Хомчанка Елізавета Пятроўна

г. Магілёў

ВОСПОМИНАНИЯ

Лёс блакадніцы Ленінграда

Сярод гарадоў-герояў, атрымаўшых гэтае найменне за мужнасць і геройства ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну, самым унікальным з’яўляецца Ленінград. 900 дзён і начэй доўжылася блакада, горад не скарыўся ворагу. Такога подзвігу арміі і народа гісторыя яшчэ не мела. Гэтае процістаянне каштавала ленінградцам многіх соцен тысяч жыццяў.

Даведка

Летам 1941 года група нямецкіх армій «Поўнач» ва ўзаемадзеянні з фінскімі войскамі пачалі наступаць на Ленінград. Фашысцкія захопнікі мелі намер, завалодаўшы горадам, усіх яго жыхароў знішчыць, а горад зруйнаваць. Ворагу процістаялі савецкія войскі Паўночнага (з 23.08.1941 г. Ленінградскі) і Паўночна-Заходняга франтоў. Да 500 тысяч ленінградцаў стваралі абарончыя рубяжы. У ліпені-верасні 1941 года сфарміравана 10 стралковых дывізій народнага апалчэння, 16 артылерыйска-кулямётных батальёнаў, каля 200 партызанскіх атрадаў, у войскі мабілізавана да 300 тысяч камуністаў і камсамольцаў.

У жніўні 1941 года вораг пераважаў савецкія войскі ў ваеннай тэхніцы ў пяць-шэсць разоў. Ён прарваўся да Фінскага заліва, Ладажскага возера і блакіраваў Ленінград з сушы (з 08.09.1941 г. да 18.01.1943 г.). Вораг імкнуўся зламаць супраціўленне абаронцаў артабстрэлам і бамбардзіроўкамі: спаліў і разбурыў 13979 будынкаў, у тым ліку выдатныя помнікі культуры.

Ад голаду загінула каля 640 тысяч чалавек, але горад змагаўся. У лістападзе па лёдзе Ладажскага возера пракладзена так званая «Дарога жыцця», па якой да красавіка 1942 года эвакуіравана больш за 550 тысяч чалавек, дастаўлена ў горад 361 тысяча тон грузаў. 12-30.01.1943 года Ленінградскі і Волхаўскі франты прарвалі блакаду на поўдзень ад Ладажскага возера і ўтварылі калідор 8-10 кіламетраў, пралажылі чыгуначную і аўтамабільную дарогі.

У выніку Ленінградска-Ноўгарадскай аперацыі, якая пачалася 14 студзеня 1944 года, 27 студзеня 1944 года блакада Ленінграда была поўнасцю знята.

На свае вочы

Як жылося ў блакадным Ленінградзе, якія жахі, голад і холад вытрымалі людзі, ясна помніць блакадніца Ленінграда, цяпер жыхарка Магілёва Елізавета Пятроўна Хомчанка. Яна карэнная ленінградка, нарадзілася ў 1931 годзе. У 1938 годзе з’явіўся на свет брат Валянцін. Маці Алена Казіміраўна Хадасевіч працавала настаўніцай ў школе, бацька Пётр Сцяпанавіч Хадасевіч – на заводзе, дзед Казімір Віктаравіч – пенсіянер.

– І сёння добра помню свайго дзядулю, – расказвае Елізавета Пятроўна. – Заўсёды акуратна апрануты, вельмі лагодны, са шчырай усмешкай на твары. Не помню, кім ён працаваў, але запала ў памяць, як ён вадзіў мяне, маленькую, за руку па цэхах вялізнага завода. Жыла наша сям’я ў кватэры 15 дома 8 па вуліцы Рылеева – гэта ў цэнтры горада. Знаходзілася кватэра на чацвёртым паверсе.

