Сініца Ганна Мікітаўна

Кіраўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Да Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі пражывала 495 чалавек. Дзень 15 чэрвеня 1942 года стаў апошнім днём для жыхароў в. Боркі і іншых населеных пунктаў Грибовецкого сельскага Савета. Тады загінула 1800 чалавек. У нядзелю, 22 чэрвеня, жыхароў вёскі сагналі на царкоўную плошчу і падзялілі на дзве групы. Жанчын і дзяцей карнікі загналі ў дом калгасніка Івана Скірманта, а мужчын – у гумно Ляончыкава і падпалілі...

Вёска Боркі была цалкам знішчаная. У 2004 годзе ў памяць аб спаленых жыхарах ўзведзена капліца ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых».

«Прыйшлі ў хату, а ў нас былі дзве хаты (пярэдняя і светлая) і адны дзверы паміж імі. Мы былі ў светлай хаце: сястра, братава жонка з дзяўчынкай сямі гадоў з Зеляніцы, суседка і я. Я стаяла за дзвярамі, а маці ў першай хаце ля печкі, бралася ўжо нам снедаць даваць. Немцы ўвайшлі толькі – іх тры ішло к нам, – і так адзін з вінтоўкай адразу выстраліў. Выстраліў у маму, у мяне не было як, бо я стаяла за дзвярамі. Стралялі разрыўнымі кулямі. Мама перайшла яшчэ ў тую хату і цераз парог упала. Толькі і паспела сказаць: «Ой, дзеткі!». Як яна ўжо ўпала, я тады закрычала і ўзляцела на печ. Ужо ж дзецца не было куды. Я лягла паўз сцяну, а астатнія за мной: хто на мяне, хто побач. Яны падыйшлі к печы і пачалі страляць. Чую, захрыпела дзяўчынка. Стралялі доўга. Я прытаілася і ляжала. Яны пайшлі з хаты. Я ляжала доўга паміж забітых. Печ уся была заліта крывёю. Вылезла я з-пад забітых і забралася за печ. Быў такі прамежак паміж печчу і сцяной. Бацька быў столяр і там сушыў дошкі. Я не думала, што будуць паліць. Пасядзела за печчу і думаю: прыдуць дзед з бабай з Хватаўкі, і калі мяне заб’юць, то яны не знойдуць, і залезла зноў на печ. Потым ляжала на печы, немцы прыходзілі зноў, забіралі падушкі, коўдры. Тады ўсё сціхла. Я яшчэ паляжала і думаю, што нада выбірацца. Выпаўзла на двор, потым на агарод. Жыта ў тым годзе было маленькае, схавацца не было дзе. У канцы нашага атруба (надзела) быў лес. Я хацела да яго дапаўзці. На дубах кругом сядзелі немцы. Я паўзла к лесу побач дарогі. Па дарозе ехаў немец з аўтаматам – гнаў коней. Я была ўся ў крыві ад забітых. Ён мяне не заўважыў. Я прытаілася і ляжала. Немец паглядзеў і, мусіць, прыняў за ўбітую і паехаў далей. Я запаўзла ў нізіну, з вёскі яе не відна, толькі як падыходзіш к лесу – тады відна. Стала падбягаць к лесу, мяне ўбачылі і пачалі страляць. Але паспела ўскочыць у лес. Бачу – загарэлася вёска.

Я пайшла к цётцы ў Рукавец: босая, абарваная. Дайшла да Скачка, а там людзі вярталіся ўжо з лесу. Як я ўсё сказала, усе зноў уцяклі ў лес. А адна жанчына дала мне хусту. У Рукавец прыйшла пад вечар. Зайшла ў хату: цётка даіла карову, як зайшла ў хату, то спачатку мяне не заўважыла. Як пазнала мяне, то адразу стала галасіць. Яна здагадалася аб усім. Дзядька залез на мельніцу і ўбачыў, што Боркі гараць. Цётка галосіць, а ў мяне хоць бы слязінка, а ўжо плакала толькі на заўтра. Праз некалькі дзён я прыйшла назад на папялішча, сабрала і пахавала косці.

Далей сабраліся ўсе, хто застаўся ў жывых, жылі ў зямлянках. Некалькі разоў немцы палілі і грабілі зямлянкі. У гэты час я дапамагала партызанам: перадавала праз связаную ім сухі ёд. А потым прышлі красныя…».