Адзіянава Анастасія

г. Магілёў

ФОТО

Над Мікалаеўкай плануюць буслы

Над Мікалаеўкай плануюць буслы. Ужо тры гады бачу іх тут і радуюся гэтым на дзіва прыгожым птушкам. Яны павольна пакружылі над хатай маёй бабулі і вярнуліся ў сваё гняздо. Яшчэ здалёк убачыла я старэнькую, згорбленую жанчыну, якая сачыла за бусліным палётам. Тры гады таму назад яна перасялілася сюды з суседняй вёскі, у якой пражыла сваё нялёгкае жыццё.

Хвіліны сустрэчы былі вельмі радасныя. З лёгкасцю на душы я ступаю на парог вялікай хаты. Спакой і цішыня пануюць тут. Толькі стары гадзіннік на сцяне – сведка даўніх падзей – нястомна працуе.

– Ці будзеш вячэраць, Насцечка?

Гэтыя звыклыя словы адарвалі мой погляд ад гадзінніка. Я абярнулася. Яшчэ не пачуўшы майго адказу, бабуля ўжо нетаропка ставіла на стол смачную ежу. І калі гэта васьмідзесяціпяцігадовая жанчына паспела столькі прыгатаваць? Так, ёй, маёй бабулі (дакладней, прабабулі) ужо восемдзесят пяць! Нямала. Але яна ўвесь час нешта робіць, завіхаецца то на двары, то ў хаце каля печы.

Я села за стол. Паблізу ад мяне прымасцілася і бабуля. Яна пачала запытваць мяне пра вучобу ў школе, пра сябровак, але потым нечакана змоўкла і прыслухалася. Па радыё гучала песня ў выкананні «Песняроў». Мелодыя расплывалася па пакоі.

Заповедный напев, заповедная даль,

Свет хрустальной зари,

Свет, над миром встающий,

Мне понятна твоя вековая печаль,

Беловежская пуща, Беловежская пуща...

Бабуліны вочы заслязіліся. Шмат разоў я бачыла, як бабуля прыслухоўваецца да песень, але так, як гэты раз, – ніколі.

– Ну што здарылася, даражэнькая? – запытала я ласкава.

Бабуля засмуцілася. Цяжка ўздыхнуўшы, яна палажыла на стол свае натруджаныя за дзень рукі. Тыя, якімі дапамагала сваёй матулі, расціла дзяцей, гадавала ўнукаў, трымала і мяне, праўнучку, маленькую. Я ведала, што жыццё не песціла бабулю. Зведала і нямецкі палон, і цяжкую працу, і голад. Але што за сакрэт хаваўся ў тых радках, што так узрушылі старую? І яна не вытрымала. Расказала. Яе аповед вельмі здзівіў і ўзрушыў мяне. Чаму я не ведала гэтага раней?

Словы бабулі былі пра майго дзеда – Лужкова Мікалая Мяфодзьевіча.

«Ён вельмі мужны чалавек», – так заўсёды паўтарае бабуля. А яна няпраўду казаць не будзе, бо ведае дзядулю, свайго мужа, амаль з маленства.

У пачатку вайны дзед трапiў у нямецкі палон, але хутка адтуль збег, пераплыўшы ў сакавіку раку Одэр. Трапіў у партызанскі атрад. Нейкі час заданняў яму не давалі, правяралі на вернасць савецкай уладзе. Партызанскі атрад быў размешчаны ў Белавежскай пушчы. Праз некаторы час дзед Мікола стаў выконваць загады камандзіра. Ваяваў ён смела і бясстрашна. З 16 сакавіка 1943 года па 10 ліпеня 1944 года быў у саставе атрада «Бальшавік» брыгады імя І. Сталіна. За баявыя заслугі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі дзядуля ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны», медалём Г. Жукава. Частка дзядулевага жыцця прайшла менавіта там, у Белавежскай пушчы. Вось чаму слязіліся бабуліны вочы! Нават ужо пасля смерці дзеда яна так шкадавала яго.

У 1945 годзе яны сустрэліся зноў. Сустрэліся, каб разам быць усё жыццё. Пасля вайны дзед закончыў Гродненскую партыйную школу, працаваў старшынёй Жалудокскага сельсавета, а ў 1946 годзе вярнуўся ў родную вёску Камінтэрн Палыкавіцкага сельскага савета, дзе і пражыў усё жыццё...

Пачуўшы расказ бабулi, я здівілася. Некалькі гадоў запар я прыношу на Радаўніцу кветкі дзеду на магілку, а пра Белавежскую пушчу нічога не ведала...

Сёння ў Мікалаеўку прыязджаюць дзеці і ўнукі, прыязджаюць да родных. Што цягне сюды мяне? Бусліны палёт, шырокі луг каля Дняпра, стары гадзіннік на сцяне ці гэтыя шчырыя ўспаміны, сагрэтыя болем, каханнем і надзеяй? Іду па шашы і ціхенька спяваю простыя радкі, якія пачула аднойчы тут. Гэтыя радкі я ведаю ўжо добра, бо на маёй паліцы побач з дыскамі замежных выканаўцаў сціпла прымасціліся «Песняры». Яны нагадваюць мне заўсёды пра яго, смелага дзядулю Міколу, пра ўсіх, хто бачыў тую страшную вайну, хто яе перажыў.

Разрываючы спрадведчую цішыню Мікалаеўкі, гучаць радкі:

Мне понятна твоя вековая печаль...