Мірановіч Аляксей Мацвеевіч

Асіповіцкі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

«У перыяд Вялікай Айчыннай вайны наша сям’я трапіла пад акупацыю, як і многія другія сем’і. Але не ўсе схілілі сваю галаву перад акупантамі, сталі пакорнымі, у тым ліку і наш бацька Мацвей Іванавіч Мірановіч. Ён яшчэ ў дваццатыя гады партызаніў у Беларусі, прымаў удзел у барацьбе супраць белапалякаў. Не скарыў ён галавы і ў час нашэсця фашыстаў.

Помніцца, неяк у сорак другім годзе да нас часта пачалі наведвацца родзічы – «цёці» ды «дзядзі», якіх мы, дзеці, не ведалі.

I тады я спытаўся ў бацькі, што гэта за людзі. Спачатку ён прамаўчаў, а потым сказаў:

– Ну што ж, далей скрываць усё немагчыма. Правядзём сямейны сход. Маці ведае ўсё, а цяпер і вы павінны ведаць. Я звязаны з партызанамі, і ад вас патрабуецца таксама дапамога.

Тады і я сказаў бацьку, што мы, хлопцы, не раз зрывалі фашысцкія аб’явы, дзяліліся пачутымі ад людзей паведамленнямі аб становішчы нашых войск пад Масквой і Сталінградам, збіралі зброю. I назваў яму месца, дзе мы схавалі кулямёт Дзегцярова з двума дыскамі патронаў. Пазней гэтая зброя была перададзена ў лес партызанам.

Прыгадваецца і такі выпадак. Неяк летам, у час сенакосу, мы з бацькам паехалі на станцыю Ясень для нарыхтоўкі сена. 3 намі былі каса і граблі. Аднак немцы забралі ўсё гэта ад нас і сказалі, што каса – гэта зброя. I граблі таксама, а траву рвіце рукамі. Так мы і пайшлі на сенакос.

У гэты час бацьку неабходна было сустрэцца з сувязнымі. Ён падышоў да аднаго з касцоў, што працавалі непадалёку, папрасіў касу і пачаў касіць, а мужчына стаў яму штосьці тлумачыць. А пасля мы паехалі дахаты.

На ўсё жыццё запомніўся мне яшчэ адзін выпадак. Стаяў верасень сорак трэцяга года. Аднойчы пад вечар да нас у двор заехаў воз з сенам. На ім ладкаваліся мужчына з дзяўчынай. Вось возчык і гаворыць:

– Прымайце сваю пляменніцу Аню.

Дзяўчына саскочыла з воза, назвалася Аняй Сакаловай, а возчык быў родам з Гарожы. Гасцей запрасілі ў хату, разам павячэралі. А калі добра сцямнела, скінулі сена з падводы. Потым з-пад другога дна яе дасталі рацыю і сілкаванне да яе – некалькі батарэй. Усё гэта мне давялося схаваць пад падлогай у хаце, дзе была выкапана яма, а батарэі яшчэ далей – у самы дальні куток хаты. У той жа вечар у глыбокую поўнач мы слухалі радыё з Масквы.

А пазней пачаліся перадачы на Маскву. Кожную ноч радыстка садзілася за рацыю і перадавала разведданыя, якія прыносіў ёй бацька. У гэты час маці ці сястра выходзілі на двор, каб паглядзець, што робіцца на вуліцы, і ў выпадку небяспекі папярэдзіць хатніх. Колькі было ў той момант хваляванняў, перажыванняў, колькі ўсім нам гэта каштавала нерваў – адзін Бог ведае. Апрача таго, мы рэгулярна слухалі зводкі Саўінфармбюро і тайна перадавалі іх сваім знаёмым.

Заканчваўся сорак трэці год. Фронт падышоў да Беларусі. У ноч на 1 студзеня 1944 года была атрымана радыёграма з добрымі весткамі, у якой была падзяка за карпатлівую работу і віншаванне з Новым годам. Як радавалася наша радыстка! Ніколі не забуду яе слоў:

– Калі пераможам, я прыеду да мамы, нашай з табою мамы, і расцалую яе мільён, мільён разоў.

Але лёс распарадзіўся па-свойму.

Сёння, пэўна, многім думаецца, што тады, у гады вайны, было ўсё так проста: сабралі даныя і перадалі. Цяпер нават цяжка ўявіць, чаго гэта каштавала ў тыя нялёгкія часы. Галоўнае, патрэбна было мець вялікую вытрымку, душэўную раўнавагу, каб нідзе не спатыкнуцца, не выклікаць сваімі дзеяннямі падазронасці.

Так прайшло тры месяцы. Мы ўжо лічылі тыдні, калі Чырвоная Армія павінна ўвайсці ў наш горад. Марылі, што тады шырока расчынім вокны, установім дынамік і ўключым рацыю на ўсю магутнасць – хай людзі слухаюць Маскву.