Блакада горада пачалася ў верасні 1941 года. Харчаванне атрымлівалі па картках. Па першым часе жылі галаднавата, але трывалі. А пад Новы год прыйшла бяда – 5 снежня ад разрыву варожай бомбы на заводзе загінуў наш бацька. Ён працаваў намеснікам дырэктара караблебудаўнічага завода «Марці», але дырэктара ўзялі на фронт, і ён яго замяніў. Быў на заводзе і дзень, і ноч, дамоў не прыходзіў, бо працаваў завод кругласутачна, і ўсё кіраўніцтва завода, а можа і рабочыя, былі падпарадкаваны казарменнаму рэжыму. Вясной 1942 года занядужыў дзядуля Казімір. Маці, каб падтрымаць яго, надумалася частку прадуктовых картак абмяняць на сухары. Пайшла з дому і не вярнулася, ні ў гэты, ні ў іншыя дні. Доўга чакалі мы яе. Толькі пазней даведаліся, што каля яе разарваўся варожы артылерыйскі снарад. І засталіся ў кватэры вельмі хворы дзядуля, я – няпоўных адзінаццать гадоў і брацік, якому больш за тры гады. Праз некалькі дзён, як пайшла маці, памёр наш дзед Казімір. Суседзі памаглі адвезці пакойніка ў морг, а потым ён быў пахаваны, ужо без нас, на Піскароўскім кладзішчы.

– І засталіся мы адны, – доўжыць аповед блакадніца Ленінграда, – зусім малыя дзеці, знясіленыя ад голаду. Пры бамбёжках і артабстрэле мы па першым часе хадзілі ў падвал, а потым перасталі, бо ногі не трымалі ўжо, яны апухлі ад голаду. Уратавалі суседзі, яны нешта прыносілі з яды: маленькія кавалачкі кашаціны і сабачыны. Ды і я навучылася гатаваць страву са сталярнага клею. Помніцца, смачны студзень атрымліваўся, – з горкай усмешкай гаворыць наша субяседніца.

– Акрыяўшы, хадзіла і пабірацца, бо голад не цётка. А потым і заробак знайшоўся: у домаўпраўленні разносіла пясок на паверхі ў пад’ездах дамоў, каб потым было чым патушыць бомбы-запальнічкі. І сама пасыпала пяском узгаранні пад час бамбёжак.

– Увогуле, жылі з брацікам, як давядзецца, як і ўсе ленінградцы: голад, холад, ні электрычнасці, ні абагрэву батарэй, ні каналізацыі. А вада ў Няве вельмі ўжо далёка, бо жылі мы ў цэнтры горада, блізка да Неўскага праспекта. Ежу гатавалі, калі было з чаго, на печцы-буржуйцы. Дровы былі ў падвале, і калі не магла хадзіць, то распальвала печку кнігамі і мэбляй, якую ўдавалася паламаць.

Немцы бамбілі горад вельмі часта. Бывала нярэдка, што па восем гадзін запар гучала трывожная сірэна. А як толькі знялі варожую блакаду, то налёты нямецкай авіяцыі сталі радзей. Адразу ж па гораду сталі хадзіць дружыннікі: пакойнікаў, якія з зімы ляжалі на тратуарах, адвозілі на Піскароўскія могілкі, хворых – у бальніцы, а нас, дзяцей, на параходах вывезлі ў тыл, а там пасадзілі на поезд. Нам далі паспытаць рысавай кашы і кісяля ўпершыню за прайшоўшыя гады. Дарослыя гаварылі: – Толькі пакрыху давайце, каб не захварэлі на страўнік! Эшалон суправаджалі нашы самалёты-знішчальнікі, каб вораг не разбамбіў вагоны.

Прывязлі нас ў Іванава і размясцілі ў дзіцячым доме. Мяне з брацікам не разлучалі, мы ўвесь час былі разам. Так было да Перамогі. А потым быў загад, каб ўсіх дзяцей, якім па 14 і болей гадоў, вярнуць у Ленінград.

А ў мяне 5 мая быў дзень нараджэння, якраз 14 гадоў. Дык нас з брацікам разлучылі. У Ленінградзе мяне паслалі вучыцца ў школу ФЗН на прадзільна-ткацкую фабрыку. Жыла ў інтэрнаце, вучылася і працавала на фабрыцы да 1949 года.

Разбурэнняў падчас блакады ў Ленінградзе было шмат, але наш дом ацалеў. Толькі кватэру мне не вярнулі. Трэба было зрабіць гэта не пазней шасці месяцаў пасля смерці маці. А была я на той час няпоўналетняя, патрэбна было аформіць кватэру на апекуна, яго ж у мяне не было. Ды і не ведала я ўсяго гэтага.

У 1946 годзе мяне адшукала мая бабуля Марыя Кузьмінічна Хадасевіч. Яна жыла ў Магілёве па вуліцы Садоўскай у доме №14. Мы з ёй амаль чатыры гады ліставаліся, і яна ўгаварыла мяне пераехаць у Магілёў, што я і зрабіла ў 1949 годзе. Уладкавалася на працу на швейную фабрыку імя Валадарскага ў аддзел збыту.

