Абуховіч Піліп Казімір (?-1656 рр.) — смаленскі ваявода, знаўца старажытных моваў і адзін з лепшых прамоўцаў у Рэчы Паспалітай. Паходзіў з роду мазырскай шляхты, якая асела на Наваградчыне. З 1648 р. — маршалак кола рыцарскага, затым — пісар Вялікага Княства Літоўскага. У 1653 р. за вялікія заслугі перад Айчынай кароль і вялікі князь прызначыў яго ваяводам у Смаленск. Пасля капітуляцыі Смаленска ў верасні 1654 р. Абуховіч быў абвінавачаны ў здрадзе, у змове з непрыяцелем. Вясной 1655 р. ён мусіў адказваць за "здраду" перад судом на Варшаўскім сойме. Дзякуючы заступніцтву караля і Сапегаў разгляд справы быў адкладзены, і Абуховіч атрымаў магчымасць паслужыць Айчыне. Ён браў удзел у пераможнай бітве са шведамі пад Варшавай, а затым, узначаліўшы полк з дывізіі Паўла Сапегі, прыйшоў пад Берасце, аднак тут захварэў і 6 верасня 1656 р. памёр. Толькі надзвычайны сойм у 1658 р. разглядзеў справу Абуховіча і цалкам зняў віну за страту Смаленска з яго ды іншых абаронцаў фартэцыі. Абуховіч Піліп Казімір (каля 1600-1656) — уласнага герба «Абуховіч», з мазырскай шляхты, сын мазырскага суддзі Фёдара. Войскі мазырскі, пісар вялікі ВКЛ, ваявода віцебскі і смаленскі. Палкоўнік войска ВКЛ. Пачаў ваенную службу каралеўскім ротмістрам. Змагаўся з казакамі Багдана Хмяльніцкага ў Малдове. У якасці вялікага пасла ў 1651 годзе накіраваны ў Маскву, дзе заключыў антытатарскі саюз з маскоўскім гасударом Аляксеем Міхайлавічам. Удзельнічаў у Жванецкай аперацыі ва Украіне (верасень — снежань 1653 года) [5]. Напачатку Трынаццацігадовай вайны з Расіяй (1654-1667) узначаліў абарону Смаленска. За кароткія тэрміны, пры ўсіх цяжкасцях узаемаадносінаў з мясцовай шляхтай, якая не жадала падпарадкоўвацца новаму смаленскаму ваяводзе [1, с. 49], здолеў узмацніць гарадскія абарончыя ўмацаванні і падрыхтаваць гарнізон да працяглай абароны. Пасля чатырохмесячнай аблогі 60-тысячным расійскім войскам, вымушаны здаць горад. Грамадствам быў абвінавачаны ў здрадзе [1, с. 56]. Атрымаў магчымасць апраўдаць свой гонар у баі. Узначаліў атрады ВКЛ, што вызвалялі ад шведаў Варшаву. На чале палка дывізіі Паўла Яна Сапегі з баямі дайшоў да Берасця, дзе памёр ад хваробы. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў [9] (храм не захаваўся). Пакінуў дыярыуш і запіскі пра абарону Смаленска. На надзвычайным сойме 1658 года прызнаны невінаватым у здачы горада. Абуховіч Міхал Леў (каля 1630-1668) — уласнага герба «Абуховіч», з мазырскай шляхты, сын Піліпа Казіміра. Падкаморы мазырскі і новагародскі, стражнік ВКЛ, палкоўнік войска ВКЛ. Удзельнічаў у баях са шведамі за Варшаву (1656). Пасля раптоўнай смерці бацькі стаў камандзірам яго палка. На Берасцейшчыне ваяваў з атрадамі маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Камандаваў буйным кавалерыйскім атрадам, які складаўся з трынаццаці харугваў (восем казацкіх і пяць драгунскіх) [2, с. 128-129]. У пачатку 1660 года падчас жорсткага боя пад Малеччу быў паранены і трапіў у палон. Адпраўлены ў Маскву. Праз два гады абменены на шэсць расійскіх ваяводаў [13]. Вярнуўся ў войска ВКЛ. У 1664 годзе на чале свайго палка ўдзельнічаў у выправе на Северскую зямлю. Напісаў успаміны пра маскоўскі палон. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў побач з бацькам (храм не захаваўся). |
РОДОВОДИ ШЛЯХТИ > О >