Ліпскі А.І.

Бялыніцкі раён

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Партызанскі 122-і полк «За Радзіму» ў гады Вялікай Айчыннай вайны праводзіў баявыя дзеяннні супраць гітлераўскіх акупантаў i ix памагатых на тэрыторыі Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў. Ён стварыўся за лініяй фронту з выпускнікоў Асобага беларускага збору.

У верасні 1942 года атрад прыбыў на Бялыніччыну.

У cвaix успамінах «Пад сцягам брыгады» яго камандзір А.I. Ліпскі падрабязна aпісаў найбольш важныя баявыя аперацыі, якія правялі народныя мсціўцы ў Прыдруцкім краі.

Аднойчы непадалёку ад вёскі Ізобішча на міне падарвалася фашысцкая аўтамашына. Выбух быў такі моцны, што машына літаральна разляцелася на кавалкі. Загінула шмат нямецкіх афіцэраў i салдат.

На месца дыверсіі тэрмінова выехаў атрад эсэсаўцаў. Азвярэлыя гітлераўцы ўварваліся ў вёску i пачалі здзеквацца над яе жыхарамі.

Праз некалькі дзён у вёсцы кватаравалася вялікая група акупантаў, якая ахоўвала навакольныя дарогі.

Сувязныя паведамілі камандаванню 122-га палка аб расправе над жыхарамі Ізобішча. Хутка быў распрацаваны план па разгроме групы фашыстаў, якія аселі ў гэтай вёсцы. Начальнік штаба М. Салтаказін з разведчыкамі ўдакладніў наяўнасць узбраення і колькасць жывой сілы ворага. А тут яшчэ партызаны даставілі адтуль «языка» − нямецкага афіцэра, які таксама даў адпаведныя звесткі.

У марозную студзеньскую ноч 1943 года каля сотні народных мсціўцаў выступілі на выкананне баявога задання.

На подступах да вёскі фашысты заўважылі ix i адкрылі агонь. Бой працягваўся больш за дзве гадзіны. У ходзе яго партызаны знішчылі больш за 60 фашыстаў, сем аўтамашын, склад ГЗМ, вартавое памяшканне...

Панеслі страты i народныя мсціўцы: пяцёра ix загінулі, пятнаццаць былі параненыя.

Збройных спраў майстры

Камандаванне палка праяўляла асабісты клопат па забеспячэнні партызан зброяй і боепрыпасамі. Як правіла, іх дастаўлялі самалёты з Вялікай зямлі. Але ў полк прыходзіла шмат людзей з навакольных вёсак, а ўзбройваць іх часта было нечым. Тады начальнік штаба прапанаваў стварыць уласную майстэрню. Пад кронамі густых ёлак, што раслі побач са штабам , зрабілі павець, устанавілі горан. Вяскоўцы з Прыхаб, Снытак, Лебядзянкі прыносілі зубілы, малаткі, рашпілі і іншыя неабходныя для працы з металам інструменты.

Партызанскія групы пабывалі на месцах былых баёў, дзе адшукалі ствалы, затворы, магазіны і іншыя дэталі агнястрэльнай зброі, падабралі снарады, міны, якія не выбухнулі, для выплаўкі толу.

Неўзабаве ў майстэрні апынуўся значны запас «сыравіны». Знайшліся і патрэбныя спецыялісты. Аляксей Леўшукоў, напрыклад, слясарыў, Павел Мяркул майстраваў прыклады, Аляксей Мартынаў займаўся кавальскай справай. За год у лясной майстэрні было выраблена больш за дзве сотні вінтовак.

Майстравалі партызанскія ўмельцы і аўтаматы. Першы з ix Аляксей Леўшукоў зpaбiў менавіта для камандзіра палка Антона Ліпскага i з iм той праваяваў да самай сустрэчы з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Цяпер гэты аўтамат, да слова сказаць, захоўваецца разам з баявым сцягам палка ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава. Аляксей Леўшукоў са cваімі памочнікамі ўдасканаліў i патронныя дыскі для зробленых імі аўтаматаў. У ix стала ўваходзіць па 120 патронаў замест 71. Адпаведна, павялічылася працягласць стральбы, а для народных мсціўцаў гэты фактар быў вельмі важны.

Апошнюю вінтоўку партызанскія майстры збройных спраў вырабілі 25 чэрвеня 1944 года, за чатыры дні да вызвалення Бялыніччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні вызвалення

Набліжалася вызваленне Прыдруцкага краю ад фашысцкіх акупантаў. 25 чэрвеня 1944 года Бялыніцкі падпольны райкам партыі і кіраўніцтва ВАГ правялі пашыранае пасяджэнне. На ім былі падведзены вынікі другой «рэйкавай» вайны, пастаўлена задача па канцэнтрацыі асноўных сіл у партызанскіх лагерах, якія пры адступленні гітлераўцаў павінны былі асядлаць усе пераправы праз Друць. Першы і другі батальёны 122-га палка накіраваліся ў пастаянны лагер, а трэці застаўся ў вёсках Заполле, Цяхцін, Каліноўка з мэтай паралізавання руху варожага войска на шашы Магілёў-Мінск.

...А чацвёртай гадзіне paніцы 27 чэрвеня ў зямлянку, дзе размяшчаўся штаб палка, ускочыў днявальны і паведаміў, што часці Чырвонай Apмii актыўна адцясняюць фашысцкіх захопнікаў з Магілёўшчыны. У поўдзень разведка данесла, што на дарогах раёна з’явіліся гітлераўцы, якія, па ўciм было бачна, адступалі. На дарогі Пільшычы-Аксенькавічы, Пільшычы-Палігон з саставу палка накіравалі ўдарныя групы. Патрапляючы на партызанскія засады, вораг нёс значныя страты.

Фашысты паспрабавалі пры дапамозе танкаў i бронемашын ачысціць дарогі ад партызанаў, але іхняя тэхніка падрывалася на мінах. Тады фашысты прымянілі іншую тактыку: паперадзе cвaix калон яны паставілі мірнае насельніцтва. Народныя мсціўцы пачалі абстрэльваць канвой і калоны фашыстаў, а людзі ў гэты час разбягаліся па лесе...

Сухараў, В. Пад сцягам брыгады / В. Сухараў // Зара над Друццю. − 2014. – 2 ліпеня.− С. 2.