Несцярэнка Алла

Касцюковіцкі раён

персоналия:

Станавы Мікалай Мікалаевіч

У кожнай сям’і ёсць абавязкова альбом, дзе захоўваецца памяць пра родных. 3 фотакартак глядзяць шчаслівыя людзі, свецяцца шчырым светам вочы дарагіх людзей. А яшчэ мне падабаецца даўняя вясковая завядзёнка – вешаць фотаздымкі ў рамках на сцены хаты. Сярод усіх здымкаў ёсць такія, якія бабулі і дзядулі аберагаюць як зрэнку вока. Гэта фотаздымкі ваеннай пары.

У маёй бабулі быў дзядзька. Гэты чалавек мне ўжо прыходзіцца стрыечным дзедам. Звалі яго Станавы Мікалай Мікалаевіч. Яго фотаздымкі з ваенных часоў я знайшла якраз у такой рамцы, што вісіць у бабулінай чыстай, як яна называе, палавіне хаты. 3 фота глядзіць юнак. Прыгожы авал твару, адкрытыя, чыстыя вочы. Ва ўсім абліччы – сур’ёзнасць, спакой, упэўненасць. Калі я пачала распытваць бабулю, то аказалася, што гэты чалавек прайшоў усю вайну, перажыў асабістую трагедыю, пакінуў след у жыцці маіх аднавяскоўцаў.

М. М. Станавы нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Мурын Бор. Яго бацькі былі простымі сялянамі. Сталенне юнака прыпала на актыўную пару нашага грамадства: ствараліся калгасы, адкрываліся школы. Кожны тады знаходзіў сваю дарогу ў жыцці. Мікалай Мікалаевіч пасля заканчэння школы быў прызваны ў армію. Там ён абраў для сябе прафесію ваеннага. 3 фотаздымка ад студзеня 1941 года глядзіць на нас малады лейтэнант. Да вайны Мікалай Мікалаевіч ажаніўся, у сям’і нарадзілася дачка. Перад самай ваеннай навалай маладая сям’я пераехала з горада Арла ў Беларусь, пад Мінск.

Мікалай Мікалаевіч з першых дзён вайны апынуўся на фронце. Перажыў цяжкае адступленне нашых войск. I ўжо на фронце ад аднавяскоўцаў атрымаў паведамленне, што яго жонка і дачка былі спалены немцамі.

Уласнае гора трацілася ў горы народным. М. М. Станавы ўдзельнічаў у абароне Масквы і Ленінграда. Каля горада Ціхвін у 1943 годзе атрымаў цяжкае раненне. Апынуўся ў шпіталі ў горадзе Маскве, і там лёс падарыў яму незвычайную падзею. Мікалай Мікалаевіч пазнаёміўся з медыцынскай сястрой Клаўдзіяй Іванаўнай. Потым, ужо пасля вайны, гэта знаёмства перарасце ў моцныя пачуцці, у іх будзе сям’я. А пакуль ішла вайна, толькі з акуратнага запісу на фотаздымку мы даведваемся, што пасля шпіталя Мікалай Мікалаевіч зноў апынуўся на фронце.

Першым пунктам абароны пасля лячэння была Ладага. Пасля баёў за вызваленне Ленінграда з блакады М. М. Станавы ўдзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, меў узнагароды за вызваленне Выбарга, Кенігсберга. Вызваляў са сваім атрадам Варшаву, Прагу. Дайшоў да Берліна. Мой дзед сапраўды быў героем, бо за вайну ён атрымаў 8 баявых узнагарод.

У 1945 годзе Мікалай Мікалаевіч скончыў свой ваенны шлях. Пачыналася мірнае жыццё. У вёску Мурын Бор ён вярнуўся са сваёй жонкай Клаўдзіяй Іванаўнай і працаваў у школе настаўнікам фізкультуры і ваенруком да 1973 года. 28 год аддаў педагагічнай справе. Яго жонка працавала фельдшарам. Усе вучні любілі Мікалая Мікалаевіча за дабрыню. Калегі ўспамінаюць яго як інтэлігентнага, разумнага чалавека. За парадай або дапамогай заўсёды ішлі да Станавых.

У Станавых нарадзілася двое сыноў. Малодшы – Святаслаў Мікалаевіч – скончыў Ленінградскую школу Міністэрства Унутраных спраў СССР, Пскоўскі педагагічны інстытут імя Кірава. Мае званне палкоўніка міліцыі.

У маёй сям’і многа выдатных, здольных людзей. Ёсць калгаснікі, рабочыя, настаўнікі, ваенныя. Але сапраўдным героем, на якога трэба раўняцца, я лічу свайго стрыечнага дзеда Станавога Мікалая Мікалаевіча. Я ганаруся, што ў мяне такі мужны продак.

Фотаздымкі ваеннай пары я буду ашчадна аберагаць. Гэта памяць майго роду. Гэта памяць маёй зямлі, над якой зараз мірнае неба.