Потым здарылася нечаканае. Было 1 красавіка 1944 года. Пачаўся ясны дзень, марозна, усё так навокал хораша. Мне патрэбна на работу к 9 гадзінам раніцы. Я паснедаў мамінымі дранікамі з мёрзлай бульбы. I з сабою яна дала мне кавалак хлеба з жалудоў, падобнага на шакалад. Я яшчэ пажартаваў тады:

– Ну, матуля, хутка я цябе пачастую сапраўдным шакаладам, а гэты, жалудовы, пашлём у музей. Ад вуліцы Базарнай (цяпер Гогаля) да дэпо было кіламетраў са два. Дзесьці а палове дзевятай гадзіны я выйшаў з дому, ужо мінаваў сваю вуліцу, калі насустрач мне паказалася аўтамашына, крытая брызентам. Раней у такі час машыны не хадзілі. У мяне ёкнула сэрца. Магчыма, сказвалася штодзённае напружанне ў падпольнай рабоце. I яшчэ падумалася: «Няўжо гэта немцы?».

Машына спынілася каля мяне. I адтуль запыталі:

– Як праехаць у вёску Прудок?

– Не ведаю, – адказаў я. – Ды і на работу спазняюся.

– Давай у машыну! – крыкнулі-загадалі мне. – Мы растлумачым тваё спазненне.

Мяне запхнулі ў кузава машыны. Там было многа людзей у нямецкай форме, некаторыя з іх размаўлялі па-руску. Едзем па нашай вуліцы, мінавалі наш дом № 19, наступны дом. Думаю, дарэмна хвалююся. Але тут машына спыняецца, і многія выскакваюць з кузава і бягуць да нашага дома. Мяне і яшчэ траіх немцаў пакідаюць у машыне. Цераз нейкае імгненне чую плач маці і крыкі немцаў. У гэты час кідаюся цераз борт машыны, каб пераскочыць вуліцу і схавацца ў двары суседа. Аднак у двары мяне збіваюць з ног – выходзіць, там ужо загадзя была наладжана засада.

Карнікі заводзяць мяне ў наш дом. Там бачу, што маці, сястра, радыстка стаяць у кутку пакоя пад дуламі аўтаматаў, а ў кватэры ўсё перавернута, раскіданы кнігі, пасцелі, узадрана падлога і ляжыць радыёстанцыя.

Мяне паставілі побач з маці.

– Дзе батарэі? – крычаць. – Зараз усіх расстраляем.

Але ніхто нічога не сказаў і ніхто не ведаў, дзе ляжалі батарэі. Я іх заўсёды хаваў пасля работы радысткі ў дальні вугал хаты. А рацыя знаходзілася пад падлогай у спальні. Так што ўвесь час даводзілася лазіць пад падлогу.

Усіх нас прымусілі апрануцца і вывелі на вуліцу да машыны. Потым павезлі ў горад і закрылі ў хляве нейкага дома, а вечарам вывезлі ў Бабруйск у турму – таксама дом, абнесены калючым дротам. Як я пазней даведаўся, гэта было на вуліцы Сямёнаўскай.

На трэці дзень прывезлі бацьку – пабітага і акрываўленага. У дзень арышту яго не было дома, быў дзесьці на сувязі. А калі прыйшоў дахаты, трапіў у засаду. Пасля допыту і катаванняў нас адправілі ў сямейны зборны лагер, а бацьку і радыстку – у крэпасць.

Неўзабаве ўсе сем’і пагрузілі ў поезд і павезлі ў Беласток. Там быў сартавальны пункт. Мылі халоднай вадой, стрыглі ўсім валасы, здзекваліся. Выходзілі з душавой у халатах астрожнай формы, а нашу вопратку забралі. Размясцілі ў бараках, дзе на двухпавярховых нарах валялася трухлявая салома.

З Беластока нас вывезлі ў горад Страсбург, дзе таксама панавалі фашысты. Пасялілі ў разваленыя баракі. Кармілі, як і раней, турнэпсам і пілавіннем. На работу ганялі ўсіх, хто мог стаяць на нагах. У Страсбургу быў авіяцыйны завод, дзе выпускалі маторы да самалётаў. Але яго разбамбілі, і нас прымушалі прыбіраць смецце. А бамбілі завод амаль кожны дзень. Мы, рабочыя, таксама стараліся сапсаваць абсталяванне і гатовую прадукцыю, Падсыпалі ў спраўныя станкі, а таксама маторы пясок, каб яны не працавалі. Побач пралягаў канал, і ўсе вязні бегалі туды ратавацца ад бамбёжкі.

Вызваілілі нас амерыканцы. І вывезлі нас са Страсбурга ў горад Мантэструк, дзе мы і знаходзіліся да заканчэння вайны. Потым нас накіравалі ў горад Марсель для адпраўкі на Радзіму.

Але паколькі мора было яшчэ замініравана, то павезлі назад цераз усю Францыю ў Германію. Адсюль маці, сястру Ніну і брата Мішу, малодшага, адправілі на Радзіму. А мяне прызвалі ў рады Савецкай Арміі».