Неўзабаве пазнаёмілася з франтавіком Васілём Іванавічам Хомчанка. Ён быў, як кажуць палякі, гжэчны і меў многа ўзнагарод. Захапленне перарасло ў каханне, і мы з ім пажаніліся. Муж працаваў у ліцейным цэху завода «Строммашына». На жаль, ён рана пайшоў у іншы свет, але сям’я наша была шчаслівая. У нас з ім трое дзяцей. Сын Валерый Васільевіч Хомчанка працуе ў шпіталі ветэранаў вайны па гаспадарчай часці, дачка Наталья Васільеўна Святлова цяпер на пенсіі, а працавала на заводзе інжынерам. Дачка Алена Васільеўна Шэвелева – цырульнік. Ёсць два ўнукі і дзве ўнучкі: Вадзім працуе на заводзе, Андрэй вучыцца ў школе. Яна – урач і Алена – прадавец. Ёсць, і гэтым асабліва ганарусь, дзве праўнучкі – Соф’я і Валерыя – школьніцы.

Мой сямігадовы брат Валянцін Пятровіч Хадасевіч у 1945 годзе застаўся ў Іванава ў дзіцячым доме. Слала яму лісты, але водгуку не было, бо ён яшчэ не ўмеў пісаць і чытаць. Шукала яго 17 гадоў і ўсё безвынікова. Памагла знайсці магілёўская міліцыя: жыў у Калінінградзе, працаваў у парту шафёрам. Ён скончыў мастацкае вучылішча, адслужыў у арміі, а потым ажаніўся. Жонка яго, Аляўціна Аляксандраўна, жыла ў сямі кіламетрах ад Калінінграда. У іх ужо было дзіця-немаўлятка.

Я паслала ліст начальніку порта, у якім расказала пра наш лёс. Брат Валянцін сярод шафёраў порта вызначаўся як ударнік працы. Кіраўніцтва порта выдзеліла яму кватэру, у якую хутка з радасцю пасялілася маладая сям’я. Брат адразу ж пасля наваселля прыехаў на сустрэчу ў Магілёў. Я не пазнала яго і нават папрасіла паказаць руку. Яшчэ з маленства ў яго ад кіпеню на руцэ засталося пятно. Убачыўшы тое пятно, ужо не сумнявалася. Некалькі гадоў таму і брат Валянцін, і яго жонка Аляўціна пайшлі з жыцця. А іх дзеці і цяпер жывуць у горадзе сваіх бацькоў: сын Андрэй плавае на цеплаходзе, а дачка Ірына працуе ў гандлёвай фірме…

Працоўны стаж ў Елізаветы Пятроўны 48 гадоў. А яшчэ б улічыць дзіцячую працу па тушэнні бомб-запальнічак! Здаецца, напрацавалася ўдосталь: дажывай свой век спакойна. Але яна так не можа, бо і сёння энергічная, няўрымслівая і з ахвотай выконвае грамадскую працу: з’яўляецца членам савета ветэранаў АТА «Вяснянка», часта дзеліцца вопытам працы і жыцця з маладымі работніцамі. Некалькі гадоў была намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі блакаднікаў Ленінграда г. Магілёва, а ў студзені яе абралі старшынёй і дэлегіравалі ў Мінск на сход грамадскага аб’яднання Беларускага саюза «Блакаднікі Ленінграда», на якім магілёўскіх блакаднікаў Ленінграда прынялі ў склад гэтага саюза.

А яшчэ Елізавета Пятроўна пастаянная госця ў сярэдніх школах №22 і №27 горада Магілёва, бывае і ў іншых школах, у якія запрашаюць. Яна – жывая сведка блакады Ленінграда і даносіць суровае дыханне той пары да сэрцаў школьнікаў.

Асабліва блізкая ёй школа №27: у ёй вучыліся ўсе яе дзеці і ўнукі, а цяпер вучацца яшчэ і праўнучкі. Зусім нядаўна ў школе праводзіўся семінар бібліятэкараў Ленінскага раёна горада і блакадніца Ленінграда падзялілася з імі сваімі ўспамінамі, а потым пайшла да вучняў у дзявяты клас. Вось такая блакадніца Ленінграда!

2012 г.