Фамін Сцяпан Рыгоравіч

Магілёўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Садоўнік Фамін з Казіміраўкі

Здаўна вядома: калі ты збудаваў дом, пасадзіў і вырасціў тры дрэвы, нарадзіў і ўзгадаваў трох сыноў, то пражыў сваё жыццё не дарэмна. Сцяпан Рыгоравіч Фамін збудаваў дом у Казіміраўцы, сваім дзецям дапамог збудаваць два дамы на ўласных сядзібах.

З сынамі не заладзілася, але з жонкай Евай Якаўлеўнай нарадзілі трох дачок. Ёсць шэсць унукаў і тры праўнукі. З дрэвамі ж у Сцяпана Рыгоравіча атрымалася куды лепш. Ён пасадзіў і вырасціў не тры дрэвы, а некалькі садоў у наваколлі. Стаў знакамітым садоўнікам.

Нарадзіўся ён 10 лютага 1922 года на хутары каля вёскі Голубаўка пад Магілёвам. У суседняй Пясчанцы скончыў 5 класаў. Калі бацькі, Рыгор Пракопавіч і Ефрасіння Яфрэмаўна, пераехалі ў Казіміраўку і ўступілі ў калгас імя Валадарскага, Сцяпан пайшоў у Цішоўскую сярэднюю школу, а ў 1941 годзе скончыў сёмы клас.

У вайну сям’я жыла ў Казіміраўцы, дзе зведала ўсе жахі фашысцкай акупацыі.

Пасля вайны Сцяпан Фамін скончыў Аршанскую школу садаводаў-агароднікаў і набыў спецыяльнасць садоўніка. Ён заклаў і вырасціў новыя сады на плошчы па дзесяць гектараў у Казіміраўцы і ў Прысна-1. У Пашкаве, Засценках, ва ўсіх іншых брыгадах калгаса правёў рамонт садовых пасадак. У пітомніку, які заклаў і даглядаў сваімі рукамі, на дрэвах-дзічках прывіў розных гатункаў антонаўку, некалькі гатункаў белага наліву, штрыфель, а таксама мічурынскія гатункі летніх і зімовых груш.

Садоўнік Фамін даўно на пенсіі і трымае пітомнік толькі на ўласным агародзе. Спадарожніца жыцця, маці яго дзяцей Ева Якаўлеўна, некалькі гадоў таму пайшла з жыцця. Сцяпан Рыгоравіч жыве ў дачкі Алёны, акружаны яе клопатамі і ласкай унукаў і праўнукаў, якія часта збіраюцца на бяседу ў дзедаву хату. І тады дзед шчодра дзеліцца з імі ўспамінамі маладосці.

– Не дай Бог, дарагія мае дзетачкі, – гаворыць ён, – бачыць вам такое. Лепш худы мір, чым вайна, нават кароткая.

У Сцяпана Рыгоравіча было доўгае сяброўства з заатэхнікам, ветэранам вайны Васілём Васільевічам Голубевым. На жаль, летась ён «у сваю дывізію пайшоў». Да садоўніка ён часам заходзіў са сваім сябрам палкоўнікам Пятром Асмалоўскім, які і цяпер не забывае дарогу ў Казіміраўку.

Неяк мы з Пятром Віктаравічам папрасілі расказаць пра жыццё ў Казіміраўцы падчас акупацыі, і Фамін паведаў нам:

– Прыйшла зіма першага года вайны. Снег ужо выпаў, толькі мала яго было. Бацька, Рыгор Пракопавіч, запрог каня ў сані. Узялі з сабой пілу і сякеру і паехалі па дровы ў Пашкава. Там разбіралі старыя пакінутыя драўляныя будынкі каля лесу. Толькі бацька прывязаў каня да дрэва, як пачуўся гул аўтамашын. Яны пад’ехалі, зусім непадалёк ад нас спыніліся. З іх саскочыла некалькі нямецкіх салдат, а потым яны пачалі выгружаць людзей. Мы з канём былі як на далоні, а таму ўцякаць і думкі не было, бо забілі б адразу. Бацька стаяў каля саней. А я паспеў пабегчы за будыніну, узабраўся на столь і стаў там за комінам.

