моладзі, Аляксандр Васільевіч расказвае аб пражытых гадах, аб тых вялікіх выпрабаваннях, якія давялося зведаць у ваеннае ліхалец це.

Дзеці Аляксандра Васільевіча – пяцёра сыноў і дзве дачкі – ужо на сваім хлебе. Ён паказвае фотаздымак унука Сяргея, з гонарам падкрэслівае, што ўнук вучыцца ў мараходнай школе Ваенна-Марскога Флоту. Значыць, ёсць каму ахоўваць свяшчэнныя рубяжы Радзімы, якія ў свой час мужна абаранялі А. В. Маскаленка і яго баявыя сябры.

Назараў, У. Без прывалаў / У. Назараў // Сцяг Саветаў. – 1984. – 3 ліпеня. – С. 2.