Бібікаў Віталій Пятровіч

Клічаўскі раён

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Беларускі штаб партызанскага руху прасіў камандзіра палка Героя Савецкага Саюза гвардыі палкоўніка В. С. Грызадубаву паслаць самалёты да партызан Клічаўшчыны ва Усакінскі лес. Пляцоўка для пасадкі іх была падрыхтавана, ахова яе забяспечана. У народных мсціўцаў было шмат параненых байцоў, і іх трэба было вывезці на Вялікую зямлю.

В. С. Грызадубава даручыла зрабіць спробны палёт камандзіру экіпажа малодшаму лейтэнанту Віталію Бібікаву. У адзін з дзён ліпеня 1942 года яго самалёт узняўся ў паветра і ўзяў накірунак на Беларусь.

Віталій ведаў аб дамоўленых сігналах пры пасадцы. Іх паведаміў у штаб партызанскага руху па сувязі камандзір 208-га партызанскага атрада палкоўнік У. I. Нічыпаровіч.

Пасля 12 гадзін ночы на паляне ва ўмоўленым месцы гарэлі вогнішчы. Над ёй і з’явіўся наш самалёт. Ён зрабіў круг, другі, потым скінуў на парашутах боепрыпасы, разведаў партызанскі аэрадром.

Вярнуўшыся ў свой полк, Віталій Бібікаў далажыў В. С. Грызадубавай, што ва Усакінскім лесе ёсць зусім прыгодная пляцоўка для пасадкі самалётаў ля вёскі Галынка. Яму было даручана зрабіць другі палёт да партызан Клічаўшчыны з пасадкай на іх аэрадроме.

Цяжка перадаць словамі тую радасць, якая ахапіла народных мсціўцаў пры сустрэчы з пасланцом Вялікай зямлі. Моцныя абдымкі, цёплыя поціскі рук.

Аб першай пасадцы самалёта на партызанскім аэрадроме Клічаўшчыны Мікалай Ратушаў піша ў сваёй кнізе «У баявым паходзе»:

«Што тут рабілася! Абдымкі, пацалункі, гоман неразборлівых, але аднолькава ра дасных выкрыкаў...

Камандзір экіпажа Бібікаў і яго таварышы не паспявалі адказваць на дзясяткі пытанняў. А нам усё яшчэ не верылася, што гэта – наш самалёт, нашы, савецкія людзі прыляцелі на ім. Кожнаму хацелася не толькі бліжэй убачыць іх, але і дакрануцца да лётчыкаў, да самалёта, пераканацца, што гэта не сон, а самая сапраўдная ява...».

Некалькі слоў пра Віталія Бібікава. Нарадзіўся ён у 1914 годзе ў Маскве, дзе закончыў 10 класаў. Затым вучыўся ў грамадзянскім вучылішчы лётчыкаў. закончыў яго. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Віталій ужо меў шмат вылетаў, выдатна валодаў тэхнікай пілатавання. У вайну савецкі сокал праявіў храбрасць, бясстрашша ў баявых вылетах.

Аднаго разу спыталі сябры:

– Віталій Пятровіч, не баішся, што цябе могуць збіць фашысты?

– Быць збітым ніхто не хоча. – адказваў сябрам Віталій. – Важна, каб быў заў сёды высокі настрой на поспех, на перамогу, і яна прыйдзе.

Не адну сотню вылетаў зрабіў экіпаж Бібікава да партызан Клічаўшчыны. Як успамінае памочнік сакратара падпольнага райкома партыі Я. В. Міхнёнак, на Вялікую зямлю было вывезена каля 700 дзяцей і больш як 300 цяжкапараненых партызан, сярод якіх былі сакратар падпольнага райкома камсамола А. С. Дайнека, партызан 277 партызанскага атрада К. В. Валовік і многія іншыя.

11 лістапада 1942 года экіпаж Бібікава прызямліўся на адной з падрыхтаваных пляцовак на Браншчыне. Ён даставіў народным мсціўцам пісьмы, падарункі, боепрыпасы, а з сабой забраў цяжкапараненых, дакументы, пісьмы партызан да родных.

На зваротным рэйсе экіпаж, па дакладу бартавога радыста Пятра Ільяскіна, адчуваў сябе добра. Самалёт ляцеў над густой воблачнасцю. Пры набліжэнні да лініі фронта на яго напаў фашысцкі знішчальнік. Першым заўважыў яго стралок Юрый Кліменка і далажыў аб гэтым камандзіру. Віталій рэзка пайшоў на зніжэнне і на нейкі час схаваўся ў хмарах. Сувязь з нашым самалётам прапала. Ніхто не ведаў, з чым вяртаўся Бібікаў. Праз некаторы час ён прызямліўся на сваім аэрадроме. Усе сустракаючыя яго радаваліся, што так добра скончыўся палёт. Вясёлым быў і Віталій. Калі ўсе сабраліся за сталом, ён устаў і ціха сказаў.

– Мой тост – за Юрку Кліменку. Калі б ён празяваў знішчальніка – не сядзець бы нам зараз разам.

– А зараз паспяваем, – прапанавала В. С. Грызадубава. – Віталій Пятровіч, просім.

У Бібікава быў добры голас, але спяваў ён рэдка. Тут жа нельга было не выканаць просьбу баявых сяброў. Валянціна Сцяпанаўна села за раяль, пальцамі прабегла па клавішах. Загучала знаёмая мелодыя «Истребителей». Віталій Пятровіч выйшаў з-за стала, заспяваў:

В далёкий край товарищ улетает.

Родные ветры вслед за ним летят.

Любимый город в синей дымке тает

Знакомый дом,

зелёный сад

и нежный взгляд...

Пад канец святочнага стала ўсе разам праспявалі песню «Распрягайте, хлопцы, коней». Разыходзіліся шумна, весела. Наперадзе іх чакалі баявыя справы.

Неўзабаве Віталій Бібікаў атрымаў заданне даставіць боепрыпасы партызанскаму злучэнню А. Ф. Фёдарава на Украіну. Пры ўзлёце самалёт Бібікава доўга не мог адарвацца ад зямлі – быў галалёд, а калі ўзляцеў, то не здолеў набраць патрэбную вышыню і зачапіўся за будынак...

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 снежня 1942 года В. П. Бібікаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.

Канапліцкі, М. Летчык Віталій Бібікаў / М. Канапліцкі // Сцяг Саветаў. – 1984. – 4 снежня. – С. 2.