КРЫТ-ЗямскАЯ Аляксандра Іванаўна

Круглянскі раён

БИОГРАФИЯ

Нарадзілася 17.12.1922 у в. Доўгая Старына Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Партызанка-падрыўніца.

У 1930 г. сям’я пераехала ў в. Асяцішча. Скончыла 4 класы ў в. Казёл, 7 класаў Шапялевіцкай СШ. Пасля заканчэння школы паехала ў Мінск, дзе працавала на радыёзаводзе. Калі пачалася вайна, вярнулася дамоў у в. Асяцішча.

У 1942 г. пайшла ў партызанскі атрад. Спачатку працавала на кухні і даглядала параненых. У вольныя гадзіны хадзіла да падрыўнікоў, каб навучыцца падрыўной справе.

З вясны 1943 г. пачала хадзіць на чыгунку. Брыгада павінна была кожны месяц знішчаць па эшалону праціўніка. Хадзілі на заданні ў Друцкі лес і Самраўскі (Круглянскі раён).

14 эшалонаў было пушчана пад адхон у аперацыях, дзе ўдзельнічала А. І. Зямскова. 4 эшалоны на яе асабістым рахунку.

У 1944 г. атрад злучыўся з часцямі Арміі на станцыі Слаўнае.

Пасля вызвалення жыла ў в. Пераселле, працавала ў Круглым загадчыцай сацыяльнага забеспячэння.

З 1947 г. працавала ў рэдакцыі газеты «Сельскае жыццё» бухгалтарам (13 год).

У 1960–66 гг. – бухгалтарам у сельскім Савеце.

З 1966 г. працавала бухгалтарам у райпо. Пайшла на пенсію і яшчэ 10 год працавала вартаўніком у хозразліковым прарабскім участку да 1980 г.

Узнагароджана: ордэнам Чырвонай Зоркі (1945 г.), ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, пяццю медалямі.

ВОСПОМИНАНИЯ

У верасні 1942 года я, васямнаццацігадовая дзяўчына, пайшла ў партызанскі атрад. Заставацца ў вёсцы было небяспечна.

Два мае браты разам з Сяргеем Мансуравым пайшлі ў атрад да С. Жуніна першымі. Хаваўся па лясах і мой бацька. А аднойчы, калі нікога не было дома, у вёску ўварваўся паліцэйскі атрад. Здраднікі падпалілі нашу хату. Сабраліся мы ноччу ўсёй сям’ёй каля гарэлішча і вырашылі, што ў вёсцы застанецца толькі маці з малой сястрычкай, а наша месца ў лесе.

Так пачалося маё партызанскае жыццё. Мужчыны хадзілі ў разведку, узрывалі эшалоны, а мы, дзяўчаты, працавалі на кухні, мылі бялізну, шылі адзенне, даглядалі раненых. У вольны ад работы час я бегала да падрыўнікоў. У гэты час у іншых партызанскіх атрадах ужо з’явіліся жанчыны-падрыўнікі. Гэта былі Варвара Градзюшка і Соф’я Леановіч. А з вясны 1943 пачала і я хадзіць на чыгунку.

Валодзя Радзівілаў, Грыша Салянкоў, Ваня Баранаў, Іосіф Мачульскі і я – вось наша група падрыўнікоў. Заданне было такое – узарваць не менш аднаго эшалона ў месяц. І мы рыхтаваліся, з нецярплівасцю чакаючы кожнага такога дня і, калі ён наступаў, страшна хваляваліся. Выходзілі з атрада намнога раней назначанага часу, рабілі за дзень 40–50 кіламетраў і ноччу падыходзілі да чыгункі.

Ноч. Цемень хоць вока калі. Ідзём так, каб не трэснула пад нагой галінка, каб не зварухнуўся куст, не ўзляцела напалоханая птушка. Выбіраем месца, заляжам і чакаем. Вось усё бліжэй і бліжэй ахова, ідуць, размаўляюць, рагочуць, рэжуць цемень ліхтарыкамі, абшарваюць кусты. I калі промень спыніцца на кустах, дзе ляжым мы, то ў кожнага з нас так б’ецца сэрца, што, здаецца, яго стук могуць пачуць паліцаі. А яны, нічога не заўважыўшы, крочаць далей, мы ж пачынаем сваю работу.

Смерць хадзіла побач. Але кожны такі паход на чыгунку быў не дарэмны. Радасныя, вясёлыя вярталіся мы ў лагер і нецярпліва чакалі разведку, якая назаўтра дакладвала, з чым быў эшалон. І так заўсёды. 12 эшалонаў было пушчана пад адхон у аперацыях, дзе ўдзельнічала я. Чатыры на маім асабістым рахунку. Радзіма высока ацаніла дзейнасць партызан. Мне быў уручаны ордэн «Чырвонай Зоркі» і пяць медалёў.

Прайшлі гады. Прытупіўся боль страт. Але ў памяці назаўсёды засталіся дні трывожнай маладосці. Выраслі нашы дзеці і мы, былыя воіны, зробім усё, каб іх маладосць не зведала тых жахаў, якія выпалі на наш лёс.

ФОТО

ДОКУМЕНТЫ