Драздова Яна

Дрыбінскі раён

персоналия:

Цімашэнка Паліна

«Подзвіг партызынскай разведчыцы»

9 Мая 2015 года наша краіна ў 70 раз будзе сустракаць Дзень Перамогі – самае галоўнае свята, якое хвалюе ўсіх нас. Захапляючыся подзвігамі нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, я шмат перачытала кніг, паглядзела кінафільмаў.

Неаднаразова я слухала суседскую бабулю, якая перасялілася з Краснапольскага раёна і на Дрыбіншчыне знайшла сваю другую радзіму.

Вось нядаўна я прыбегла да бабулі Ганны і папрасіла яе расказаць што-небудзь аб той страшнай вайне, якую я толькі ведаю па кнігах ды кінафільмах. У бабы Ганны слёзы бліснулі ў вачах. Не можа яна без слёз расказваць аб тых жудасных днях. Яна прысела на ўслончык і сказала: «Ты, дзіцятка, не ведаешь вайны.. Я і сама была яшчэ падлеткам, але ўсё помню. І дай Божа, каб яна ніколі не паўтаралася. Колькі жыццяў яна забрала».

І вось яна пачала расказваць пра дзяўчынку з іх вёскі. Вельмі прыгожае ў яе імя – Поля, Паліна! Так называлі яе бацькі і суседзі. Што такое вайна, Паліна Цімашэнка зразумела не тады, калі ўбачыла нямецкія самалеты з чорнымі крыжамі, якія пікіравалі над яе вёскай Горкі, што знаходзіцца ў прыгожым маляўнічым куточку далёкай Краснапольшчыны, і нават не тады, калі на бальшаку рваліся бомбы.

Што такое вайна, Паліна зразумела пазней, калі на ўсход ішлі бежанцы, калі ў яе родную вёску прыйшлі немцы і сталі наводзіць «новы парадак».

І з таго часу яна цвёрда рашыла змагацца. Яна добра разумела, што калі Радзіма ў небяспецы, сядзець і чакаць не прыходзіцца – трэба яе абараняць. Перад самай вайной Паліна скончыла сямігодку, уступіла ў камсамол.

У чэрвені 1942 г. на Краснапольшчыне стварыўся партызанскі атрад. Паліне ўдалося ўстанавіць з ім сувязь. Яна стала партызанкай. Бясстрашная дзяўчына здабывала каштоўныя звесткі аб варожых гарнізонах, аб дзеяннях нямецкіх улад. Партызаны з задавальненнем бралі яе на баявыя аперацыі атрада, бо ведалі, што юная партызанка ніколі не падвядзе. А калі камандаванню партызанскага атрада неабходны былі дакладныя звесткі аб сіле фашыстаў, іх узбраенні ў г.п. Краснаполле, Паліна сказала: «Гэта зраблю я».

Пад выглядам абмену яек на соль і мыла яна пабывала ля камендатуры, заглянула ў двор, дзе быў размешчан варожы гарнізон. Паліна зразумела, што немцы рыхтуюцца да нейкай аперацыі. Вяртаючыся на базу, дзяўчына рашыла крыху адпачыць у в. Беразякі, дзе сустрэлася з другімі разведчыкамі.

У Беразяках у той час знаходзіўся карны атрад гітлераўцаў. З дапамогай мясцовых паліцаяў немцы вышуквалі сем’і партызан і актывістаў. Паліна падумала, што пад выглядам мясцовай сялянкі пройдзе з граблямі на вуліцу, нібы з сенакосу, лепей разбярэцца ў абстаноўцы. Але здарылася непрадбачанае. Сярод карнікаў аказаўся паліцай, які яе добра ведаў.

– Вось яна – партызанка, – закрычаў ён. – Трымайце яе. Гэта разведчыца...

Паліну злавілі, даставілі ў камендатуру. Допыт вёў немец. Паліна не адмаўлялася, што яна партызанка. Яе жорстка білі. Потым яшчэ і яшчэ, пакуль не траціла прытомнасць, аблівалі вадой і зноў білі. Але дзяўчынка маўчала. Яе кінулі ў халодны склеп. Зноў допыт, зноў пабоі. У Паліны патрабавалі назваць месца, дзе знаходзіцца партызанская база, абяцалі нават выпусціць на волю. Але ад патрыёткі не пачулі ніводнага слова.

Страшэнна збітую, яе адправілі ў Струменск Кармянскага раёна. Там размяшчаўся штаб карнікаў. І зноў быў допыт. І зноў яе білі. І тут мужная дзяўчынка нікога не выдала.

Немцы былі ў лютасці. Яе спаласавалі нажамі, выразалі грудзі. На світанні перастала біцца сэрца мужнай патрыёткі...

Бабуля змоўкла. У мяне і ў старой Ганны вочы былі чырвоныя ад слёз. Паліна паўтарыла гераічны подзвіг Зоі Касмадзям’янскай.

Для яе надышоў час бессмяротнасці.