Немцы аддзялілі ад групы некалькі чалавек, далі ім у рукі рыдлёўкі, каб капалі вялікую яму. Калі выкапалі, ворагі прыкладамі аўтаматаў сталі штурхаць людзей да краю ямы, а потым скідваць іх туды. Пачуліся аўтаматныя чэргі. Гвалт у яме сціхнуў. Такім жа чынам расправіліся і з астатнімі. Жывымі пакінулі толькі чалавек пяць – ім і загадалі закапаць забітых.

Калі яма была прысыпана, немцы сталі скідваць у адзін з вуглоў ямы і землякопаў. Раптам адзін з іх дзіка закрычаў і пабег у лес. Канваір ускінуў аўтамат і даў доўгую чаргу. Уцякач бразнуўся тварам у снег. Немец павольна падыйшоў да майго бацькі і паказаў, каб ён падагнаў сані да забітага. Разам усклалі яго на сані і павезлі да ямы. Бацьку немец адпусціў. Канваіры сабралі рыдлёўкі, селі ў машыны і паехалі ў бок Магілёва.

Я ж увесь гэты час стаяў за комінам ні жывы, ні мёртвы.

Кім былі забітыя людзі – невядома. Магчыма, яўрэямі...

Мы з бацькам, напалоханыя ўбачанай жудасцю, не сталі браць дровы і вярнуліся ў Казіміраўку паражняком…

Яшчэ расказаў Сцяпан Рыгоравіч пра крывавую падзею, якая адбылася ўжо ў самой Казіміраўцы 12 снежня 1943 года.

– На нашым пасёлку нехта ноччу забіў паставога. Раніцай немцы сабралі ўсіх жыхароў пасёлка. Падагналі да сцяны адной з хат. Неўзабаве прыбыў карны атрад у белых маскхалатах. Сталі сарціраваць: мужчын асобна, жанчын, падлеткаў і дзядоў – асобна. Сем ці восем мужчын адвялі праз дзве хаты і расстралялі. Жанчын прымусілі каля хаты выкапаць яму, пакласці ў яе забітых і закапаць.

Удовы сабралі па хатах карзіну курыных яек і пайшлі да нямецкага каменданта з прашэннем дазволіць пахаваць мужоў на могілках. Камендант дазвол даў, але паставіў умову: падрыхтаваць труны, пакласці ў іх забітых і адвезці на могілкі пад канвоем немцаў, а яшчэ каб аніякіх крыкаў і галашэнняў не было.

Мой бацька не трапіў пад той расстрэл. Яго забілі на яго ж двары. Сабака стаў моцна брахаць, і ён пайшоў паглядзець. Тут у двор зайшоў немец і застрэліў яго і сабаку.

Сем дамоў спалілі тады немцы на пасёлку. Мяне дома не было, а маці адна пахавала бацьку на агародзе каля хаты, ледзь прысыпаўшы зямлёй. Потым ужо зрабілі труну, пераапранулі нябожчыка ў чыстае адзенне і пахавалі на могілках па хрысціянску…

Удакладнім: Сцяпан Фамін сам расправу карнікаў не бачыў. Пераказвае пачутае ад маці і аднавяскоўцаў.

Сам Сцяпан Фамін падчас карнай аперацыі ў Казіміраўцы быў на адным з хутароў Бялыніцкага раёна ў сястры Соні. У яе трое малых дзяцей, брат у партызанах, муж у арміі. Дапамагаў ёй дроў нарыхтаваць і прывезці. Калі вяртаўся, трапіў у аблаву ў вёсцы Сенькава. Іх было чацвёра: ён з пляменнікам Колем і дзве жанчыны. Адну немцы адпусцілі, бо ў яе былі дакументы ў парадку, другую адправілі на катаргу ў Германію. Сцяпана з пляменнікам (дакументаў у іх не было) павезлі ў лагер на допыт. У двары лагера возчык-канваір пайшоў пытацца, каму нас аддаць, а ў гэты момант адкрылі вароты, каб прайшла калона рабочых. Хлопцы сталі ў калону і пайшлі разам з рабочымі, сярод якіх былі і казіміраўцы. Канваір шукаў, але не пазнаў. Давялося тыдні тры там працаваць, пакуль рабочых адпусцілі дадому. Вось такая яна, вайна...

Красавік 2010 г.