Рэвяка Аляксандр Андрэевіч

Шклоўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Я нарадзіўся ў 1929 г. Памятаю, як у пачатку вайны ў хату забег узрушаны старэйшы брат Мікалай і паклікаў мяне хутчэй бегчы ў Шклоў, дзе ў крамах «усё бяруць задарма». Прыбеглі да бліжэйшага харчовага магазіна (зараз вуліца Савецкая, 54). Бачым жудасную з’яву – з магазіна жыхары Шклова вельмі хутка расцягваюць харчовыя тавары. Мы былі падлеткамі, і нам амаль нічога не дасталося. Паспелі схапіць толькі мех з гарбатай. Гэтай гарбаты потым хапіла на ўвесь ваенны час і нават на наступныя гады.

Калгасную жывёлу эвакуіраваць не паспелі. З прыходам немцаў вялікі гурт скаціны знаходзіўся на лузе каля Зарэчча. Кароў ніхто не даіў, і яны гучна раўлі. З мясцовых жыхароў ніхто не рызыкаваў падыйсці і нешта зрабіць са скацінай. Далейшы лёс калгаснага гурта я не ведаю. Калгасных коней, якія засталіся, немцы падзялілі сярод жыхароў Рыжкавіч. Непасрэдна нашай сядзібе дасталася вельмі добрая каняка па мянушцы Мангол, якая заставалася ў нашай сямейнай гаспадарцы ўсе ваенныя гады. З прыходам Савецкай арміі нашага Мангола забралі, і ўсё наша сямейства вельмі сумавала з гэтай нагоды.

У 1941 годзе я быў сведкам, як немцы прымусілі вялікую колькасць людзей знаходзіцца на лузе каля Рыжкаўскай царквы. Гэта былі мясцовыя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. Яны сядзелі на голай зямлі ўдзень і ўноч, у спякоту і непагадзь. Людзі пакутвалі ад шматлікіх здзекаў і жудасных забойстваў. Напрыклад, немцы каму-небудзь з яўрэяў на галаву ўстанаўлівалі запалкавы карабок і, адышоўшы, пачыналі страляць па гэтай мішэні. Уяўляць, што пры гэтым адчувала ахвяра, вельмі цяжка. Памятаю, як два яўрэйскіх юнакі спрабавалі ўцячы, але ахоўнікі іх злавілі і расстралялі.

Вясковыя жыхары ў новых складаных умовах акупацыі як маглі займаліся асабістай гаспадаркай. Новыя ўлады перадалі калгасныя землі сялянам, падзяліўшы іх з улікам колькаснага складу кожнай сям’і. У Шклове на былой дрэваапрацоўчай фабрыцы “Барацьба” працаваў млын. Сяляне з наваколля прывозілі туды зерне. Аднойчы мой бацька, каб хутчэй змалаціць зерне, прапанаваў млынару пляшку самагону. Але млынар рашуча адмовіўся і моўчкі паказаў на нямецкага салдата, які знаходзіўся на двары і наглядаў за парадкам. Давялося нам займаць месца ў агульнай чарзе.

Непасрэдна каля Дняпра ў Рыжкавічах размяшчалася невялікая нямецкая вайсковая часць, якая ахоўвала пераправу праз раку. Часова у будынку царквы немцы нават зрабілі невялікую майстэрню па рамонту тэхнікі і зброі. Я, як і іншыя суседскія хлапчукі, хадзіў да нямецкіх салдат і дапамагаў ім па гаспадарцы. Напрыклад, мы мылі посуд або пілілі дровы. За гэту працу салдаты калі-небудзь частавалі нас харчаваннем. Гэтыя невялічкія пачастункі мы хутка неслі да хаты. Асабліва складана было пад час вайны набыць харчовую соль. І вось аднойчы бацька разбудзіў мяне ноччу. Узяўшы мех і будаўнічы малаток, мы, крадучысь, пайшлі ў накірунку Шклова. Прыйшлі да паўразбуранай цаглянай двухпавярховай школы па вуліцы Дняпроўскай (зараз гэты будынак не існуе). Побач са школай да вайны існавала невялічкая пякарня, дзе пяклі хлебныя пачастункі. Будынак гэтай пякарні быў амаль увесь разбураны. Заставалася толькі даволі вялікая печ. Бацька з маёй дапамогай пачаў паціху разбіраць гэту печку, а потым з нейкай адтуліны стаў выграбаць сапраўдную соль. Набраўшы солі болей як паўмеху, мы хуценька пайшлі да хаты. Усё жыццё бацька працаваў печніком, і гэту печку ў пякарні ён рабіў да вайны таксама. А каб цяпло доўга трымалася, унутры печы рабілася адпаведная ніша, куды і засыпалася соль. Пра гэтую соль, напэўна, ведаў толькі сам стваральнік печы. Такім чынам, даваенная праца бацькі і забяспечыла ўсю нашу сям’ю гэтым харчовым прадуктам на бліжэйшыя гады.

Між тым, пры ўсіх цяжкасцях, наша сям’я ўмудралася трымаць парсючкоў. Каб іх не забралі немцы, зрабілі ў хляву патаемны закуток і замаскіравалі яго дравамі. Аднойчы да нас у хату зайшоў нямецкі салдат і запатрабаваў, каб мы аддалі яму парсючка. Менавіта ў гэты перыяд два парсючкі гадаваліся ў нашым патаемным месцы. Бацька запярэчыў, пачаў сцвярджаць, што ніякай скаціны ў яго няма, і паказваў пустыя хлеўчукі. Але немец хітра паглядзеў на бацьку і паказаў два пальцы: «Вось столькі ты гадуеш!» А потым дадаў, што ён забярэ толькі аднаго, а другі хай застаецца. Наша схованка была рассакрэчана. Напрыканцы немец паведаміў, што пра патаемных парсючкоў яму расказаў наш аднавясковец.

Памёр Аляксандр Андрэевіч ў 2002 г.

Успаміны да друку падрыхтаваў Грудзіна Аляксандр.

ФОТО